ДЗЕДАВІЦА

ВАРОТЫ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ВАРОТЫ

    Уваход з вуліцы ў сялянскую сялібу, на двор,элемент мяжы, што аддзяляла “сваю”, асвоеную тэрыторыю ад вонкавай, чужой і патэнцыйна небяспечнай. Апатрапейным мэтам служыла накрэсленне на В. крыжоў мелам, затыканне калючых раслін і вострых прадметаў, зубоў ад бараны, на Піншчыне дзеля абароны ад чараўніцы на В. вешалі вянок.

    Каб засцерагчыся ад хлеўніка, перад В. ставілі жароўню з асінавым палаючым вуголлем. На В. чарадзеі напускалі свае чары, на іх часам было намазана крывёй, малаком; гэта азначала, што “якісь ліхі чалавек зачараваў”. З іншага боку, каб абясшкодзіць чараўніцу, стараліся здабыць яе валасоў і пакласці пад бягун у В., і тады яе толькі ад адной думкі пра чары “па касцях круціць будзе”.

    Як і чарадзейства, пад В. адпраўляліся хваробы – “каб вывесці бародаўкі, трэба знайсці ў полі костку, пацерці яе бародаўкі, а потым пакласці яе пад капец В.” Роля В. асабліва вялікая ў рытуалах з семантыкай “першага”: выгану жывёлы, прывозу першага збожжа, калі ў В. слалі чысты абрус, прыезду нявесты ў двор жаніха ды інш.

    Перад першым выганам кароў з вечара пад В. хавалі асвечаную вярбу, каменьчык, сплеценую да сонца з канопляў вяроўку, пад ногі жывёле падкладалі замок, яйка, ключы, атрыбуты ткацтва. Параўн. у замове: “вароты як адчыняюць, як тавар на пашу выганяюць, злому зверу рот замком замыкаюць”.

    Менавіта ў В. раскладвалі вогнішча з саломы, праз якое павінен быў праехаць вясельны поезд. У двары маладога В. замыкаліся, перад імі стаяў сноп саломы, прыданка абвязвала сноп поясам з абаранкамі, маладая кідала на сноп булачку хлеба, хроснв бацька частаваў гарэлкай хлопцаў, якія толькі пасля гэтага адмыкалі В.

    У іншых месцах каля В. разыгрываліся сцэны, калі ўдзельнікі ўбіраліся паляўнічымі і сустракалі вяселле стрэламі. Калі гандаль зацягваўся, напіралі і ламалі В. В., як і дзверы, асэнсоўваліся як жаночы сімвал. У замове “на добрыя роды” “Прачыстая замочкі адмыкала, царскія вароты адчыняла і з цела маладзенца выпускала”.

    У асабліва цяжкіх выпадках муж парадзіхі прасіў святара адкрыць царскія В. ў царкве. Праз В. давалі хлеб карове перад злучкай, пры першым выгане авечак на В. вешалі мужчынскія нагавіцы. В., якія злучалі сялібу з вонкавым светам, адкуль меўся з’явіцца суджаны, станавіліся месцам дзявочых варожбаў.

    Праз В. кідалі чаравікі з ночваў: калі перакінецца пара – хутка вяселле, калі толькі адзін – трэба яшчэ год чакаць. Як В. на той свет архаічным мысленнем разумеліся і зямля, і неба.

    У замове ад урокаў звярталіся да св. Ягорыя: “Адамкні сваімі залатымі ключамі вароты, адкрый сваю залатую рызу, прыбаўляй гасподнія расіцу. І вадзіца – царыца, змываеш жа ты лясы, балоты, жоўтыя пяскі, змый раба божага”.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/332

    НАВОШТА Ў ВАРОТЫ СЯКЕРУ КЛАЛІ

    Вароты. Сімволіка варот у традыцыйнай культуры ўсходніх славян вельмі блізкая да ўяўленняў аб ролі дзвярэй у хаце і іншых гаспадарчых пабудовах. Яны сімвалізавалі сакральную мяжу паміж “сваім” і “чужым” светам.

    * У паўсядзённым жыцці вароты былі зачыненымі. І толькі ў выключных выпадках іх, наадварот, пэўны час трымалі адчыненымі: калі ў хату прыходзіла бяда — паміраў чалавек.

    * На варотах, як і на дзвярах, на Вадохрышча малявалі крыжы, на Купалле да іх мацавалі вянкі, у якасці абярэгаў уторквалі нож, серп або іншыя вострыя прадметы.

    * Асаблівую ўвагу варотам надавалі на Тройцу. Да слупоў мацавалі галінкі бярозы, а самі вароты ўпрыгожвалі кветкамі і рознакаляровымі стужкамі.

    * У варотах выконвалі шэраг магічных дзеянняў. Напрыклад, шырока распаўсюджаны звычай у дзень першага выгану хатняй жывёлы на пашу ў варотах класці рытуальныя прадметы, цераз якія жывёла павінна была абавязкова пераступіць.

    Сярод прадметаў маглі быць: пояс (вечарам ён “прывядзе” скаціну дадому), велікоднае яйка (мела выразны прадуцыравальны характар: каб у гэтым годзе быў новы прыплод), замок з ключамі (каб засцерагчы ад ваўкоў), ручнік (каб ведала дарогу дадому), сякера (каб лёгка ацялілася).

    * Да варот заўсёды было сакральнае стаўленне. Лічылася, што той чалавек, які здымае вароты з завесаў, дапускае вялікі грэх. Разам з тым, калі наступала працяглая засуха, то першым сродкам збавення ад яе быў наступны рытуал.

    Маладыя хлопцы ноччу ўпотай ад усіх павінны былі зняць некалькі варот аднавяскоўцаў і кінуць іх у раку.

    Крыница: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=29128




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz