ДЗЕДАВІЦА

ПЕКЛА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ПЕКЛА

    Месца, дзе пасля смерці пакутуюць грэшнікі. У старадаўняй паганскай традыцыі шэрагу народаў паняцця П. у сучасным разуменні не існавала. Тое ж самае, як можна меркаваць па фрагментарных матэрыялах, назіралася і ў беларусаў. Усе нябожчыкі ўваходзілі ў кантынуум продкаў і шанаваліся ў гэтай іпастасі, што пацвярджае моцна развіты ў Беларусі культ продкаў – рытуал Дзядоў, асабліва той, што быў прысвечаны ўсім продкам наагул.

    Ускосна аб адсутнасці паняцця П. у старажытнапаганскія часы сведчыць досыць частае ўзгадванне ў беларускіх міфах пра бязгрэшнасць людзей, што жылі раней, г. зн. у міфалагічным часе. У фальклоры, асабліва ў чарадзейных казках, уяўленне аб пазасмяротным існаванні акумулюецца рознымі формамі агульнай краіны нябожчыкаў.

    Як міфалагічная канстанта П. складае бінарны кампанент трыяднай сістэмы: рай – зямля – П., з’яўляючыся апазіцыяй раю. У якасці міфалагічнай прасторы П. існуе ў асноўным у касмічнай вертыкалі, займаючы пазіцыю крайняга “нізу”, які супрацьстаіць “верху” – раю. П. традыцыйна знаходзіцца “ўнізе пад зямлёю”, “усярэдзіне зямлі”, “на самым дне” падземных водаў.

    Гэты свет кантактуе з верхнім, пагражае яму праз глыбокія ямы на лузе – “чортавы вокны”, бяздонныя водныя лункі, з якіх высоўваецца страшэнная рука і хапае жывёліну, што нахілілася, каб напіцца, глыбокія шчыліны, распадзіны ў зямлі, адкуль чуваць чалавечыя стогны, енкі. З міфалогіяй старажытных культур Усходу – кітайскай, вавілогскай, культурай старажытнага насельніцтва Паўднёва – Усходняй Азіі – звязана сумяшчэнне лакалізацыі П. і касмічнага медыятара – сімвалічнага “цэнтра” свету (паводле М. Эліядэ), у першуючаргу – гары.

    У такім разе П. упісваецца ў макракасмічную вось, што злучае Неба, Зямлю і Апраметную. Згодна з беларускім паданнем, П. знаходзіцца ўсярэдзіне велічэзнай гары, якая стаіць “на канцу света”. Тут П. лакалізуецца ў гарызантальнай плоскасці ў межах міфалагічнай апазіцыі “далёка”/”блізка”.

    Звычайна П. ідэнтыфікуецца ў беларускіх міфах і паданнях у кантэксце дыхтаміі “гэты свет” (г. зн. верх зямлі) – “той свет” (падземны), душы грэшнікаў накіроўваюцца менавіта туды, хоць ёй П. можа не вычэрпвацца. Уяўленне аб абсталяванні П. у значнай ступені абумоўлена ўплывам хрысціянскай традыцыі.

    Там “цёмна да халодна, бы лёд”; там чэрці ў вялізных катлах вараць душы грэшнікаў, якія ніяк не могуць згарэць. У П. унутры гары пасярод сядзіць прыкаваны да слупа дванаццаццю ланцугамі Люцыпар, навокал яго кіпяць катлы з душамі, на якія зверху льецца смала, прычым некаторыя душы “так і без катлоў валяюцца”.

    Да гары, з якой валіць дым, з усіх бакоў на вазах рухаюцца грэшнікі, якія вязуць смалу. Могуць быць і іншыя месцы катавання, напрыклад глыбокая бездань з полымем на “тым свеце”. Амаль усюды ў якасці асноўнага атрыбута П. прысутнічае агонь. Згодна з біблейскай трактоўкай, гэта асаблівы, рэальны пякельны агонь – агонь гневу Божага, яго агністых стрэлаў. Разам з тым у беларускай інтэрпрэтацыі агонь у П. занёс чорт, украўшы яго ў чалавека.

    Такім чынам, асноўны трыкстэр – чорт – выконвае сваю галоўную функцыю – псуе боскі парадак і прымушае агонь “служыць людзям, і ліхім”. У такім разе беларускі міф у адпаведнасці з беларускай традыцыяй скіраваны на “зніжэнне”, травеставанне ўсяго “высокага”, у парадыйнай форме абыгрывае характэрны для шматлікіх культур міф аб Праметэі. У дадзеным выпадку зніжаецца і статус агню – прайшоўшы праз рукі нячысціка, ён страчвае боскую сілу.

    Скраўшы агонь, чорт не здолеў з ім управіцца, абгарэў у ім. з гэтага вынікае, што ў П. гарыць дзікі, неакультураны нязгасны агонь, звязаны з інстыктвўным бокам існавання. Разам з тым агонь як атрыбут П. узгадваецца назаўсёды. У міфе, дзе распавядаецца пра тое, што зямля – скура, якая пакрывае ваду, П. знаходзіцца ў вадзе, на дне.

    Гэтая міфалагічная канструкцыя нагадвае міфалагему матчынага ўлоння імкнення вярнуцца туды, дзе вада выступае ў адной са сваіх асноўных функцый – сімвалізуе забыццё, пераход да першапачатковага нішто. Улічваючы бінарную амбівалентнасць агню і вады, П. тут з’яўляецца інспіратарам татальнага вынішчэння чалавечай асобы, істоты, амаль нірваннага небыцця.

    У П. дзейнічае адмысловы кантынгент нячысцікаў – пякельнікі, якія спалучаюць сабачыя і казліныя рысы, не маюць поўсці, языком і праз ноздры абліваюць грэшнікаў расплаўленаю смалою і серай. Сасланыя ў П. за асабістыя недахопы, яны вымяшчаюць на грэшніках сваю крыўду. Крытэры пападання ў П. у беларускіх міфах XIX - пачатку ст. – наяўнасць хрысціянскіх грахоў: забойства, крадзеж, сквапнасць ды інш.

    У вызначэнні канчатковага прысуду галоўнае месца належыць Страшнаму суду, дзе кожны зачытае рэестр сваіх учынкаў і атрымае ад Бога прысуд. Акрамя таго, у П. можна патрапіць і без боскага прысуду – прадаўшы душу адразу пасля смерці. У П. трапляюць менавіта душы – гэта хутчэй за ўсё анімістычныя двайнікі з астральна – пачуццёвай субстанцыяй.

    Пакаранне ў П. адбываецца паводле люстэркавага прынцыпу: злодзей носіць скрадзеныя рэчы на плячах, у зубах; той, хто скраў пярсцёнак, мусіць пралезці праз яго. Разам з тым існуе версія аб “пекным П.”, дзе чэрці жывуць весела, “да й грэшным душам пазваляюць весяліцца”.

    Тут побач з элементам карнавальнай буфанады прысутнічае і выразны пласт паганскага ўяўлення аб замагільным жыцці, якое з’яўляецца праекцыяй зямнога, бо, як сведчыць міф, “каму на гэтым свеце добра, таму й на том свеце не ліха”, і наадварот.

    У казках падземны свет звязаны ў першую чаргу з вобразам змея – хтанічнай істоты, увасабленнем хаосу, смерці, пазасвядомага, Кашчэя, а таксама белага мядзведзя ды інш. Яшчэ адна лакалізацыя П. – на “першым”, самым нізкім небе, прычым людзі могуць вырвацца адтуль у рай. У гэтай інтэрпрэтацыі П. адчуваецца ўздзеянне ўяўленняў аб чысцілішчы.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/4083

    ПЕКЛА

    Знаходзіцца яно у безданях апраметных, у падземных глыбінях, там збіраюцца ўсе злыя богі, усе ліхія сілы.




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz