ДЗЕДАВІЦА

ТАЯМНІЦЫ ВЯНКА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ТАЯМНІЦЫ ВЯНКА

    Вянок -- абавязковы атрыбут рытуальнага аздаблення, элемент традыцыйнага адзення як жанчын, так і мужчын. Яго выраблялі з розных раслін (траў, калосся, кветак), хвоі, паперы, рознакаляровых стужак і г. д. З цягам часу вянок стаў сімвалічным галаўным уборам незамужніх дзяўчат. На Беларусі дзяўчатам надзявалі вянок, пачынаючы з 10 гадоў. Часам яго выкарыстоўвалі як упрыгажэнне людзей, жывёлы, некаторых абрадавых рэчаў, пабудоў, напрыклад, хаты, калодзежа, варот.

    У той жа час вянок заўсёды выступаў абярэгам ад нячыстай сілы і розных няшчасцяў. Па-першае, ён паўтараў форму кола. Па-другое, -- расліны і рэчы, напрыклад, каласы пшаніцы, заўсёды зялёная елка, часнок, чырвоная нітка ці стужка надзялялі яго дадатковым ахоўнымі якасцямі. Па-трэцяе, сам выраб вянка (пляценне) сімвалізаваў гарманічнае аб’яднанне (паяднанне) спецыяльна прыгатаваных раслін і рэчаў у адзінае цэлае.

    Вянок меў надзвычай глыбокую сімволіку -- гэта было ўвасабленне Вялікага касмічнага шляху (Гусінай дарогі), у які паслядоўна былі ўплецены нябесныя сузор’і, а галава дзяўчына было ўвасабленнем Сонца, вакол якога і кружыў гэты карагод. Цнатлівая дзяўчына адзявала на сябе вянок і тым самым стымулявала “кружэнне” або заляцанне вакол сябе вясковых хлопцаў. Так кожнае чарговае паўтарэнне веснавых або летніх абрадаў выводзіла на пярэдні план жыцця новае пакаленне прадаўжальнікаў чалавечага роду.

    Вянок (обад, абруч, карона) у культуры шматлікіх краін свету сімвалізаваў перавагу, веліч або ганаровае становішча. Вянок, дзякуючы роднаснасці з сімволікай круга, таксама атрымаў значэнне даўгавечнасці. У хрысціянскай культуры вянок з’яўляўся знакам перамогі над грахом, над цемрай бязвер’я. Вянок у народнай культуры асацыіраваўся з гонарам, славай, ганаровым завяршэннем справы, пасля якога чакалі ўзнагароды.

    Нездарма гаварылі: “Канец -- усёй справе вянец” або так: “Справа ўвянчалася поспехам”. Даўней пра тых, хто загінуў за радзіму або веру, казалі, што “ён прыняў пакутніцкі вянец”. Венцаноснай звалі каранаваную асобу або імператара (цара). Венчанай (абвенчанай, звенчанай) называлі шлюбную пару, над якой у царкве быў праведзены абрад вянчання.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=25591

    Пахавальны вянок: жыццё і смерць заўсёды крочаць побач, славяне здавён плялі вянкі з траў, кветак, хвойных раслін тым, хто адыходзіў у іншы свет, свет продкаў. Летам у пахавальным вянку былі пераважна жывыя кветкі і травы, зімой -- хвойныя расліны, засушаныя травы, папяровыя кветкі, стужкі. Звычайна, плялі два вянкі: адзін надзявалі на галаву нябожчыку, другі клалі ў труну да моманту пахавання і потым пакідалі на могілках (гэта старажытная традыцыя існуе і сёння), павязваючы на надмагільны крыж.

    Вясельны вянок: як адзін з галоўных вызначальных атрыбутаў вянок выкарыстоўваецца і ў вясельнай абраднасці. Вянок нявесты стаў сімвалам яе дзявоцкасці, цнатлівасці. Замужнія жанчыны вянкоў не насілі, не надзявалі на галаву вянкоў і тыя жанчыны, якія бралі шлюб другі раз. Не мела права надзяваць вянок на вяселлі тая дзяўчына, якая страціла цнатлівасць да замужжа. У народзе так і казалі “Згубіла (або страціла) свой вянок”. Вясельны вянок плялі як з жывых, так і са штучных кветак (папяровых, зробленых з накрухмаленай тканіны), упрыгожвалі рознакаляровымі, пераважна чырвонымі стужкамі.

    Звычайна, вянкі плялі напярэдадні вяселля сяброўкі нявесты ці “маладухі” (маладыя жанчыны, якія ў гэтым годзе выйшлі замуж), суправаджаючы працэс спецыяльнымі абрадавымі песнямі. У некаторых рэгіёнах вянок замянялі абручом, каронай, упрыгожанай бісерам, павязкай, стужкай вакол галавы. Вянок, які меў форму круга, пакідаў адкрытай толькі цемянную частку галавы. Таму спачатку галаву накрывалі спецыяльнай “тонкабранай тканінай”або “вэлюмам”, а потым надзявалі вянок.

    Такім чынам, вянок з фатой на сённяшні дзень утвараюць адзіны галаўны ўбор нявесты. Але, перш чым апрануць вянок на галаву нявесты, паўсюдна праводзілі абрад, калі дзявочую касу распляталі і запляталі дзве касы, якія таксама ўказвалі на новы статус нявесты. Прычым жаніх і яго дружына павінны былі “выкупіць” касу нявесты ў брата ці іншых яе сваякоў. Звычайна, усе гэтыя дзеянні праводзіліся напярэдадні вяселля. На Гомельшчыне вянок нявесце надзявалі у час выпечкі вясельнага каравая, каб цеста ўзнялося як мага вышэй. У час вяселля надыходзіў пэўны момант, калі з галавы нявесты здымалі вянок -- сімвал дзявоцкасці, і надзявалі (павязвалі) галаўны ўбор замужняй жанчыны -- хустку.

    Трэба адзначыць, што ў залежнасці ад рэгіянальных традыцый і звычаяў, вянок з галавы нявесты здымалі перад першай шлюбнай ноччу, пасля яе, пасля падзелу вясельнага каравая ў хаце жаніха. Часцей за ўсё гэта рабілі жанчыны, звычайна свякроўка, у паўднёвых рэгіёнах -- мужчыны (свёкар, кум, сват, дзевер). Затым зноў-такі сват ці шафер мералі вянок незамужнім дзяўчатам. Лічылася, якая з дзяўчат першай пасля нявесты надзене яе вянок, тая раней за астатніх возьме шлюб.

    Таму строга прытрымліваліся традыцыі, каб першай вянок надзела старшая шаферка, а затым астатнія дзяўчаты ў адпаведнасці з узростам, заканчваючы самай малодшай: “Пасля таго, як вянок завяршыў “круг”, яго вярталі маладым і вешалі над іх галовамі -- у “чырвоным” куце.

    Але і пасля вяселля рытуальныя дзеянні з удзелам вясельнага вянка і фаты не заканчваліся: вясельны вянок клалі пад пярыну ў першую шлюбную ноч ці зашывалі ў падушку нявесты; распляталі яго стужкі і кветкі і ўпрыгожвалі імі абразы ў “чырвоным” куце.У некаторых рэгіёнах лічылі самым лепшым месцам для захавання вясельнага вянка -- на гарышчы, пад каньком, каб поспех і дабрабыт не пакідалі хату. Акрамя гэтага, лічылася, што ў хату, дзе берагуць і шануюць вясельны вянок, ніколі не трапіць маланка.

    Вясельны вянок вельмі часта выкарыстоўвалі ў лекавых і магічных мэтах. У час хваробы дзіцяці, пры лячэнні спалохаў, сурокаў, вянок клалі ў калыску, а дзіця на час сну накрывалі фатой. Стужкамі ці ніцямі вясельнага вянка перавязвалі ручкі і ножкі дзіцяці, калі яно пакутавала ад сударгі. Праз вясельны вянок даілі хворую карову ці казу. Невялікія фрагменты вясельнага вянка (кветачкі, стужкі) маці зашывала сыну ў адзенне або рабіла з іх амулет, калі таго забіралі ў войска. Праз вясельны вянок маці мыла і дачку, каб тая ўдала выйшла замуж.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=25675

     У структуры пераважнай большасці рытуальна-абрадавых комплексаў прыметнае месца займаюць варожбы моладзі аб сваёй далейшай долі.

    Звычайна гэта бывае ў дні зімовага і летняга сонцастаяння або веснавога і асенняга раўнадзенства, г. зн. у дні свое-асаблівых часавых разрываў, якія распачыналі новы сегмент каляндарнага колазвароту. Значна радзей моладзь варажыла ў іншыя святы, асабліва ў тыя, якія мелі пераходны характар.

    Прычым па форме і методыцы правядзення варожбы былі даволі разнастайныя. Напрыклад, сітуатыўна-рэчавыя: узяць бярэмя дроў і палічыць колькасць паленцаў; кінуць камень у ваду і слухаць, з якім шумам ён упадзе; у цемры ў лазні памацаць сцяну: калі рука натрапіць на мох, то суджаны будзе багаты (валахаты, маладых таму і садзілі на кажух, каб былі багатымі, у тым ліку і на дзяцей).

    У якасці аб’екта варажбы мог стаць галоўны атрыбут таго ці іншага свята. Калі дым ад патушанай свечкі на восеньскія Дзяды будзе віцца ўгару або пацягне ў чырвоны кут, то, лічылася, сям’я на працягу наступнага года застанецца ў поўным складзе, калі ж дым пацягнецца да дзвярэй, гэта прадказвала хуткую бяду ў доме. Галоўным атрыбутам варожбаў канечне ж з’яўляліся сплеценыя вянкі. Заўважым, што існавала два варыянты дзявочых варожбаў. Адзін з іх датычыўся далейшага стану вянка.

    У аснове гэтага варыянта ляжала адно з культурафарміруючых процістаянняў Жыцця і Смерці. Жывы (жыццё) — рухомы, прыгожы, чырвоны, здаровы, дужы, вясёлы, квітнеючы, прывабны. Нежывы (смерць) — збялеў, пасінеў, счарнеў, скруціўся, зморшчыўся, завяў, асунуўся, зрабіўся нерухомым. На Тройцу дзяўчаты завівалі вянкі, а праз тыдзень прыходзілі і глядзелі, у якім стане яны знаходзяцца: “Гадалі на іх: чый вянок праз нядзелю вясёлы — будзе жыць. А бывае, і ссохнець — то тая дзяўчына ці жанчына памрэць”.

    “Пара — малец і дзеўка, напрымер. Загадаець дзеўка: ці выйду я замуж за сужанага свайго? Ідзець дзяўчына к бярёзке, завіваець яе і гаворыць: “Суженый, ряженый, еслі мая судзьба с табой сыйсцісь, то пусць эта звязанае астанецца, а еслі мы разыйдземася, пусць эці ветачкі разыйдуцца”.

    Другі варыянт варожбы быў у большай ступені звязаны з купальскімі святкаваннямі. Дзяўчаты плялі як мінімум два вянкі (на сябе і на свайго хлопца), а маглі — і болей, калі хацелі паваражыць адразу на некалькі чалавек. Важная акалічнасць: спачатку кожны вянок дзяўчына надзявала сабе на галаву, а потым ішла да вады (рэчка, возера, сажалка) і пускала на яе: “Вянкі вілі дзеўкі на Тройцу і пушчалі ў сажалку. Вілі на сябе і на мальцаў, за каго ўжо хацела дзеўка пайсці замуж.

    А назаўтра ішлі і глядзелі, куды вянок прыплыў, да “вянка” якога мальца. Загадвалі не на аднаго мальца, а на двух, трох і пазначалі кожны вянок”. Пры гэтым прытрымліваліся абавязковага правіла, характэрнага для пераважнай большасці варожбаў: як толькі вянок апусцяць на ваду, дзяўчаты збіраліся і ішлі дадому, па дарозе ні з кім не гаварылі.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=25779




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz