ДЗЕДАВІЦА

ПОЛЕ, ЛУГ, НІВА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ПОЛЕ, ЛУГ, НІВА

    Элементы ландшафтавага кода традыцыйнай беларускай мадэлі свету, месцы безумоўна асвоеныя, іх значны станоўчы патэнцыял абумоўлены актыўнай прысутнасцю чалавека, яго працай і гаспадарчай дзейнасцю. Гэтыя элементы ландшафту дэманструюць і шчыльную знітаванасць прасторы і часу, калі тэмпаральныя паняцці выражаюцца праз адзінкі прасторы.

    Так, у беларускай прыказцы: “На вяку як на доўгай ніве: зелля якога хочаш” – чалавечае жыццё сімвалічна прыпадабняецца ніве, узгадаем і вядомае “Жыццё пражыць – не поле перайсці”. Наагул лексема “поле” ў свядомасці беларусаў ужываецца не толькі ў саім наўпростым значэнні, але ўваходзіць у шэраг абазначэнняў абстрактных ідэй і паняццяў.

    Праз вобраз П. перадаецца ідэя свайго, блізкага – “Эх ты, Аўдоля, не нашага поля” – і нават сімвалізуюцца псіхічныя здольнасці чалавека: “сыходзіць з поля” – “станавіцца псіхічна хворым”. П. надзяляецца жаночай сімволікай (параўн. “Ці табе мілей за жану сцяна?”). І ўсё ж прасторавая аддаленасць П. надавала яму пэўныя рысы калі не варожасці, то чужасці, ва ўсякім выпадку бясспрэчная памежнасць, медыятыўнасць П., бо за ім пачынаецца прастора іншасвету.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary?alpha=&authenticity_token=7ac738a48b166025e45f6b2c67b725bd415bc85e&page=1

    ПОЛЕ

    Поле — бязлесная раўніна — месца дзеяння як людзей, так і шматлікіх Духаў і Багоў. Чалавек арэ ўчасткі зямлі каб пасеяць жыта, лён. Межы, якія ён робіць паміж палямі, перашкаджаюць Духам перамяшчацца па зямлі. Калі навальніца заспее ў полі, то трэба аддаляцца ад межаў і барознаў, бо па іх звычайна бягуць, ратуючыся ад перуноў, Нядобрыя Духі, замест якіх можа быць забіты непрадбачлівы чалавек.

    Нельга класці дзяцей падчас жніва на мяжы, бо Падвей можа ліхім ветрам падвеяць або Нядобры Дух падменіць дзіця. Падчас жніва ці якой іншай работы ў полі лепш класці дзяцей спаць у лён, калі ён блізка расце, бо тады ні Падвей падвеяць не здолее, ні злы чалавек — урачы. Добра таксама класці дзяцей спаць у пшаніцы, бо і да яе Нядобрыя Духі не маюць подступу.

    Поле не толькі корміць беларуса, яно дае яму травы і кветкі, без якіх не абысціся і простаму чалавеку, і чарадзею, ды і злодзеі іх скарыстоўваюць. На Купалле дзяўчаты, нацешыўшыся скокамі, рассыпаюцца па лесе ці полі шукаць вешчыя, лекавыя травы. Звычайна гэтых траў набіраюць да дзевяці гатункаў: медуніца, купальніца, росічкі, буковіцы, браткі, расходнік, васілёк, піжма. Іх берагуць увесь год. Імі абкурваюць дзяцей ад хваробы і ліхога вока, яны ратуюць ад навальніцы і іншых напасцяў.

    Расце недзе ў полі зелле шчасця — Пералёт-трава. Расказваюць пра яе, што яна здольная пераносіцца з месца на месца. Кветка яе з колераў вясёлкі, надзвычай жывая і прыгожая, а ў сваім начным палёце блішчыць, нібы зорка. Шчаслівы той, хто яе сарве, бо не зазнае ён перашкодаў у сваім жыцці, усе яго жаданні збудуцца.

    Але ў пагоні за ёю не адзін беларус збіўся з дарогі і не вярнуўся да сваей роднай хаты. Ёсць такая трава, што дзівосна ўздзейнічае на жалеза: рве ланцугі, адчыняе любыя замкі. Калі каса натрапіць на яе на лузе ў час сенакосу, дык расколецца на некалькі частак. Трава гэтая такую моц мае, што супраць вады плыве. Завецца яна Разрыў-трава. Ведаюць яе толькі вешчыя птушкі, напрыклад сарока, сава і сойка, і некаторыя жывёлы. Таму здабываюць яе людзі своеасаблівым спосабам.

    Знайшоўшы гняздо з птушанятамі адной з вешчых птушак, трэба ў ім замазаць глінай адтуліну так, каб птушка не магла карміць сваіх дзяцей. Пад дрэвам, на якім звіта гняздо; трэба разаслаць абрус і самому схавацца пад ім. Пачуўшы піск галодных птушанят і імкнучыся вызваліць іх з няволі і накарміць, птушка паляціць шукаць Разрыў-траву. Здараецца, яна і знаходзіць яе.

    Тады прыкладвае Разрыў-траву да гнязда — і замазка спадае. Вось тут і трэба глядзець на абрус: ці не ўпала Разрыў-трава. Калі знойдзеш яе, разрэж далонь на правай руцэ і падсунь пад скуру траву. Тады варта толькі крануць гэтай рукой замкнутыя дзверы — яны адчыняцца, дастаткова толькі ўзяцца за замок — ён сам адамкнецца.

    Ведае Разрыў-траву і вожык, таму можна зрабіць і так. Знайшоўшы важанятак, трэба абгарадзіць іх калкамі, убіваючы густа ў зямлю. А вакол агароджы ачысціць зямлю ад травы і моху. Як вожык прыйдзе і ўбачыць, што яго дзеткі агароджаны, дык ён пойдзе шукаць Разрыў-траву, каб раскідаць тую загародку.

    Ён прыносіць вядомую яму траву і як толькі дакранецца ёю да загародкі, то калкі самі павылазяць з зямлі і разваляцца. Тады там, на чыстым месцы, трэба шукаць тое зелле. Хто гэтую траву знойдзе, няхай разрэжа на далоні скуру, пакладзе гэтую траву ў разрэз і перавяжа, каб зарасло. Тады як дакранешся тою рукою да замкнёнага замка, то ён сам адчыніцца.

    Каб быць добрым злодзеем, трэба зрабіць наступнае: знайшоўшы гняздо чарапахі, абгарадзіць яго калкамі так, каб чарапаха не магла прабрацца да сваіх яек. Чарапаха, убачыўшы свае гняздо абгароджаным і не маючы магчымасці да яго прабрацца, ідзе шукаць асаблівую траву. Знайшоўшы Разрыў-траву, чарапаха прыносіць яе да гнязда і кідае. У гэты час калкі самі сабою выпадаюць з зямлі і гняздо робіцца свабодным.

    Кінутую траву трэба падабраць, узяць з яе адно каліва і, разрэзаўшы палец, пакласці яе ў гэты разрэз ды завязаць палец. Калі палец загоіцца, ад аднаго толькі дакранання яго да замка замок развальваецца, і злодзей пранікае ў хату. Ёсць дзіўная трава, якую ведаюць толькі чарадзеі. Завецца яна Сон-трава.

    Калі насенне гэтай травы рассыпаць паблізу людзей, то ўсе на нейкі час паснуць як мёртвыя. Яе скарыстоўваюць злодзеі і чараўнікі дзеля сваіх нядобрых мэтаў. Наготкі, на думку палешукоў, надзелены ўласцівасцю не дапускаць перуноў, таму іх можна знайсці ў кожным агародзе.

    Шмат людзей вераць у тое, што перад бурай сярод наготак паяўляюцца агеньчыкі — зусім як маленькія бліскавіцы. Медуніца абараняе ад змей. Гэта трава з моцным пахам. Дзе расце медуніца, там змеі не водзяцца, адразу ўцякаюць

    Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/50.htm




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz