ДЗЕДАВІЦА

ПАГАНСТВА на СУМЕЖЖЫ ПАНЯМОНЬНЯ й ПАДЛЯШША ў СЯРЭДНЯВЕЧЧЫ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ПАГАНСТВА на СУМЕЖЖЫ ПАНЯМОНЬНЯ й ПАДЛЯШША ў СЯРЭДНЯВЕЧЧЫ

    Хоць афіцыйна хрысьціянства было прынятае на беларускіх землях у канцы Х стагодзьдзя, фактычна зьмена рэлігіі першапачаткова закранула толькі князёў, дружыну й частку гараджан. Сельскае насельніцтва яшчэ доўгі час, як сьведчаць археалягічныя матэрыялы й пісьмовыя зьвесткі, заставалася ў асноўнай сваёй масе паганскім і працэс яго хрысьціянізацыі расьцягнуўся на некалькі стагодзьдзяў. Асабліва доўгі час паганства захоўвалася ў зоне славяна-балцкіх кантактаў.

    Пасьля ўтварэньня Вялікага княства Літоўскага, у якім да Крэўскае вуніі 1385 г. афіцыйна захоўвалася паганства, ацалелыя паганския асяродкі на беларускіх землях павінны былі атрымаць магчымасьць легальнага існаваньня. Значную цікавасьць у пляне вывучэньня зьмены рэлігій на ўсходніх межах Падляшша ўяўляе зь сябе сьвяцілішча ля вёскі Верхаўляны Бераставіцкага раёну Гарадзенскае вобласьці, не далей як за 15 км ад сучаснае дзяржаўнае мяжы паміж Беларусьсю й Польшчай.

    Помнік яшчэ ў 1895 г. згадваўся ў „Археалягічнай мапе Гарадзенскае губерні” Ф. Пакроўскага, а ў 1973 г. дасьледаваўся Я. Зьвяругам, які склаў ягоны плян. У 1986 і 1996 гг. сьвяцілішча вывучалася аўтарам. Падчас дасьледаваньняў 1986 г. было ўсталявана, што паводле асаблівасьцяў будовы (малыя памеры пляцоўкі й разьмяшчэньне рову паміж валам і пляцоўкай) помнік не адрозьніваецца ад гарадзішчаў-сьвяцілішчаў Смаленшчыны й Паўночнае Букавіны.

    У тым жа годзе быў закладзены шурф памерамі 2 х 2 м у цэнтры пляцоўкі, а таксама тры шурфы ў рове (у паўднёвай, паўночнай і ўсходняй частках). У паўднёвым і ўсходнім шурфах на глыбіні з 0,35-0,40 м да 0,6 м на мацерыку залягала выбрукоўка з дробных і буйных камянёў. Гарадзішча-сьвяцілішча разьмешчана за 0,23 км на паўднёвы ўсход ад в. Верхаўляны, на марэнным узгорку, за 0,7 км на поўдзень ад месца, дзе з сажалкі выцякае ручай, адзін з прытокаў ракі Верацейкі, якая ўпадае ў Сьвіслач Нёманскую.

    Раней на месцы сажалкі была крыніца. Яшчэ да нядаўняга часу там ляжаў вялізны камень. Існавала павер’е, што калі прыняць гэты камень, дык крыніца разьліецца й затопіць вёску. Паводле легенды, у крыніцы аднойчы ўтапіўся сын ведзьмы. За гэта ведзьма заткнула крыніцу мяшком з воўнай. Аналёгіі гэтай легендзе вядомыя і ў іншых мясьцінах Беларусі.

    У в. Покрашава на Случчыне апавядаюць, што выток мясцовае рэчкі заваліла каменем ведзьма, што раззлавалася з-за сьмерці дачкі. У Поразаве Сьвіслацкага раёну апавядаюць, што ручай ля мястэчка высах, калі цыганка кінула ў яго выток жмут авечае воўны й загадала больш не цячы. Мясцовая назва сьвяцілішча — "Гарадзішча”.

    Паводле легенды, раней на ім стаяла царква, якая потым правалілася пад зямлю. За 0,5-0,7км на паўднёвы ўсход адтуль знаходзіцца поле, на якім асабліва часта (як лічаць мясцовыя жыхары) б’е ў час навальніцы пярун. "Гарадзішча” мае ў цэлым круглую форму. Пляцоўка дыяметрам каля 7 м абкружана амаль з усіх бакоў ровам, які ніжэй за яе на глыбіню ад 0,5 да 1,2 м, а ў паўночным рове нават больш 2 м. Вышыня валу адносна цэнтру пляцоўкі дасягае 1,6-2,9 м.

    Уваход на пляцоўку сьвяцілішча з паўночна-заходняга боку, дзе паніжэньне валу злучанае з пляцоўкай земляной перамычкай. Падобная перамычка ёсьць і з паўночна-ўсходняга краю пляцоўкі й вядзе да пашкоджанае часткі валу. Магчыма, гэтая перамычка больш позьняга паходжаньня й насыпаная за кошт паўночнае, найбольш шырокае й глыбокае часткі рову. У 1996 г. раскоп на пляцоўцы меў плошчу 88 кв. м і заходзіў на паўднёвы схіл, а некаторыя квадраты разьмяшчаліся ў рове.

    За 4 м на захад ад паўночна-заходняга куту гэтага раскопу, паблізу ад уваходу на сьвяцілішча была закладзеная прарэзка валу даўжынёй 8 м і шырынёй 2 м. З паўночнага ўсходу да прарэзкі валу былі прырэзаныя 4 квадраты й такім чынам утварыўся яшчэ адзін раскоп плошчай 32 кв. м. Таўшчыня культурнага пласту (разам зь дзёранам) у раскопе на пляцоўцы вагаецца ад 0,14 да 0,28 м, а ў сярэднім складае 0,20-0,22 м. На схіле пляцоўкі ён патанчаецца да 0,1 м, а ў рове дасягае 0,53 м. Культурны пласт складаецца з цёмна-шэрага да чорнага пяску.

    У паўночна-заходняй частцы раскопу ў культурным пласьце трапляюцца камяні-валуны дыяметрам 0,1-0,2 м. Там, дзе паўднёва-заходнія квадраты раскопу заходзяць у роў, у ніжняй частцы культурнага пласту залягае дробнае вугольле. Мацярык складаецца са светла-жоўтага супеску з дробнымі каменьчыкамі.

    Ля ўсходняе сьцежкі была расчышчаная частка ямы з памерамі вусьця 2,36 х 1,46 м, запоўненая культурным пластом на глыбіню да 0,78 м. У профіль яма закругленае формы, унутры яе ляжаць камяні дыяметрам ад 0,1 да 0,24 м і нават большыя. У пляне яна хутчэй за ўсё авальнае формы. Акрамя яе, у мацерыку раскопу на пляцоўцы было яшчэ 28 ям і ямак розных памераў, дыяметрам ад 0,1 да 1,74 м і глыбінёй ад 0,05 да 0,46 м.

    На пляцоўцы ў шэрагу месцаў разьмешчаныя выбрукоўкі з валунавых камянёў (найбольш выразна вылучаюцца тры выбрукоўкі). Дыяметар валуноў — ад 0,05-0,07 да 0,25-0,32 м. Таўшчыня культурнага пласту пад камянямі — каля 0,06-0,08 м. Адлегласьць паміж камянямі дасягае 0,15-0,20 м. Камяні ня маюць сьлядоў абпаленасьці. У рове суцэльнае выбрукоўкі, як пры шурфоўцы 1986 г., выявіць не ўдалося. Пры прарэзцы валу выявілася, што максімальная яго вышыня адносна мацерыка дасягае 1,76-1,80 м.

    На мацерыку прасочваецца прапластак пахаванае глебы (цёмна-шэрага гумусаванага пяску) магутнасьцю 0,04-0,06 м. Пры прарэзцы валу на глыбіні 0,2-0,6 м трапляліся фрагменты ганчарскае керамікі Х-XII ст.ст., што можа сьведчыць пра храналёгію падсыпкі валу. Усяго на пляцоўцы знойдзена 124 абломкі ганчарскае керамікі, у тым ліку 16 фрагментаў венчыкаў. З тых фрагментаў, якія паддаюцца датаваньню, 9 адносяцца да X-XI ст.ст., 7 — да XII ст., 2 абломкі — да XIV-XV ст.ст.і 2 фрагменты — да XVI — пач. XVII ст.ст.

    Кераміка больш позьніх стагодзьдзяў (прынамсі, венчыкі) адсутнічае цалкам. Пры раскопках сьвяцілішча выяўлена 319 крэмняў, пераважная частка іх без апрацоўкі. Некалькі дзясяткаў крэмняў — расколатыя. З прыладаў маюцца дзьве ножападобныя пласьцінкі, на канцы аднае зь іх — рэтушаваная выемка, таксама канцавы скрабок на адшчэпе, праколка, невялікі нуклеус, нуклепадобны адшчэп.

    Ёсьць два крэмні ад крэсіваў. Крэмні са сьлядамі апрацоўкі трапляліся й пры шурфоўцы 1986 года. Выкарыстанне архаічных рэчаў, у тым ліку крэмневых прыладаў — характэрная рыса сьвятароў многіх рэлігій. Як паведамляе літаратура, у яўрэяў да гэтага часу абразаньне робіцца крэмневым нажом. У цэлым крэмневыя прылады зь Верхаўлянскага сьвяцілішча досыць мезалітычныя паводле аблічча й, магчыма, былі прынесеныя туды аднекуль у часы сярэднявечча.

    З жалезных прыладаў на мацерыку знойдзеныя сярэднявечны чаранковы нож даўжынёй 13,9 см. Пераважна пры прарэзцы валу ці паблізу яго трапіліся 34 абломкі костак, якія належалі буйной і дробнай рагатай жывёле. За 8-10 м на захад ад узножжа сьвяцілішча быў закладзены шурф памерамі 2 х 2 м. Зьверху залягае цёмна-шэры глебавы пласт з гумусаванага пяску, таўшчыня якога разам зь дзёранам складае 0,22-0,32 м, ніжэй — культурны пласт (чорны гумусаваны пясок) магутнасьцю 0,3-0,4 м.

    Дзе-нідзе ў гэтым пласце прасочваюцца валунавыя камяні дыяметрам 0,18-0,25 м. На глыбіні 0,58-0,67 м ад дзённае паверхні пачынаецца мацярык (жоўты пясок). У шурфе знойдзеныя 13 абломкаў ганчарскае керамікі, у тым ліку 4 фрагменты венчыкаў. Адзін дробны абломак венчыку датуецца X-XI ст.ст., яшчэ два венчыкі й два абломкі сьценак — XVI-XVII ст.ст.

    Выяўлены таксама фрагмент крамянёвай сякеры.Такім чынам, дасьледаваны намі помнік з-за надзвычай малых памераў пляцоўкі й разьмяшчэньня рову паміж валам і пляцоўкай ня мог выкарыстоўвацца ў якасьці ўмацаванага паселішча, а бясспрэчна зьяўляўся паганскім сьвяцілішчам. Як культавы аб’ект сьвяцілішча выкарыстоўвалася зь X і да XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў. Такое доўгае захаваньне паганства, калі ў Гародні й Ваўкавыску, паміж якімі разьмешчаныя Верхаўляны, даўно зацьвердзілася хрысьціянства, не павінна зьдзіўляць...

    Крыніца: http://fotki.yandex.ru/users/izhota/view/138168/?page=2

    Фото 42 из 86 Паганскае капішча 10-17 стагодзьдзяў ля вёскі Верхаўляны Бераставіцкага раёну, што на Гарадзеншчыне (Беларусь) Назва фота - радок з паэмы Янкі Купалы "Курган"

    ЭДВАРД ЗАЙКОЎСКІ (Менск)




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz