ДЗЕДАВІЦА

ДЗЯВОЧАЯ ГАРА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ДЗЯВОЧАЯ ГАРА

    Этнаграфічны аб’ект; адна з раднавіднасцей культавых узгоркаў, ушанаванне якіх пачалося ў язычніцкія часы. Узгоркі з такога роду назвамі часта сустракаюцца ў слав. Землях: Дзявочая гара – каля Смаленска, у Трыполлі на Дняпры, , у Сахноўцы на р. Рось, на р. Лыбедзь (Україна); дзевін – у Празе, у Хебе, у Мімоне, на р. Дыі (Чэхія), на р. Дунай (Славакія) і інш.

    Паводле меркаванняў сав. Археолага Б. А. Рыбакова (у кн. “Язычніцтва Старажытнай Русі”, 1987), Дз. г. маглі быць звязаны з культам жаночага бажаства, з багіняй-дзевай, “панёсшай у лоне сваім”. Нярэдка з Дз. г. ў Трыполлі знаходзіўся ахвярнік – печ пачатку н. э. з дзевяццю паўсферычнымі секцыямі – паглыбленнямі.

    Лічба “дзевяць” у спалучэнні з жаночай назвай свяшчэннай гары, на думку Рыбакова, можа быць звязана з дзевяцю месяцамі цяжарнасці. На Дз. г. ў Сахноўцы знойдзена залатая пласціна скіфскага часу з выявай свята ў гонар нейкага жаночага бажаства. Ахвярнік з дзевяццю ямамі выяўлены на гарадзішчы Паганскае ў Маравіі (пач. 10 ст.), паблізу знаходзяцца гара Дзевін і р. Дыя (“багіня”). Некаторыя Дз. г. ўшаноўваліся амаль да 20 ст., пра што сведчыць, напр., традыцыя ўстаноўкі трох драўляных крыжоў на Дз. г. ў Сахноўцы.

    Некалькі ўзгоркаў з такімі назвамі ёсць на тэр. Беларусі: Дзявочая гара каля в. Дуброва Маладзечанскага р-на і ў Мсціславе. Гарадзішча Дз. г. ў ваколіцах в. Любанічы Кіраўскага р-на згадвалася ў 1-й пал. 19 ст. фалькларыстам і этнографам З. Я. Даленга – Хадакоўскім (сучасным археолагам помнік невядомы).

    У некаторых выпадках такія ўзгоркі насілі блізкую па значэнню назву. На ўскраіне Лагойска знаходзіцца гарадзішча Паненская гара, на якім выяўлена штрыхаваная кераміка ранняга жалезнага веку. З гарой звязана паданне пра загінуўшую тут дзяўчыну, выкарыстанае В. Дуніным – Марцінкевічам у вершаванай аповесці “Вечарніцы”.

    Назва г. Мар’іна Горкаў Пухавіцкім р-не паходзіць ад горкі, на якой, паводле легенды, стаяў язычніцкі храм, дзе ў т. зв. Мар’ін дзень адбываліся святкаванні. Захавалася таксама паданне, што на гэтай горцы ляжаў камень, якому пакланяліся язычнікі і каля якога наладжвалі трызны і гульні, пасля асвячэння гэтага месца святой вадой гара раскалолася, а камень праваліўся.

    Падобны помнік захаваўся на Пн ад г. п. Смілавічы (гл. Гудавіцкае свяцілішча). Пасля прыняцця хрысціянства некаторыя ўзгоркі, звязаныя раней з культам багіні – дзевы, сталі прысвячацца маці божай, дзеве Марыі

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/12403

    ДЗЯВОЧАЯ ГАРА

    Разнавіднасць этнаграфічна – археалагічных помнікаў у выглядзе культавых узгоркаў, гарадзішчаў і іншага, якія ўшаноўваліся з часоў паганства. Узгоркі з назвай накшталт Дз. г. часта сустракаюцца на славянскіх землях: Дз. Г. блізу Смаленска, у Трыполлі на р. Дняпро, Сахноўцы на р. Рось, на р. Лыбедзь (Україна), Дзевін у Празе, Хебе, Мімоне, на р. Дыя (Чэхія), на р. Дунай (Славакія), у Балгарыі ды інш.

    Паводле меркавання расійскага даследніка паганства і археолага Б. Рыбакова, Дз. г. маглі быць звязаны з культам “жаночага божышча, багіняй – дзевай, што панесла ва ўлонні сваім”, якая з’яўлялася папярэдніцай хрысціянскай Божай Маці Дзевы Марыі. Часта з такімі ўзгоркамі звязвалі вельмі старажытныя рытуальныя традыцыі і паданні, якія генетычна паходзілі ад культу багіні кахання.

    У часе археалагічных даследаванняў некаторых помнікаў высветлена, што, напрыклад, у цэнтры Дз. г. у Трыполлі знаходзіўся ахвярнік – печ пачатку нашай эры з 9 паўсферычнымі секцыямі – паглыбленнямі. На думку Б. Рыбакова, лічба дзевяць у спалучэнні з жаночай назвай свяшчэннай гары можа быць звязана з 9 месяцамі цяжарнасці.

    На Дз. г. у Сахноўцы знойдзена скіфская залатая пласціна з выявай свята ў гонар нейкай жаночай багіні. Ахвярнік пач. X ст. (час рэстаўрацыі паганства пасля разгрому Вялікамараўскай дзяржавы) з 9 ямамі выяўлены на гарадзішчы Паганскае ў Маравіі. Блізу яго знаходзяцца 2 гары з назвай “Дзевін” і р. Дыя (“багіня”). Дз. г. ушаноўваліся да XX ст., пра што сведчыць, напрыклад, традыцыя ўстаноўкі драўляных крыжоў на Дз. г. у Сахноўцы. У Беларусі вядома некалькі помнікаў з назвай Д. г.

    У першай палове XIX ст. З Далента – Хадакоўскі згадваў аднайменнае гарадзішча ў ваколіцах в. Любанічы (цяпер Кіраўскі р-н). Гарадзішча Дзявочая гара зафіксавана блізу в. Фралова (Гарадоцкі р-н). На ўскраіне Лагойска знаходзіцца гарадзішча з семантычна блізкай назвай – “Паненская гара”, дзе выяўлена кераміка ранняга жалезнага веку. Вядома паданне пра дзяўчыну, якая загінула там, выкарыстанае потым В. Дуніным – Марцінкевічам у вершаванай аповесці “Вечарніцы” (1855 г.).

    Гарадзішча Дз. г. размешчана ў г. Мсціславе, на правым беразе р. Віхры. Пра гару захавалася паданне, што яна нібыта была насыпана дзяўчатамі. Як і назва помніка, яно сведчыць пра пэўную сувязь з культам паганскага жаночага болжышча, багіні – дзевы. У 1960 г. Л. В. Аляксееў зрабіў археалагічныя раскопкі помніка ( у паўднёвай частцы пляцоўкі і на вале).

    У мацерыку выяўлена прастакутная яма ( без знаходак) і другая – неглыбокая і бясформенная (каля нутранога падножжа вала), у якой знойдзена некалькі лобных ці цемянных касцей маленькага дзіцяці. Верагодна, гэта былі рэшткі ахвярапрынашэння (дзіцячыя чарапы выяўлены таксама каля Бабінай гары пад Трахтэміравам на Украіне, аднак гэтая гара, як мяркуюць, прысвячалася не багіні – дзеве, а багіні ўраджаю і лёсу). Пра паганскі звычай прынясення ў ахвяру дзяцей згадваў у XII ст. і Кірыла Тураўскі.

    На мацерыку залягае кераміка перыяду ранняй бронзы, але асноўная частка знаходак належыць ранняму жалезнаму веку ( днепра – дзвінская і зарубінецкая культуры). Трапляюцца асобныя знаходкі перыяду Кіеўскай Русі і сярэдзіны XVII ст. Дз. г. ёсць і на мяжы Валожынскага і Маладзечанскага р-наў, побач з в. Дуброва.

    Яшчэ ў 1881 г. апублікавана паданне, паводле якога на гары закапана жывая дзяўчына і разам з ёй пахаваныя два хлопцы, якія загінулі ў часе спаборніцтва за права стаць яе мужам. Там жа ляжаў вялізны камень, на якім нібыта сядзела дзяўчына, калі юнакі дужаліся. У 1987 – 1990, 1992 гг. Археалагічнае вывучэнне гары праводзіў Э. Зайкоўскі. Культурны пласт адсутнічае, але на самай гары маецца каля двух дзесяткаў курганоў, 9 з якіх былі раскапаныя.

    Два большыя курганы складзены з камянёў, перасыпаных зямлёй, астатнія насыпаны з зямлі і ўнізе абкладзеныя вянком з камянёў. Пахаванні размешчаны ў асноўным у падкурганных ямах, арыентаваных галавой на захад ( з некаторымі адхіленнямі). Знаходкі (упрыгожанні і кераміка) датуюцца другой паловай XI – пачаткам XII ст., частка рэчаў (бранзалет з зааморфнымі канцамі) мае балцкае паходжанне.

    Калі лічыць Дз. г. сімвалам культу багіні кахання і ўрадлівасці, а большасць курганоў – рытуальнымі пахаваннямі жрыц, то можна згадаць апісанне старажытнарымскім аўтарам Тацытам святога гаю багіні плоднасці ў аднаго з плямёнаў лугіяў (захад Польшчы). Тацыт прыводзіў звесткі, што той асяродак культу (святы гай) абслугоўваў жрэц у жаночым адзенні, жанчыны былі жрыцамі.

    Штосьці падобнае, відаць, магло быць і на Дз. г. ( у большых курганах пахаваны мужчыны, астатнія пахаванні – жаночыя). Да нядаўняга часу на гары святкавалі Купалле, што можа быць звязана з традыцыяй выкарыстання Дз. г. у паганскія часы.

    Магло быць і так, што некаторыя са згаданых узгоркаў першапачаткова мелі назвы, якія паходзяць ад балцкага dievas “бог”, dieviskas “боскі” (гл. Дзіевас), а пазней адбыліся іх паўторная этымалагізацыя да блізкага па гучанні слова “Дзявочая”.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1322




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz