ДЗЕДАВІЦА

БАБА (БАБЫ)
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    БАБА (БАБЫ)

    Каменная Баба. Вёска Грабаўцы, Жабінскі раён Брэсцкае вобласьці. Фота з архіва Інстытута гісторыі НАН Белрусі.

    Як парны да «дзеда» тэрмін баба («бабы») у лакальных варыянтах:

    1) абазначае назву памінальнага дня (наступнага за Дзядамі) і саміх продкаў: «На сьнеданьне, кажуць, што это ўжэ не дзяды прыдуць, а бабы»;

    2) называе парных пэрсанажаў рытуальна-гульнёвых дзеяў (напрыклад, дзеда і бабу ў «Жаніцьбе Цярэшкі») і

    3) абазначае антрапаморфную выяву дажынкавага снапа.

    Ёсьць меркаваньні, што баба — гэта ў дыяхраніі не маці бацькоў, а менавіта пажылая, спрактыкаваная кабета, якая валодае неабходнай сакральнай інфармацыяй (параўн. сучаснае: бабка-знахарка, шаптуха, жанчына-павітуха).

    Верагодна, праекцыя да абазначэння продкаў абумовіла задзейнічаньне тэрміна бабы ў дэманалагічнай наменклатуры (Баба Яга сама разумеецца як першапродак), параўн. Бурая Баба; «Не ідзі ў жыта, там Бурая Баба», «баба сьлепа і сопліва, што сядзіць пад мостам» ды інш. (гл. Сопуха).

    Шырока распаўсюджаныя ўяўленьні, што да чалавека перад яго сьмерцю прыходзяць продкі, напрыклад, у абліччы матылёў (параўн. рус. бабочки, варыянт — душечки, гл. Матылёк): «Як багата бабачак ляціць у хату, то будзе дрэнно, нехто помрэ».

    Магчыма, пэўныя міфалагічныя паралелі мае выбар тэрміна «баба» («бабка») для найменьня кутняга зуба, калодзежа, дрыгвы і часткі прыпеку, куды выграбаецца попел. Вобраз бабы часта фігуруе ў паданьнях пра ўзгоркі (гл. Гара Бабіна), курганы, масты, балоты, культавыя камяні.

    Тэрмінам «баба» часта называюць каменныя стоды і каменныя крыжы. Пра курганы блізу вёскі Вусьце Браслаўскага раёна ў паданьні гаворыцца, што тут ваявала нейкая Баба. Пасьля паразы яе войска гналі з людзьмі і конямі да тых курганоў, што знаходзяцца за рэчкай.

    У час пераправы праз рэчку загінула шмат людзей і коней, і доўга з вады тырчэла дышла ад адной з затанулых павозак. Каменны стод, які стаяў на кургане блізу вёскі Грыцкавічы Сьвіслацкага раёна, зваўся «Грыцэвіцкая Баба». Каменны крыж на беразе возера Глухога блізу вёскі Галошава Талачынскага раёна вядомы як Баба, або Кацярынаў крыж.

    Ёсьць і іншыя найменьні — балота Баба (вёска Лахаўка Лунінецкага раёна), Бабі Гай (вёска Алекшыцы Бераставіцкага раёна), паселішча раньняга жалезнага веку ва ўрочышчы Баб'е (вёска Калыбань Брагінскага раёна), курганы ва ўрочышчы Бабіна Берва (вёска Мілевічы Жыткавіцкага раёна) ды інш. Гл. таксама Бурая Баба, Жанчына.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/91




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz