ДЗЕДАВІЦА

ЗУБ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ЗУБ

    У народным успрыманні выступае найперш “анатамічным” эквівалентам чалавека (параўн. міфалагічны матыў вырастання з З. дракона, засеяных Кадмам ці Ясонам у полі, воінаў-асілкаў), жывёлаў або нейкіх міфалагічных персанажаў. Атаясамленне ў тлумачэнні сноў, дзе выпаўшы З. прадказвае чыюсьці смерць. У час хрэсьбінаў кумы стараліся сесці шчыльней, каб у дзіцяці выраслі частыя З.

    У прадметным кодзе зубам адпавядае засланка ў печы (гл. загадкі кшталту “Маеш малое падпечайка, поўна ў цябе жалезейка”), парог хаты (кум у касцёле клаў дзіця на парог, каб у таго хутчэй вырэзваліся З.), акно (не трэба пляваць у вакно, каб не балелі З.). Кожная адтуліна цела разумелася як месца медыяцыі, кантакту нутранага і вонкавага кантролю і абароны. Найбольш паразлівым месцам лічыўся рот, менавіта праз яго выходзіла і вярталася душа, пранікалі дэманы.

    Адсюль выразныя апатрапейныя якасці З. Дарэчы, дзіця асабліва баялася сурокаў да з’яўлення ў яго першых З. З. выкарыстоўваліся ў якасці першых амулетаў, абярэгаў. Вядомыя знаходкі такіх амулетаў у курганных пахаваннях (напрыклад, блізу в. Батвінаўка Рагачоўскага р-на ў скураной сумачцы нябожчыцы сярод іншых амулетаў былі і два чалавечыя З.).

    З. як “апазнавальная прыкмета”, след звярынай прыроды, выдаюць дэмана, вупыроў, якія маюць іх падвойны шэраг, нябожчыкаў. М. Федароўскі падае былічку пра наведанне сясцёр-удоваў іх мужамі-нябожчыкамі – “знаем, сяструшко, гэта не нашы мужы, мусіць нячыстыя, бо зубы жалезныя”. Мае значэнне незвычайная форма З. ці нават іх адсутнасць, што сведчыць пра далучэнне чалавека да нячыстай сілы, чарадзеяў-медыятараў або максімальнае выяўленне нейкіх якасцяў чалавека.

    Узгадаем “бабу без З.”, што “сядзіць у яме пад дубам, не ўмее па свету хадзіць і людзям ляк гаварыць”. Але бяззубасць магла выступаць і характарыстычнай азнакай некаторых персанажаў вышэйшай міфалогіі (параўн., напрыклад, бяззубасць св. Пятра ў беларускім паданні “Ілля і Пятро”). Семантызуецца і анамальная велічыня З.

    Так, адмоўныя персанажы часта характарызуюцца зубатасцю як азнакай іх непрыгажосці ці брыдкасці (напрыклад, у казцы “Мачаха, яе дачка і падчарка”); выскал З. – характэрная прыкмета такіх персанажаў, як Варлівока; наагул вышчараныя З. сімвалізавалі смерць. Выкарыстанне З. замест рук азначала паніжаны анталагічны статус (параўн. павер’е, што той, хто пры жыцці нешта ўкраў, будзе тое насіць на тым свеце ў З.). Існавала павер’е, што той, хто мае крывыя З., вельмі ўлюблівы і гарачы.

    З другога боку, З. успрымаліся як засяроджанне магічнай сутнасці, бо ў асобных раёнах ад знахара патрабавалася, каб ён меў усе здаровыя З. Таксама існавала павер’е, што немаўля, якое народзіцца на свет з усімі З., у будучыні стане вельмі магутным “прыродным” знахарам, слову якога будуць падуладныя ўсе хваробы.

    У дачыненні да З. існавала цэлая сістэма рэгламентацый, накіраваная на захаванне З. здаровымі. Так, усе малочныя З. дзіцяці кідалі ў запесак (гл. Печ), прыгаворваючы: “Мышка, мышка! На табе зуб касцяны, а дай мне жалезны!”

    Уваходжанне З. у розныя сістэмы кодаў абумовіла шматлікія народныя медыцынскія рытуалы пазбаўлення ад зубнога болю. Напрыклад, каб З. не балелі, трэба пагрызці першы камень, што трапіцца пад руку, калі пачуецца першы гром (повязь: Пярун – Камень – Зуб).

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1982




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz