ДЗЕДАВІЦА

АБРАДАВЫЯ АТРЫБУТЫ УПЛЫВАЮЦЬ НА ЛЁС ЧАЛАВЕКА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    АБРАДАВЫЯ АТРЫБУТЫ УПЛЫВАЮЦЬ НА ЛЁС ЧАЛАВЕКА

    Забытае? Новае? Вечнае! Ніна Іванаўна з Капыльскага раёна задае некалькi пытанняў:

    "1. Гадоў 20 таму нябожчык быў сфатаграфаваны з сям’ёй i роднымi. Што цяпер рабiць з гэтым фота?

    2. Пясок з магiлы да 40 дзён вельмi небяспечны, а што рабiць, калi iм выпадкова абсыпалi чалавека?

    3. Калi выносяць нябожчыка, то, кажуць, што трэба пасядзець на тым месцы, дзе стаяла труна, — здароўе паправiцца. Цi дзейнiчае гэта?"

    А вось Валянцiна Леанiдаўна пытаецца: "На Радаўнiцу мы павiнны былi сустрэцца з маiм дзядзькам, каб ён перадаў мне партрэт маёй памерлай мацi. Пакуль я ехала, партрэт стаяў на магiле дзве-тры гадзiны. Потым я забрала яго i павесiла дома на сцяне. Цi можна было так рабiць?" Узгаданыя вышэй пытаннi, а таксама многiя з тых, на якiя мы адказвалi i на якiя яшчэ будзем даваць адказы, пераконваюць нас у тым, што ў апошнiя два—тры дзесяцiгоддзi адбываецца вельмi складаны, часам балючы i супярэчлiвы працэс нашага пераасэнсавання той бязмежна багатай спадчыны, якая засталася нам ад далёкiх продкаў i якая называецца фальклорнай традыцыяй.

    Некалi гэта была складаная, гарманiчна зладжаная сiстэма, у якой цесна перапляталiся каштоўнасцi матэрыяльнай i нематэрыяльнай культуры. А знiтоўваў гэтыя два полюсы праяўлення таленту Чалавек, Асоба, Творца. Гаспадар i гаспадыня ўмелi ўзараць зямлю, пасеяць жыта-пшанiцу, сабраць ураджай, абмалацiць, змалоць, выпечы i будзённы блiн, i вясельны каравай. Увесь гэты штогадовы працэс быў скiраваны на тое, каб адлюстраваць уключанасць сям’i, гаспадаркi, нават кожнага чалавека паасобку ў прыродна-гаспадарчы цыкл жыцця.

    Праз пот i мазалi, праз боль натруджанай спiны, праз вечнае "паспець" следам за Сонцам, за прыроднымi рытмамi, чалавек успрымаў пах хлеба, скошанай травы, бляск адшараваных палавiц i... прыгажосць абноўленага перад Вялiкаднем чырвонага кута, статнасць сваёй дачкi, якая апранула на сябе вясельны строй. Мы ўжо колькi разоў гаварылi аб тым, што самай вялiкай тайнай нашай абрадавай практыкi з’яўляюцца ўзаемаадносiны памiж светам жывых i "светам" памерлых. А найперш (залатое правiла беларускай традыцыi) гэта абавязковае ахвярапрынашэнне тым, хто адышоў у Вечнасць.

    А тыя шматлiкiя рэгламентацыi, якiя датычацца нашага стаўлення да ўсiх прадметаў, рэчаў, што некалi належалi памерламу чалавеку, а таксама зоне "таго" свету — могiлкам... многiя з iх мы можам пракаментаваць толькi тымi словамi, якiя пачулi ад людзей сталага веку ў розных куточках Беларусi. Аднак даволi часта мы чулi кароткае: "Так трэба! А чаму — не ведаем!"

    Хоць трэба сказаць, што часцей за ўсё людзi ведаюць або маюць свой варыянт адказу на пытанне, але чамусьцi не хочуць дзялiцца iм з чужым чалавекам. Праўда, трэба памятаць, што традыцыя часцей за ўсё не патрабавала тлумачэння. Яе трэба было прытрымлiвацца, захоўваць, ахоўваць i перадаваць наступным пакаленням. Ну, скажыце, калi ласка, чаму пры сустрэчы трэба падаваць адно аднаму руку або здымаць шапку; навошта перад далёкай дарогай мы кажам: "З Богам!"; чаму перад святам трэба навесцi парадак у хаце?!

    Сёння мы нават не задумваемся аб гэтым — так патрабуе наша шматвяковая Традыцыя. Фотаздымак з’явiўся ў жыццi чалавека зусiм нядаўна, масава — не болей за 100 гадоў таму. Аднак мы ўжо назапасiлi пэўныя веды аб iм, разумеем, што фота ў значнай ступенi з’яўляецца не толькi фiзiчнай, але i энергетычнай "копiяй" чалавека. Сярод нас ёсць людзi, якiя па фотаздымку раскажуць пра лёс чалавека, пра яго здароўе, нават могуць пэўным чынам паўплываць на яго.

    А тое ж фота ў кантакце з магiлай памерлага — якi энергаабмен у гэты час адбываецца памiж двума ўвасабленнямi адной i той жа iстоты? У народнай культуры iснуе традыцыя памiнальнага года, таму, вiдаць, нельга пакiдаць адкрытымi фотаздымкi памерлых на гэты час. А вось пасля года яны, наадварот, становяцца вашымi надзейнымi абярэгамi. (Гэта адказ на першае пытанне).

    Важнай вяхой у памiнальным перыядзе з’яўляецца саракавы дзень: ён пераходны, зменлiвы, вельмi небяспечны (таму i саракагоддзе нельга адзначаць жывым); менавiта таму з’яўляецца небяспечным пясок з надмагiльнага ўзвышша, асаблiва да 40 дзён, а значыць, абсыпаць жывога чалавека iм зусiм не пажадана. (Хоць даволi часта даводзiлася чуць, што дачцэ памерлага жменьку пяску сыпалi за каўнер). Нельга гэтага рабiць. А вось на тым месцы (на табурэтах), на якiм стаяла труна з нябожчыкам, пасядзець можна, каб не баяцца кантактаў з памерлым, каб цiха i мiрна жыць далей без яго.

    Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz