ДЗЕДАВІЦА

ВЯСЕЛЛЕ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ВЯСЕЛЛЕ

    Складаны і працяглы па часе рытуальна-абрадавы комплекс, скіраваны на грамадскую фіксацыю прынцыпова іншага сацыякультурнага статуса маладых людзей перадшлюбнага узросту.

    Беларускае В. мела шмат агульнага з В. іншых суседніх народаў і разам з тым мела даволі выразную адметнасць практычна ва ўсіх складніках абрадавага комплексу: у структуры, у часе правядзення, у адлюстраванні светапоглядных асноў этнасу, яго менталітэту, вызначэння сацыяльнай ролі і месца жанчыны, у працягласці, дакладна вызначаных ролях кожнага ўдзельніка, у найбагацейшым песенна-харэаграфічным суправаджэнні. Існавала забарона спраўляць В. у пост, а таксама напярэдадні шэрагу хрысціянскіх святаў.

    Асноўныя перыяды В. прыпадалі на час ад Багача і да Піліпаўкі (“вялікая вясельніца”), ад Вадохрышча і да Масленкі (“мясаедная вясельніца”). У структуры беларускага В. можна вызначыць тры асноўныя этапы: абрады дашлюбнага часу, само В. м, нарэшце, абрады і абрадавыя рэгламентацыі паводзінаў маладых да года пасля В.

    Перадшлюбны перыяд мог доўжыцца ад двух тыдняў да месяца і ўлучаў у сябе наступныя асноўныя моманты: сватанне, запоіны, змовіны, зборную суботу. Сватанне адлюстроўвала самую старажытную форму вясельнай абраднасці, аснову якой складала купля – продаж нявесты.

    Мэта сватання – абодва бакі (жаніха і нявесты) павінны былі дамовіцца паміж сабой аб згодзе на шлюб і ўмовах падрыхтоўкі і правядзення В. З боку жаніха ў госці да маладой хадзілі сваты ( прадстаўнікі свайго роду) – сват і бацька маладога або сват разам з маладым. Роля дзяўчыны ў гэтым выпадку была даволі пасіўнай: яе выпраўлялі з хаты.

    Канчатковая згода была за бацькамі, хаця згода ці нязгода дзяўчыны магла ўплываць на выніковасць сватання. У некаторых мясцінах існаваў звычай праводзіць “агледзіны”, калі бацькі нявесты выказвалі жаданне пазнаёміцца з сям’ёй жаніха і “агледзець” яе гаспадарку. Сдам за сватаннем ішлі запоіны (“запівіна”, “заповіны”, “малыя заручыны”, “барышы”, “малая гарэлка”), у час якога канчаткова замацоўвалася згода абодвух бакоў, і з гэтага часу дзяўчына лічылася засватанай, ні адзін з бакоў пасля гэтага не меў права змяніць сваё рашэнне.

    Характар запоінаў зноў-такі нагадваў звычайную гандлёвую аперацыю, здавальняючы вынік якой “запівалі барышом”. Пры канцы запоінаў дамаўляліся аб часе правядзення заручын ( “вялікія запоіны”). На змовінах з абодвух бакоў прысутнічала шырокае кола радні, якая знаёмілася між сабой і канчаткова абмяркоўвала ўсе акалічнасці правядзення В., а таксама вызначаліся падарункі з боку жаніха і з боку нявесты.

    Напярэдадні самога В., у суботу вечарам, у хаце маладой ладзілі “ зборную суботу” (“дзявочы вечар”, “паненскі вечар”, “вянкі”, “зборны вечар”). Зборная субота была своеасаблівай мяжой у характары жыцця і сацыяльным статусе дзяўчыны. Яна развітвалася са сваім дзявоцкім жыццём, са сваімі лепшымі сяброўкамі, пазбаўлялася права прысутнічаць разам з імі на гулянках дашлюбнай моладзі.

    Адвячоркам у суботу ў хаце маладой збіраліся яе сяброўкі, яны вілі вянкі, рыхтавалі абрадавыя ўпрыгожанні для жаніха і нявесты. Завіванне вянкоў адбывалася з дазволу і дабраслаўлення бацькоў і сімвалізавала цнатлівасць дзяўчыны. У паўднёва –заходніх раёнах Беларусі ў зборную суботу “завівалі елку” (“вілца”): яе ўпрыгожвалі каляровымі кветкамі, свечкамі, цацкамі, вырабленымі з саломы.

    Уласна вясельны цыкл абрадаў распачынаўся з выпякання каравая. Можна канстатаваць, што каравайны абрад быў адной з дамінантаў ва ўсёй вясельнай абраднасці. Выпяканне каравая сімвалізавала пачатак вясельнай дзеі, а яго дзяльба сведчыла аб заканчэнні В.

    Акрамя гэтага, у структуру каравайнага абраду ўваходзілі наступныя рытуальныя дзеянні: падрыхтоўка дзяжы, замешванне цеста, вымятанне і распальванне печы, саджанне каравая ў печ, выманне з печы, варажба аб лёсе маладых па форме каравая і некаторых іншых вонкавых прыкметах, упрыгожванне, захаванне каравая ў каморы, вынас, дзяльба і пэўныя рытуальныя і магічныя дзеянні ўдзельнікаў В. з атрыманым кавалачкам (“доляй”) каравая.

    Неабходна адзначыць абрад характэрны для паўднёвага, паўднёва-заходняга і цэнтральнага рэгіёнаў Беларусі. У паўночных і паўночна-ўсходніх рэгіёнах існаваў так званы “стаўбавы абрад”, асноўныя дзеянні якога выконваліся каля “слупа”, “стаўба”, які ўкопвалі побач з печчу з правага боку ад вусця. Вельмі важнай этыка-рэгламентуючай часткай вясельнага абраду быў пасад маладых.

    Для атрымання канчатковай згоды маладых на шлюб і дабраславення бацькамі жаніха і нявесту садзілі на дзяжу, на лаву, засланую вывернутым кажухом або жытнёвым снапом. Прычым садзіцца на дзяжу маладым дазвалялася толькі ў тым выпадку, калі нявеста была цнатлівай. Наступнымі храналагічнымі этапамі В. з’яўляюцца збор і адпраўленне дружыны жаніха, прыезд іх па нявесту і яе выкуп.

    Пасля таго як дружына маладога вытрымае іспыт, прапанаваны дружкамі маладой, а выкуп задаволіць усе бакі, бацька нявесты тройчы па сонцы абводзіў дачку вакол стала і каля парога перадаваў яе ў рукі жаніха. Маладых адпраўлялі для шлюбу ў касцёл або павянчацца ў царкву.

    Маладыя садзіліся ў брычку ці ў фурманку, бацькі тройчы абыходзілі вясельны поезд і абсыпалі яго зернем жыта. Калі нехта з маладых быў сіратой, то вясельны поезд адразу ехаў на могілкі, каб заручыцца благаславеннем продкаў на доўгае і шчаслівае сумеснае жыццё. Калі ж маладыя былі з поўных сем’яў, то яны спачатку вянчаліся, а затым ужо ішлі да магіл нядаўна памерлай радні і сваім ушанаваннем заручаліся іх “падтрымкай” на будучае прадаўжэнне роду.

    Пасля вянчання маладыя ехалі да дому нявесты. Перад парогам хаты іх сустракалі яе бацькі. Маці была ў вывернутым кажусе, трымала на ручніку хлеб – соль, а бацька дзве чаркі і бутэльку гарэлкі. Бацька прапаноўваў ім выпіць па чарцы, аднак наперадзе ў іх была шлюбная ноч, таму ніякага пітва ўжываць нельга было. Пасля таго як маладыя вытрымвалі іспыт, бацькі саступалі ім дарогу.

    Жаніх браў нявесту на рукі і пераносіў яе цераз парог. Маладыя па сонцы заходзілі ў чырвоны кут, садзіліся пад абразамі. З гэтага часу пачыналася самая вясёлая і гуллівая частка В. Позна вечарам у хаце маладой адбывалася дзяльба каравая, затым малады адкупляўся ад сябровак маладой, збіралася прыданае, і вясельная працэсія з песнямі адпраўлялася да дому маладога.

    Па шляху вясельны поезд некалькі разоў сустракалі вяскоўцы, перагароджвалі дарогу і патрабавалі выкуп. Вясельны поезд заязджаў прама ў двор. Маладыя злазілі з вазоў толькі тады, калі бацькі з’яўляліся на парозе хаты. Сутнасць урачыстай сустрэчы была тая ж, што і ў хаце маладой.

    У двухдзённым святкаванні В. у хаце маладога асабліва важнымі былі два моманты: прыбіранне пасцелі для маладых і агледзіны яе пасля шлюбнай ночы, а таксама дзяльба каравая. Апошні абрад практычна завяршаў этап пераходу маладых у іншы сацыяльны статус. Цяпер яны ўжо станавіліся мужам і жонкай, якім трэба было працягваць род і забяспечыць яго дабрабыт.

    Характар і асаблівасці абраду дзяльбы каравая былі скіраваныя на магічнае мадэляванне далейшага лёсу заручанай пары. Дзялілі каравай хросныя бацькі маладога. Сярэдзіну або верхнюю частку яе выразалі і пакідалі маладым, затым адорвалася сям’я маладых, пачынаючы з бацькоў, а затым ужо ўся радзіна. Пасля дзяльбы каравая да маладой падыходзіла маці маладога, здымала з яе вэлюм ( сімвал дзяўчыны) і павязвала два атрыбуты жаночай долі: хусцінку і фартушок.

    Вэлюм на некалькі хвілін перадавалі старшай дружцы маладой, а затым вешалі на сцяну каля абразоў. Пасля гэтага маладыя пакідалі хату, а старыя людзі ладзілі сваё “В.” – спраўлялі тэатралізаваны абрад “цыганоў”. На гэтым заканчвалася само В., аднак цыкл абрадавых дзеянняў вялікай родавай урачыстасці працягваўся да года. На дзевяты дзень спраўляліся “пярэзвы” (“перазоў”, “падвясёлкі”, “банкеты”, “гасціна”, “госці”) – узаемнае наведванне бацькоў маладых.

    З дзевятага да саракавога дня ў маладых доўжыўся “мядовы месяц”. Да года нявестка павінна была прыйсці дадому адна, без мужа, на свята ўшанавання сваіх продкаў: на Радаўніцу і на восеньскія Дзяды.

    І толькі пасля таго, як у маладой сям’і народзіцца дзіця, яна стане неразлучнай парай, якая на ўсіх святах і ва ўсіх прылюдных месцах павінна быць толькі разам.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/772




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz