ДЗЕДАВІЦА

ВАДЗЯНІК
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ВАДЗЯНІК

    Вадзянік. Мал. Валера Славук.

    У старадаўніх павер'ях беларусаў і інш. народаў - уладар вадаёмаў, жывых істот у іх. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі на калінападобнай галаве, расплывістым тварам.

    Лічылі, што В. жыве ў вірах рэк, асабліва каля млыноў ("вірнік"), на дне азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў ("ціхоня"). Яму прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёй, разлівы рэк, псаванне рыбалоўных прылад, разбурэнне плацін, млыноў, гібель людзей і жывёл у вадзе (увасабленне воднай стыхіі, яе небяспекі).

    У першыя замаразкі млынары часам ахвяроўвалі яму мяса, а ў некаторых месцах (на Пн Міншчыны) рыбакі звярталіся да яго з просьбай паспрыяць лоўлі. Вобраз В. страціў рэлігійнае значэнне ў 2 - й палове 19 - пач. 20 ст і захаваўся ў фальклоры (марскі цар у стараж. - рускіх былінах і чарадзейных казках беларусаў і інш. народаў).

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/10103

    ВАДЗЯНІК, ВАДЗЯНЫ, ВАДЗЯНЫ ДЗЕД, ВІРНІК, АМУТНІК, ЦІХОНЯ

    Дух, увасабленне разбуральнай, варожай чалавеку стыхіі вады ў выглядзе міфічнага гаспадара канкрэтнага вадаёма. Паводле ўяўленняў беларусаў В. меў выгляд старога сярэдняга росту з даўгою кліністай барадою, гладкай ільсняной скурай і перапонкамі паміж пальцамі на нагах, што сімвалізавала ягоную сувязь з воднай стыхіяй. У забагненых азёрах мог уяўляць гарбатага і барадатага старога з нагамі і хастом, як у каровы.

    Будучы агрэсіўным у дачыненні да людзей, В. мог "забіраць" тых, хто купаецца (асабліва апоўдні і апоўначы, на Купалле ці Іллю - перыяды найбольшай актыўнасці В.), тапіць чоўны, ламаць вадзяныя млыны.

    Аднак В. мог быцьі ўдзячным чалавеку, калі той, напрыклад, укінуў яго з сушы ў ваду і тым самым выратаваў яму жыццё. Тады В. усяляк спрыяў ва ўсіх справах, звязаных з вадой, асабліва ў рыбалцы.

    Каб заручыцца падтрымкай В. у рыбацкай справе, трэба былозаключыць з ім хаўрус: кінуць нацельны крыжык у ваду і вырачыся радні, платай В. служыла душа. Асабліва паслугамі В. карысталіся млынары, якія ў якасці ахвяры кідалі ў плаціну млына жывую курыцу або закідвалі пад першы лёд сала ці сцягно свінні.

    Па звестках Я. Раманава, у Гарадзенскай губерніў даўніну маглі прыносіць у ахвяру нават жывых дзяцей -сірот. Гэтаксама маглі заключаць хаўрус з В. і пчаляры. Абярэгам ад вадзініка лічыліся попел, свіст, а таксама хлеб з мукі,змолатай на Купалле: з'еўшы яго, чалавек не мог патануць.

    Аднак, казалі, за крыўду, нанесеную В. чалавекам, мог адпомсціць "сухапотны нячысцік". Жонкамі В. з'яўляюцца дзяўчаты - самагубкі, або русалкі, якія нараджаюць "вадзянёнкаў".

    Напярэдадні Вадохрышча В. вымушаны прасіць ці красці ў людзей сані, каб вывезці і тым самым выратаваць "вадзянёнкаў" ад смерці ў хрышчонай вадзе. К

    ожны вадаём меў свайго В., магутнасць якога залежала ад памераў і небяспечнасці ракі або возера. У тым выпадку, калі вадаёмы штучна злучалі, В. гінулі.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/162

    ВАДЗЯНІК

    Гаспадаром водных прастор, няхай гэта будзе цэлая рака ці бочка вады, з'яўляецца Вадзяны (Вадзянік) - чалавекападобны дух вады. У яго ёсць яшчэ некалькі імёнаў, у залежнасці ад таго, у якой вадзе ён жыве. Ціхоня - жыве ў стаялай вадзе азёр, студняў. Вірнік - у хуткай вадзе малых рэк, раўчукоў.

    Па вонкавым выглядзе ён пажылы мужчына, сярэдняга росту, з доўгай барадой лапатай, з такімі ж доўгімі валасамі на галаве ў форме кліну, гладкай бліскучай скурай, расплывістым тварам, доўгімі нагамі, паміж пальцамі якіх - перапонкі.

    Усё цела Вадзяніка пакрыта валасамі, якія, калі прыгледзецца, апыняюцца тонкімі струменьчыкамі вады. Калі Вадзянік выйшаў на бераг і па нейкіх чынніках затрымаўся і абсох, ён не зможа вярнуцца ў ваду і гіне. Тонкі пласт засохлай ціны, які застаецца ад Вадзяніка, ажывае зноў, калі хто-небудзь скіне яе ў ваду.

    Вадзянік не раз аддзячыць чалавека, ратуючы яго, калі ён будзе тануць, ці заганяючы ў яго сеткі рыбу. На працягу дня Вадзянік звычайна ляжыць, распластаўшыся на дне, і толькі пасля заходу сонца пачынае сваю дзейнасць. Перасоўваецца па сваіх валадарствах конна на соме. Ірве сеткі і іншыя рыбацкія прыстасаванні, руйнуе плаціны на млынах, падцікоўвае купальшчыкаў.

    Можа ператварацца ў сома, шчупака і іншую рыбу, а таксама ў чалавека: Вадзянікоў параўнальна трохі - па адным на кожны вадаём: возера, сажалку, раку, лужыну, якая не высыхае, студню.

    Вадзянік - стары кавалер, і ў гэтым асаблівае няшчасце жанчын наогул і дзяўчат асабліва: пры сваёй старэчай непрывабнасці ён кахае маладосць і прыгажосць. Яго дакладныя слугі – Русалкі.

    Крыніца: http://old.knihi.com/artykuly/jaryla-ras.html

    ВАДЗЯНІК

    Галоўным Духам Падводнага гаспадарства з'яўляецца Вадзянік. У кожным вадаёме: возеры, ставе, рацэ, лужыне, якая не высыхае, калодзежы існуе гэты водны Дух. Але больш за ўсё Вадзянік любіць жыць у «жывой» вадзе, той, якая толькі што прабілася з-пад зямлі. Кожны вір мае свайго Вадзяніка. Жывуць яны і ў бяздонных крыніцах, у глыбіні рэк і азёр.

    Там, дзе жыве Вадзянік, зімою застаецца незамерзлае месца: тут лёд растае ад яго дыхання. На азёрах любяць Вадзянікі глыбокія і «закаложаныя» месцы. Каля такіх мясцін людзі плаваюць з вялікім страхам, асабліва ўночы, — як на зямлі са страхам праходзяць паўз балоты.

    Сярод Вадзянікоў бываюць Вірнікі і Ціхоні: першыя жывуць у рухомай вадзе, а другія — у стаячай: у азёрах і ставах. Але адзін і той жа Вадзянік можа жыць як у бягучай, так і ў стаячай вадзе, абы вадаёмы злучаліся адзін з адным.

    Па знешнім выглядзе Вадзянік — глыбокі стары. Ён сярэдняга росту, з доўгай лапацістай барадою, з такімі ж доўгімі валасамі на галаве ў форме кліна. У яго гладкая бліскучая скура, азызлы твар, вялізнае пуза і тонкія доўгія ногі з перапонкамі між пальцамі.

    Акрамя таго, усё цела Вадзяніка пакрыта доўгімі валасамі, якія пры бліжэйшым разглядзе аказваюцца ці тонкімі струменьчыкамі вады, ці нечым накшталт водарасцяў, што прыліплі да яго скуры.

    Вадзянік здольны ператварыцца ў любую рыбіну. Днём Вадзянік звычайна ляжыць на дне і пачынае сваю дзейнасць толькі пасля захаду сонца. Але за тыдзень перад Перуновым днём Вадзянікі дзейнічаюць і ўдзень.

    У гэты час яны асабліва небяспечныя. Нярэдка апоўдні Вадзянік выскоквае з вады да пояса і крычыць: «Рот ёсць, ды няма каго есці!» Так ён патрабуе чалавечай ахвяры. Тапельцы не па сваей волі — ахвяры драпежнасці Вадзяніка.

    Ратаваць тапельца — гэта значыць адбіраць у яго здабычу. У Беларусі шмат мясцін, дзе былі некалі азёры і ў іх жылі вельмі прагныя Вадзянікі. Яны даволі часта цягалі людзей у вір.

    Тады навакольныя жыхары звярталіся да якой-небудзь чараўніцы, і яна, адшукаўшы вір, смела нырала на дно, затыкала галоўны выток возера «гарохвінамі» і закладвала зверху каменнем. Вада ў возеры мала-памалу знікала, і Вадзянік перасяляўся куды-небудзь у іншае месца.

    Вадзянікі не сыходзяцца адзін з адным і варагуюць паміж сабою. Два Вадзянікі — рачны і калодзежны, якія жывуць амаль побач, ведаюць адзін аднаго па голасе і плёскаце вады, перамаўляюцца, але ніколі не бачацца.

    Людзі карыстаюцца Гэтым для знішчэння вадзяных Духаў і, злучыўшы канаваю ці каналам два вадаёмы, зводзяць двух Вадзянікоў, а тыя ў бойцы забіваюць адзін аднаго. Акрамя гэтага, Вадзянікоў можна выжываць свістам, якога яны, як і Лесуны, не пераносяць.

    Не пераносяць яны і попелу, які людзі сыплюць раніцай у ваду: Вадзянік атручваецца ад попелу, шалее ад свісту і разбіваецца аб пад* водныя завалы. Шаленства Вадзяніка вельмі небяспечнае для таго, хто праходзіць па беразе: Вадзянік хапае яго за крысо, пераварочвае лодку з чалавекам і цягне на глыбіню.

    Калі такі чалавек здолее ўцячы ад Вадзяніка, ён не пазбегне няшчасця на зямлі: сухапутны Нядобры Дух адпомсціць за Вадзяніка, асабліва калі пры свісце і высыпанні ў ваду попелу было згадана імя Вадзяніка.

    Пад вадою ў Вадзяніка стаіць цудоўны палац, з якога ён у пэўны час дня і ночы выходзіць на дно рэк і азёраў. Затаіўшыся ў якім-небудзь віры альбо завадзі, чакае здабычы. Абавязкова ўтопяцца тыя, хто купаецца ў свята, калі вада павінна адпачываць, ці пасля захаду сонца. Асабліва небяспечна купацца і лавіць рыбу апоўдні і апоўначы.

    Вадзянік далека ад вады не адыходзіць. Калі ж ён, затрымаўшыся на сушы на час, за які з яго сцячэ вада і прасохне ціна і водарасці, не вернецца ў ваду, то загіне. Тонкі пласт засохлай ціны і водарасцяў, абцягнуты ледзь прыкметнаю плеўкаю, які ляжыць на беразе — гэта тое, што засталося ад Вадзяніка.

    Але калі такі пласт, нікім не крануты, будзе падхоплены вадою ці ўкінуты ў ваду чалавекам, Вадзянік аджыве. У такім выпадку ён застаецца ўдзячны чалавеку, які скінуў яго ў ваду, за выратаванне. Калі выратавальнік будзе тануць, Вадзянік не толькі не прыме яго як ахвяру, але нават выштурхне на неглыбокае месца, падсуне бервяно, куст ці нешта яшчэ.

    Вадзянік будзе выказваць такому чалавеку ўдзячнасць да канца яго жыцця. Удзячнасць Вадзяніка адчуваецца і ў наступным: ён прымае чалавека, над якім апякуецца, спаць на сваю пасцель, што знаходзіцца на дне вадаёма, прычым на соннага не ўпадзе нават ні кроплі вады.

    Пасцеля Вадзяніка вельмі мяккая, прыгожа ўбраная. Над тым, хто спіць, тонкая, як павуцінне, засень, скрозь якую ён бачыць жыццё раслін і водных жывёл, пераліванне вады, гульні русалак.

    Калі ж чалавек ткне пальцам у гэтае покрыва — вада адразу прасочыцца ў дзірку і залье неасцярожнага. Вадзянік можа жартам ці са злосці пужаць рыбу каля сетак рыбакоў, раз'язджаючы вярхом на сваёй любімай рыбіне — соме. Пільна сочыць за тымі, хто купаецца, падхопліваючы ахвяры — рыбакоў і людзей, якія ўпалі ў ваду па неасцярожнасці.

    Губіць і скаціну: сеўшы на жывёліну, якая плыве ці валтузіцца ў вадзе, Вадзянік едзе на ёй і сваім цяжарам прыціскае яе да дна. Якім бы чынам ні замучыў Вадзянік сваю ахвяру, ён доўга цешыцца з яе адчайных парыванняў вызваліцца з вады: то падыме на паверхню, дасць удыхнуць паветра, то яшчэ глыбей апусціць уніз, і так да таго часу, пакуль канчаткова знясіленая ахвяра не ўпадзе на дно.

    Але і тут Вадзянік працягвае мучыць ахвяру спадзяваннямі магчымага выратавання. Канчаткова забіўшы сваю ахвяру, Вадзянік зганяе да трупа п'явак, ракаў, жукоў, каб тыя здзекаваліся з цела, якое ён кідае, калі дастане душу.

    Душа тапельніцы ідзе на службу да Вадзяніка. Мужчынскія душы становяцца Вадзянікамі. Калі ў яго ўладаннях ужо ёсць некалькі тапельніц, Вадзянік прытрымлівае толькі самазабойцаў, адпускаючы астатніх выпадковых тапельніц. Русалкі трапляюць пад уладу Вадзяніка і вымушаны трываць сувязь з ім.

    Вынікам гэтай сувязі бываюць шматлікія Духі, якія, аднак, больш за свайго бацьку шукаюць сувязяў з жывымі жанчынамі: гэтым апошнім і ўсяму іх роду яны дапамагаюць у рыбалоўстве.

    Вадзяняты пакідаюць род і знікаюць, як толькі дасягнуць паўналецця. Ёсць Вадзянікі, якім не суджана было сумесна жыць разам з Русалкамі таму, што ў іх ўладаннях дагэтуль не было ніводнай самагубцы.

    Такія Вадзянікі злосныя да крайнасці і не прапускаюць ніводнай ахвяры, спадзеючыся сустрэць жанчыну. Калі Вадзянік толькі жартуе, дурэе і забаўляецца, то відаць, як у тым ці іншым месцы возера ці ракі нечакана заклубіцца вада, усплывуць на паверхню бурбалкі, пачнуць разыходзіцца кругі.

    Уночы, пры ціхім надвор'і, ён пляскае далонямі па паверхні вады ці раве, нібы карова, кракае, быццам качка ці вадзяныя птушкі. Раптоўны разліў невялікай рэчкі ці ручая, каламучанне чыстых дагэтуль водаў — гэта жарты Вадзяніка.

    Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/65.htm

    ГАСПАДАР ВАДЫ

    У гэты дзень (16 красавіка), па народных уяўленнях, абуджаецца вадзянік. Таму рыбакі павінны былі ноччу “пачаставаць” вадзянога: у гэтым выпадку рыбалка (і зімовая, і летняя) цэлы год будзе ўдалай. У якасці пачастунка выступалі гусак без галавы, поснае масла — іх кідалі ў ваду.

    * Гаспадар рэк, азёр і іншых вадаёмаў — вадзяны — злы дух, у народзе насіў назву “вадзяны чорт”. Лічылася, дзе ёсць вада, там ёсць свой вадзяны. Прычым у адным вадаёме можа быць некалькі вадзяных, яны могуць жыць сем’ямі, сярод іх абавязкова будзе старэйшы, якому ўсе будуць падпарадкаваны.

    Часцей за ўсё месцам іх жыхарства лічыліся ціхія, глыбокія месцы, там, дзе жывуць донныя рыбы — шчупакі і самы. Акрамя таго, самыя небяспечныя месцы на рацэ ці возеры — віры, таксама лічыліся прытулкам вадзянога.

    Вадзянога ўяўлялі сабе сталым чалавекам, з горбам і барадой, загорнутага ў ціну.

    * У народзе лічылі, што вадзяны ўладарыць над усімі рыбамі: можа пераманіць іх з суседняга вадаёма ў свой, ці, наадварот, разагнаць па іншых вадаёмах; можа схаваць на глыбіні, а можа падняць на паверхню. Рыбакі свята верылі ў тое, што вадзянога трэба задабрываць, каб ён вёў рыбу ім у сетку. * Па народных уяўленнях вадзяны — апякун рыбакоў, пчаляроў і млынароў.

    * Ахвяраванні і падарункі вадзяному прыносілі напачатку рыбалоўнага сезона, пры будаўніцтве млына ці гаці. Акрамя таго, на год прыпадала некалькі такіх дзён: 16 красавіка, 22 мая, 26 верасня, 19 снежня.

    * Паўсюдна лічылася, што вадзяны, які не атрымаў свой падарунак, раззлаваўшыся можа парушыць плаціну (гаць), зруйнаваць млын, парваць сетку ці нарабіць якой іншай бяды.

    * Акрамя таго, вадзяны мог пакараць рыбака за тое, што той вырабляў сетку ў святочныя (а значыць, святыя) дні; калі рыбу вудзілі ў тыя дні, калі гэта было забаронена; калі чалавек гучна размаўляў каля вады — турбаваў вадзянога.

    * Лічылася, што вадзяны зацягне да сябе тых, хто купаецца без крыжыка на шыі ці пасля заходу сонца. Асабліва небяспечным для купання лічыўся тыдзень перад святкаваннем Іллі, Пятроўскі тыдзень, Іванаў дзень, а таксама час, калі квітнее жыта.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=21165




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz