ДЗЕДАВІЦА

ЗАРУЧЫНЫ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ЗАРУЧЫНЫ

    (Беларускае традыцыйнае вяселле)

    Янка КРУК, Аксана КАТОВIЧ

    ЧАМУ МЕНАВIТА БЕЗЫМЕННЫ ПАЛЕЦ?

    Шырокае распаўсюджанне атрымаў звычай насiць заручальны пярсцёнак на безыменным пальцы. Пры гэтым людзi каталiцкага веравызнання носяць яго на левай руцэ, а праваслаўныя — на правай. Параўнайце: католiкi хрысцяцца злева направа, праваслаўныя — справа налева.

    У народным асяроддзi iснавала павер’е, што ад безыменнага пальца iдзе асаблiвая вена да сэрца — сардэчная. З цягам часу навукоўцы-фiзiёлагi даказалi, што такой вены насамрэч не iснуе. Але народная мудрасць правiльна падказала выбар менавiта безыменнага пальца для пастаяннага нашэння пярсцёнка: гэты палец лiчыцца самым «надзейным» з усiх пяцi.

    Яго вельмi складана выпрастаць без дапамогi iншых пальцаў рукi, а значыць, пярсцёнак будзе складана зняць з рукi цi згубiць. Народныя знахары лiчылi, што менавiта безыменны палец валодае лекавай сiлай. Для паспяховага лячэння трэба было проста «закрэслiць» (г.зн. перахрысцiць хворае месца) боль безыменным пальцам. 

    Адмоўныя адносiны былi да ўказальнага пальца: лiчылася, што толькi ведзьмы носяць пярсцёнкi на гэтым пальцы. Таму звычаi народнай культуры забаранялi насiць пярсцёнкi, у тым лiку i заручальныя, на сярэднiм i ўказальным пальцах, што магло стаць прадвесцем смерцi мацi цi нават абодвух бацькоў. 

    Калi памiраў (ла) муж цi жонка, удава (удавец) надзявала пярсцёнак на iншую руку.Аднак калi вы хочаце выйсцi замуж яшчэ раз, то насiць яго больш за тры гады нельга.

    АБРАД ЗАРУЧЫНАЎ

    Важнейшай складовай часткай шматдзённага вясельнага абраду быў рытуал заручынаў, у час якога пярсцёнак (абруч) выконваў галоўную ролю. Шлюбнаму царкоўнаму абраду ў старажытныя часы папярэднiчаў абрад заручынаў, у час якога аб’ядноўвалiся рукi жанiха i нявесты.

    Пры гэтым жанiх дарыў нявесце пярсцёнак з жалеза, медзi, срэбра цi золата — у залежнасцi ад свайго матэрыяльнага i сацыяльнага становiшча. У адным са сваiх апавяданняў прападобны Клiмент, епiскап Александрыйскi, пiсаў: «Мужчина должен дать женщине золотое кольцо не для внешнего украшения ее, но для того, чтобы положить печать на хозяйство, которое с тех пор переходит в ее распоряжение и поручается ее заботам».

    У X—XI стст. народны абрад заручынаў стаў выконвацца ў храме з чытаннем адпаведных малiтваў. Але яшчэ доўгi час, да XVI ст., — абрад заручынаў будзе выконвацца асобна ад абраду вянчання. Затым паступова яны супадуць па часе правядзення i стануць адзiным цэлым, захоўваючы ранейшую паслядоўнасць: спачатку будуць праводзiцца заручыны, а потым вянчанне.

    ПАСЛЯ ЗАРУЧЫНАЎ

    Царкоўныя крынiцы даюць наступнае апiсанне важнейшых вясельных рытуалаў: «Жанiх i нявеста па заканчэннi лiтургii становяцца ў прытворы храма тварам да алтарнай часткi: жанiх — з правага боку, нявеста — з левага... Пярсцёнкi, якiмi яны будуць заручацца, у час лiтургii знаходзяцца побач на правым баку святога прастола: з левага боку — залаты, з правага — сярэбраны.

    Дыякан, iдучы за святаром, выносiць iх на спецыяльным падносе. Святар дае жанiху i нявесце свечкi... уводзiць iх унутр храма, дзе i адбудзецца заручэнне. Святар спачатку бярэ правы пярсцёнак, тройчы кажа: «Заручаецца раб Божы (iмя) рабе Божай (iмя)». Пры кожным паўторы гэтых слоў ён робiць крыж над галавой жанiха i надзявае яму пярсцёнак на безыменны палец правай рукi.

    Затым бярэ сярэбраны пярсцёнак i тройчы, з крыжам над галавой нявесты, кажа: «Заручаецца раба Божая (iмя) рабу Божаму (iмя)», — i надзявае ёй пярсцёнак таксама на безыменны палец правай рукi. Залаты пярсцёнак сiмвалiзуе сваiм бляскам Сонца, на святло якога падобны муж у шлюбным саюзе; сярэбранае — сiмвал Месяца, якi зiхацiць адбiткамi сонечнага святла.

    Пярсцёнак — знак вечнасцi i непарушнасцi шлюбнага саюза, таму што адвечная i непарушная ласка Святога Духа. Пасля гэтага ў знак аддання сябе на ўсё жыццё адзiн аднаму, а Госпаду — абаiх у непадзельным адзiнстве, у знак аднадушнасцi, згоды i ўзаемадапамогi ў будучым шлюбе жанiх i нявеста тройчы абменьвалiся пярсцёнкамi пры дапамозе сябра жанiха цi святара.

    Пасля трохразовай перамены пярсцёнкаў сярэбраны застанецца ў жанiха, а залаты — у нявесты ў знак таго, што жаночай слабасцi перадаецца моцны мужчынскi дух. Святар чытае малiтву, якой просiць блаславення для заручанай пары. Пярсцёнкi могуць быць зроблены толькi з аднаго металу — золата цi срэбра».

    ПЯРСЦЁНАК НА ПАМЯЦЬ

    З усяго вышэйсказанага вынiкае, што ў больш ранняй царкоўнай традыцыi рытуалу вянчання папярэднiчаў рытуал заручынаў, пры гэтым жанiх заручаўся залатым пярсцёнкам, а нявеста — сярэбраным. У адпаведнасцi са старажытнымi ўяўленнямi гэта сiмвалiзавала саюз памiж Сонцам i Месяцам. Да XIII стагоддзя нашы продкi насiлi пераважна сярэбраныя пярсцёнкi.

    З прыходам на ўсходне-славянскiя землi татараў з’явiлiся залатыя ўпрыгажэннi, i пярсцёнкi таксама пачалi вырабляць з золата. Але, зноў-такi, шмат залежала ад эканамiчнага становiшча сем’яў i раднi, якiя прынялi рашэнне аб усталяваннi роднасных адносiнаў: заручальныя пярсцёнкi маглi быць i жалезнымi, i меднымi.

    Разам з тым пытанне аб выбары металу, з якога будуць зроблены заручальныя пярсцёнкi, мела не толькi утылiтарнае значэнне. Кожны з гэтых металаў меў свой энергетычны патэнцыял, сваю астралагiчную сiмволiку, сваю «спалучанасць» з мужчынскiм цi жаночым пачаткам. Золата — першае ў шэрагу каштоўных металаў.

    У народзе яно атрымала назву «высакароднага», таму што не мае здольнасцi акiсляцца. Гэты блiскучы метал ва ўсiх культурах звязваўся з Сонцам, з нябесным святлом i дасканаласцю ў прыродзе. У шматлiкiх культурах золата лiчылася ўвасабленнем моцы самой зямлi, валодала сувяззю з вышэйшым светам.

    Яно заўсёды сiмвалiзавала багацце, прыгажосць, даўгавечнасць. Нездарма храмы ўпрыгожвалi самым чыстым, «боскiм» металам — золатам. У народнай свядомасцi ўсё, што перавышала чаканнi i спадзяваннi, надзялялася прыметай «залатога» — «купацца ў золаце», «залатыя словы», «залаты дождж».

    У замовах на «залаты» замок цi «залаты» ключ запiралiся ўсе беды i нястачы. Каб у хаце на працягу года быў прыбытак, славяне выпрацавалi неардынарны звычай — «мыцца з золата». У Чысты чацвер у ваду клалi залатую рэч цi манету, а затым усе члены сям’i павiнны былi памыцца гэтай вадой. Вельмi часта золата i срэбра ставiлi ў пару: «разговор — серебро, а молчание — золото».

    Часам гэты ланцужок каштоўных металаў завяршаў трэцi метал — медзь. У казках тры царствы — Залатое, Сярэбранае, Меднае; у любiмай кароўкi «залатыя рожкi, мядзяныя ножкi, медны язык». Срэбра ў народнай культуры атаясамлiваецца з Месяцам, сiмвалiзуе цнатлiвасць, жаночы пачатак. Са срэбра, як i з золата, рабiлi ўпрыгажэннi i рытуальныя рэчы.

    Яно стала другiм, пасля золата, сiмвалам дабрабыту. Часцей за ўсё менавiта са срэбра выраблялi рэчы, прызначаныя для ахвяраванняў, чашы, аправы для абразоў i г.д. У народных вераваннях срэбра было надзелена цудоўнай здольнасцю барацьбы з нячыстай сiлай: сярэбраная куля забiвала ваўкалакаў i ведзьмакоў, сярэбраныя рэчы ў хаце адводзiлi маланку.

    Посуд са срэбра быў цi не самай абавязковай рэччу ў заможных сем’ях. Медзь — чырвона-аранжавы метал, якi стаў сiмвалам зямнога святла i цеплынi, а таксама асацыiраваўся з моцным (волатаўскiм) здароўем. Напрыклад, адным з першых пажаданняў маладым у час падзелу каравая былi словы: «Дарую вам медзi, каб дзецi былi, як мядзведзi».

    Нашы продкi лiчылi, што праз медзь багi даруюць нам здароўе, i выкарыстоўвалi гэты метал у медыцынскiх мэтах. Чыстую медзь засыпалi ў раны, чым папярэджвалi шматлiкiя iнфекцыйныя захворваннi. Сёння навукоўцы даказалi, што гэты метал сапраўды з’яўляецца выдатным танiзуючым сродкам для лячэння печанi i лiмфатычных вузлоў.

    Так што нашы продкi нездарма насiлi бранзалеты з медзi на руках i нагах. З медзi рабiлi бразготкi i званочкi, якiя выкарыстоўвалi ў розных народных рытуальных дзеяннях. Звон медных бразготак павiнен быў «ачысцiць» ад нячыстай сiлы шлях вясельнаму картэжу. Медзь у спалучэннi са свiнцом выкарыстоўвалi пры вырабе царкоўных званоў.

    Медныя манеты клалi ў пасцель маладым, каб забяспечыць iм доўгае сумеснае жыццё. Да сённяшняга часу маладыя кладуць медныя пятакi пад пяту на час вянчання цi рэгiстрацыi ў ЗАГСе.




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz