ДЗЕДАВІЦА

АЎСЕНЬ [1]
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    Аўсень

    Мастак Андрэй Мазін

    АЎСЕНЬ [1]

    Пэрсанаж усходнеславянскай міфалогіі, зьвязаны са сьвяткаваньнямі Новага Года, якія пачаткова, што вельмі верагодна, ладзіліся ўвесну. Пазьней пасьля каляндарнай рэформы яго ўшанаваньні былі перанесены на зімовы калядны пэрыяд. Аўсень пераважна вядомы з той славянскай тэрыторыі, якая працягвае былы балцкі арэал. Аднак высновы пра поўную невядомасьць гэтага пэрсанажа на Беларусі (У. Тапароў) хутчэй за ўсё пасьпешлівыя.

    Прынамсі, на ўсходзе Беларусі, Смаленшчыне і Браншчыне вядомая адмысловая рытуальная страва з такой жа назвай (гл. Аўсень [2]), прысьвечаная пэрсанажу Аўсеня. Сьвяткаваньні адбываліся 1 сакавіка (адна зь вядомых датаў пачатку Новага Года). Характэрная для навагодніх урачыстасьцяў і форма гэтай стравы — гатаваная ў цесьце галава сьвіньні.

    Гэта старажытны салярны сымвал і сымвал урадлівасьці. Так што гэтая акалічнасьць дае падставы рэканструяваць і беларускага міфалагічнага пэрсанажа Аўсеня. Скарэляванасьць арэала «аўсеневых» тэкстаў з былым балцкім арэалам уздымае пытаньне аб судачыненьнях Аўсеня з латышскім Усыньшам (параўн. адну з формаў імя Аўсень — Усень).

    Хутчэй за ўсё, тут мы маем справу не з генэтычнай роднасьцю, а з адным з субстратных міфалагічных пэрсанажаў. Можна меркаваць хутчэй латгальскую крыніцу або крыніцу, дыялектна блізкую да латгальскай (параўн. латгальскую форму імя Усыньша — Jeuse??). Этымалагічна Усыньш суадносіцца з такімі вядомымі пэрсанажамі індаэўрапэйскіх міфалогій, як летув. Аўшра, ст.-інд. Ушас, лац. Аўрора, ст.-грэц. Эас, слав. Вясна — увасабленьнямі ўзыходу Сонца і сьвітанку.

    У сваім часе Ф. Кёйпер дэталёва прааналізаваў міфалагічныя функцыі Ушас у гімнах Рыгведы і паказаў, што ў бальшыні паказальных кантэкстаў Ушас увасабляе не сьвітанак кожнага дня, а сьвітанак першага дня Новага Года. У кожным з 20 гімнаў Ушас самая характэрная рыса, як адзначае дасьледнік, гэта малітвы аб багацьці (конях і быках) і нашчадках (героях).

    Параўнайма характэрны прыпеў беларускіх валачобных песьняў, дзе абыгрываюцца абодва датычныя Ушас матывы:

    «Да бывай здароў, май сто кароў, 

    Май сто кароў, пяцьдзесят канёў, 

    Май пяцьдзесят канёў, сем сох валоў, 

    Сем сох валоў, паўтараста раёў. 

    Будзь [жа] здароў, як зімою вада, 

    Да будзь жа багат, як улетку зямля,   

    Да ізь дзеткамі, да зь сямейкаю, 

    Да зь сямейкаю весяленькаю,

    Проціў новага лета песенька сьпета».

    У гэтых песьнях вельмі часта спэцыяльна адзначаецца, што «проціў новага лета песенька сьпета», чым падкрэсьліваецца яе менавіта навагодняя (у нашым выпадку — веснавая) рытуальная прымеркаванасьць. Параўн. і выкарыстаньне тэрміна Каляда ў дачыненьні да ўсіх трох сьвяточных дзён каляднага пэрыяду з характэрнымі варожбамі на кожную зь іх: «Коляда — одна на врожай, друга — на прыплыдок, трэтя — на здоровье» (Драгічынскі р-н, запіс Ф. Клімчука).

    Дасьледнікі адзначаюць адмысловую сувязь Аўсеня, а яшчэ ў большай ступені латышскага Усыньша, з коньмі. Ёсьць усе падставы лічыць, што ў пэўны гістарычны момант Аўсень на бальшыні беларускай тэрыторыі (найперш у яе паўночнай частцы, прылеглай да латгальскай тэрыторыі) быў замешчаны некалькімі падобнымі па функцыях пэрсанажамі. Самы яўны субстытут Аўсеня — сьв. Юр'я.

    Так, на Ровеншчыне зафіксавана цікавае тлумачэньне: «Кажут, Коляда приеде. Кажут, еде таки якись Юрий на кони». Наогул сувязь Юр'і з коньмі добра вядомая. Так, менавіта на яго сьвята ладзіліся адмысловыя абрады пастухамі-начлежнікамі. Можна прыгадаць і стандартную формулу беларускіх валачобных песьняў: «Я каня маю і Юр'ю знаю». Ёсьць і іншыя яўныя субстытуты Аўсеня ў беларускай міфалогіі — гэта Вазіла і Кумяльган.

    Абодва мелі напаўчалавечую, напаўконскую постаці, абодва мелі самае непасрэднае дачыненьне да коней. Толькі Вазіла быў руплівым апекуном коней і пастухоў з функцыямі, вельмі блізкімі да функцыяў латышскага Усыньша, а вось Кумяльган — гэта зласьлівы шкоднік коням.

    3 гэтымі пэрсанажамі можна супаставіць своеасаблівую парнасьць Усыньшаў у латышоў і меркаваную дасьледнікамі дваістасьць Аўсеня. У абодвух выпадках проціпастаўляюцца «стары» і «малады» пэрсанажы, якія могуць увасабляць Стары і Новы гады.

    Прычым сэмантыка «старога», як правіла, аказваецца адмоўнай (параўн. Кумяльгана), а «маладога» — станоўчай (параўн. Вазілу). Аднак, нягледзячы на мноства цікавых паралеляў, вобраз беларускага Аўсеня застаецца ўсё яшчэ дастаткова цьмяным і патрабуе далейшага паглыбленага вывучэньня

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/87




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz