
АЎДОКІ - ЧАС ВЯСНУ КЛІКАЦЬ
14 сакавіка (на Еўдакію) у асобных раёнах Беларусі «гукалі» вясну – загукалі, клікалі, запрашалі з дапамогай магічных формул – песень-заклічак. Па ўяўленні нашых продкаў, гэты абрад набліжаў надыход вясны:
Благаславі, Божа,
Вясну заклікнуці,
Лета сустракаці!
Прыйдзі, вясна,
Прыйдзі красна!
Кожны радок песні заканчваецца працяглым выгуканнем «Гу-у-у!», з дапамогай якога выканаўцы пасылалі ў наваколле моцныя энергетычныя вібрацыі, якія, меркавалася, павінны абудзіць зямлю, наваколле, даляцець да птушынага выраю і свету памерлых продкаў.
Абрад праводзіўся на ўзвышшах або іншых адкрытых прасторах: высокім беразе ракі, возера; на страсе пуні, гумна, лазні; на паляне, вакол дрэва (дуба, сасны, бярозы). Вельмі ўдалым лічылася ў гэты дзень сустрэча з ластаўкай.
Ёй услед кідалі жменю зямлі і прыгаворвалі: «На табе, ластаўка, на гняздо!». Лічылася, што ў такім выпадку чалавека чакае дабрабыт і здароўе. Руплівыя гаспадары ў гэты дзень неслі з лесу галінкі дрэў і падпальвалі імі ў печы – «каб вясна была цёплай».
А яшчэ на Еўдакію назіралі за станам надвор’я і варажылі на будучыню: калі на Аўдоццю малады месяц з дажджом, то лета будзе мокрае. Якая Еўдакія, такое і лета. Калі гэты дзень цёплы, свеціць сонца, то вясна і лета будуць цёплыя і асабліва ўдалы будзе сенакос.
Калі ідзе дождж, то будзе ўраджай на жыта. Калі моцны мароз, то ён памарозіць грэчку ў час цвіцення. Калі гэты дзень туманны, то будзе ўраджай на стручковыя расліны; калі ж мяцеліца і завіруха, то ў бягучым годзе трэба чакаць вялікага холаду.
Калі гракі прыляцелі да Еўдакіі – лета чакалі мокрае. Лужы вады на Аўдоццю каля парога – пчаляры ў мёдзе купацца будуць. (Беларуская міталогія).
Аўтар: «Народная газета».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/f5dd8db30599deff.html
|