ДЗЕДАВІЦА

ПЛАЧКА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ПЛАЧКА

    Жаночая міфалагічная постаць, вядомая перважна з тэрыторыі паўночнай і паўночна – заходняй Беларусі. Міфалагічныя аповеды пра П. былі літаратурна апрацаваныя Я. Баршчэўскім і змешчаныя ім у зборніку беларускіх фантастычных апавяданняў “Шляхціц завальня”. Паводле гэтых аповедаў, П. – гэта кабета надзвычайнай прыгажосці, апранутая ў чысцюткі белы строй, але з галавой, пакрытай чорным галаўным уборам, і плячыма, ухутанымі ў чорную хустку.

    Часам з’яўлялася ва ўбогім сялянскім, сіроцкім адзенні. На жывых яе блакітных вачах заўсёды блішчэлі слёзы. Такім чынам, усё яе аблічча сімвалізуе жалобу і смутак. Падмацоўваюць гэты вобраз і звычайныя месцы з’яўлення П.: старыя кінутыя дамы, пустыя касцёлы або капліцы, разваліны старых замкаў.

    Часам з’яўлялася яна сярод дрэў (часцей – пад бярозамі) або пасярод поля, на пагорках, на беразе Дзвіны. Пакінуты дом, дзе з’яўлялася П., часта быў без вокнаў і без дзвярэй, што ўзмацняла сімволіку замагільнага свету (параўн. дамавіну). Найчасцей яе бачылі пасля захаду сонца, калі яна, сеўшы на камень або на парозе капліцы, жаласна наракала на свій лёс (як, напрыклад: “Няма каму даверыць таямніцу сэрца майго!”) і горка плакала.

    Відавочна, апошняя яе асаблівасць і асацыявалася ў народнай свядомасці з яе імем. Слёзы і малітвы П. былі нагэтулькі шчырыя, што ад іх нават уначы растулялася неба, свяціла яснае Сонца, прачыналіся птушкі і звяры. З гэтых слёз утварылася крыніца жывой вады на гары Пачыноўскай на выспе возера Рабло.

    Лічылася, што калі нехта ўпершыню нечакана натрапіць на гэтую крыніцу, нап’ецца з яе вады і пры гэтым пазнае П. у сіроцкім адзенні, то стане вешчуном і з вяршыні гары пазнае ўсе таямніцы свету; не пазнаўшы ж яе, не ўбачыць яе ўжо ніколі. Пра П. хадзілі розныя пагалоскі. Некаторыя думалі, што П. – вяшчуння нейкіх няшчасцяў: вайны, паморку або голаду.

    Іншым чулася, што гэта няшчасная маці аплаквае сваіх дзетак. А іншым мроілася, што П. – гэта камета, якая з’яўляецца на небе ў выглядзе вогненнай мятлы. Дасведчаныя людзі сцвярджалі, што П. плача на парозе або рэштках забытых святыняў: закінутых могілак; месцаў, дзе заставаліся рэшткі не пахаваных паводле прынятага абраду людзей або волатаў – герояў; месцаў, з якімі звязваліся аповеды пра царкву ці касцёл, што праваліліся пад зямлю (гл. Царкавішча).

    З’яўляючыся ў гэткіх месцах, П. звычайна ўпрыгожвала іх вянкамі з палявых красак, нібы ўшаноўваючы памяць нявінна памерлых. Маладзейшыя ж былі ўпэўненыя, што там, дзе з’яўляецца П., абавязкова закапаны вялікі скарб. Магчымая сувязь П. са скарбамі падмацоўвалася аповедамі пра тое, напрыклад, як яна кінула ў шапку няшчаснаму сляпому вандроўніку жменю старадаўніх срэбраных манет з выявай каралёў на адным баку і выявай Пагоні на другім, або пра тое, як асінае гняздо, кінутае дзеля смеху дзецюкамі – шукальнікамі скарбаў у вакно ўбогага старога, ператварылася ў россыпы золата.

    Вобраз П., відаць, кантамінаваны, які аб’яднаў у сабе некалькі вобразаў і звязаных з імі міфалагічных сюжэтаў. Найперш звяртае на сябе ўвагу яўная сувязь некаторых уяўленняў пра П. з пашыранымі ў Беларусі павер’ямі, што Бог дазваляе людзям, якія справядліва пражылі на гэтым свеце, праз некаторы час прыходзіць да сваіх малых дзетак або сваякоў і перасцерагаць іх ад розных нягод, раіць, што трэба рабіць, або пакарміць сваіх немаўлятаў.

    У пэўным сэнсе гэта родніць П. з непрытомнікамі, хоць вобраз П., намаляваны Я. Баршчэўскім, адрозніваецца ад апошніх рамантычнай узвышанасцю. Можна бачыць у П. і абагульнены вобраз усіх нявінна памерлых або пахаваных без выканання адпаведнага звычаю пахавальнага абраду, як у выпадку са зняволенымі ў кайданах у старадаўнім замкавым склепе або належала непахаваным волатам – героем пад Полацкам.

    Сувязь П. са скарбамі таксама невыпадковая. Так, шматлікія беларускія паданні пра захаваныя скарбы звязваюць іх з вобразам прыгожай дзяўчыны або жанчыны. Параўн., напрыклад, легенду “Навасадскае замчышча” і набор матываў: прыгажосць княжны; высокая гара; студня, а паблізу – крыніцы; затопленыя ў студні разам з княжной яе багацці; нявінныя ахвяры варожага нашэсця.

    Адпаведны набор матываў знаходзім і ў легендзе “Прыгожая Кінгі”: прыгажосць Кінгі; палац, які праваліўся пад зямлю; гара; выхад Кінгі на вяршыню гары апоўначы; яе сядзенне на камені; куфар з золатам; камень, у які ператварыўся разбойнік, які замахнуўся на Кінгі; просьба Кінгі прынесці ёй кветак (інверсія сітуацыі, калі П. упрыгожвала могілкі). А ў паданні “Скарб” актуалізаваныя два матывы: прыгажосць захавальніцы скарбу і непахаваная адпаведным чынам душа гэтай прыгажуні.

    Варта звярнуць увагу і на тое, што паданні пра прыгажуню П. пашыраліся і на сучасную Латвію (згадкі пра яе з’яўленне ў Інфлянтах). Таму можна папярэдне звязваць іх з такімі тапонімамі на тэрыторыі Латгаліі, як Plocini (у крыніцах – Placini, Placeni, Плотина, Плоцини, Плотины, Плотино, Плоцины, Плотини, Plocinie, Placeni), і бачыць у паданнях пра П. вынік балта – славянскай моўна – культурнай інтэрферэнцыі. Параўн. таксама і некаторыя беларускіямікратапонімы: Плаканы Нівы, Плаксіны.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/4173

    НАЧНІЦА (БАБІЦА, ПЛАЧКА, КРЫКСА)

    ГЭТА НАЧНЫ шкодны дух, не даваючы спаць нованароджаным. Звяртаючыся ў кажаноў, гусеніц, птушак, а часам у доўгавалосых жанчын у чорным адзенні, начніцы б'юць, скубаюць дзяцей, даюць ім пасмактаць грудзі, а малако вось - атручанае. Каб усцерагчы дзетак, маці не павінны качаць пустую зыбку, ці пакідаць на двары пасля заходу сонца пяленкі, ці купаць немаўля ў прастаяўшай ноч вадзе.

    Але ўжо калі начніца прывязалася, трэба абавязкова абкурваць хату травою "паўночнікам", а на кожнае акно ў хаце пасадзіць некалькі лялек. НАЧНІЦЫ (крыксы) - начныя дэманы. Нападаюць галоўным чынам на нованароджаных дзяцей, да вадахрышча. Гэта нявызначанага выгляду істоты. Часам уяўляюцца ў выглядзе жанчын з доўгімі валасамі ў чорнай адзежы. Начніцамі становяцца пасля смерці жанчыны-ведзьмы, не меўшыя дзяцей.




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz