ДЗЕДАВІЦА

ЗМЕЕЎ КАМЕНЬ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ЗМЕЕЎ КАМЕНЬ: УНІКАЛЬНЫЯ ЎСПАМІНЫ МЯСЦОВАГА ЖЫХАРА ВІКТАРА ПАТАПАВА

    Ніколі яшчэ нашая экспедыцыя не была такая блізкая да Цмока! Здаецца – толькі што ён быў тут, вунь там за кустом мільгануў ягоны цень… Але – пра ўсё па парадку. Думаеце, пошукі Цмока – гэта як адпачынак на курорце? Дзе ж там! На гадзінніку – чвэрць да шостай ранку. Ваколіцы Новалукомля (альбо, як будзе больш слушна па-беларуску -- Навалукам’я).

    Вёска Гогалеўка. Каардынаты нашай мэты – дакладней не бывае: “за 1,5 км на поўдзень ад вёскі”. А мэта не хухры-мухры – Змееў камень, які ёсць увогуле адным з найвялікшых (калі не самым) валуноў Беларусі: 12 метраў у даўжыню, 4,3 у вышыню. Па аб’ёму супастаўны з трыма легкавікамі, скажам так.

    Камень – менавіта пад такой назвай! – унесены ў Дзяржаўны ахоўны спіс, з’яўляецца помнікам прыроды. І вось на світанні мы шукаем яго. Паўгадзіны, гадзіну… Вёска спіць, памагчы няма каму. Міма праязджае дзед на возе з суседняй вёскі. Кажа, што сам на камяні не быў, але “недзе там у лесе, знойдзеце”.

    Наразаем кругі. Хаваецца Змееў камень! Нарэшце на краі вёскі заўважаем дзеда, які выйшаў з расою касіць траву каню.

    -- Дык яго лёгка знайсці! – пасміхаецца дзед.

    – Вось гэтай дарожкай, потым яна правей пойдзе, ну і там на ўзлеску таблічка стаіць.

    Зноў кіруемся на пошукі. Не знаходзім. Жаласліва просім дзеда паказаць.

    Кажам, 300 кіламетраў праехалі, каб пабачыць! Літасцівіцца – ідзе паказваць. Дарогаю пачынаю распытваць.

    -- А якія легенды ходзяць пра гэты камень?.. Кажуць, пра Цмока нешта расказваюць?..

    -- Якія тут легенды, мой бацька яшчэ таго Цмока памятаў!.. Мы слупянеем. Фатограф Таранціна забываецца, на які гузік ціснуць, каб фатаграфаваць. Я прыгадваю, чым грэўся ўчора на ноч. І ці паспеў папярэдзіць жонку на выпадак, калі патраплю ў Навінкі.

    -- Цмок той быў як чалавек, толькі дужы надта, дрэва мог узяць ды вырваць. І як небяспека якая – ён цераз сябе перакуліўся і Змеем зрабіўся! Крылы паяўляюцца -- і паляцеў! А ў камяні гэтым ён жыў, дом там ягоны быў.

    Пакуль я асэнсоўваю пачутае, дзед вырашае мяне дабіць.

    -- У таго Цмока была дзеўка, з суседніх Сіманавічаў, якія амывае наша Лукомскае возера…

    -- І ён да дзеўкі хадзіў?.. – дзівіцца падрабязнасцям асабістага жыцця Цмока фатограф Таранціна. -

    - Якое хадзіў!? Лётаў! – папраўляе пачынаючых цмоказнаўцаў дзед.

    – Дык вось, лёг ён спаць, а яе папярэдзіў:

    “Як будзе Пярун ляцець – дык пабудзі мяне, каб не забіў”. А яна ўзяла і не пабудзіла – Цмоку давялося спешна ўцякаць, чуць жывы астаўся. За гэта ён дзеўцы той пяцярнёй па твару ўрэзаў. Ды чырвоная пяцярня ў яе на твары так і засталася. Пражыла яна 120 гадоў – і ніхто яе замуж браць не хацеў, бо пяцярня тая чырвоная Цмокава на ёй была.

    Я тую дзеўку добра помню – як малы быў, яна жыла яшчэ… Я пачынаю ікаць. Ад разумення, што дзед нас не троліць, а на поўным сур’ёзе распавядае тое, што ведае. Прычым дзед з выгляду – не п’е зусім! Экскурсія па месцах баявой славы Цмока тым часам працягваецца.

    -- Вось тут крынічка была, з якой Цмок піў. А вось тут, кажуць, падземнае возера ёсць… А вось тут ягоная лазня была. Цмокава. Усіх, хто дагэтуль не верыць у існаванне беларускага Цмока, я б сілком вёз на аўдыёнцыю да гэтага дзеда, якога, як высветлілася, клічуць Віктар Паўлавіч Патапаў.

    Мы падыходзім да ўзлеска. А Віктар Паўлавіч працягвае сыпаць фактамі. Мы старанна фіксуем усё на відэа – разумеючы, што без гэтага вы можаце нам і не паверыць!..

    -- На нашым Лукомскім возеры ёсць востраў… Ён называецца Востраў Любві або Востраў Смерці. Туды як едуць любоўнікі маладыя – дык яны ўсё адно адтуль не вяртаюцца, патопяцца. Бо там каля вострава глыбіня 9 метраў. А ў іншым месцы возера дык і метр бывае. -- А вы там былі? -- А чаму не быў – быў некалькі разоў летам…

    -- З дзеўкай?

    -- З рыбакамі! – пакрыўджана адказвае дзед.

    – Плавалі ў такіх агромных спецыяльных лодках. Яны туды коні перавозілі пасвіцца. Бо адтуль коні ўжо нікуды не дзенуцца.

    Востраў таксама мае непасрэднае дачыненне да Цмока. Паводле словаў Віктара Патапава, ён утварыўся, калі Пярун ударыў маланкай у Цмока, які яд яго ўцякаў. Цмок вывярнуўся – і маланка патрапіла ў возера.

    Таму каля вострава і так глыбока – гэта своеасаблівая варонка. Вось і камень. Прызнацца – самі ніколі б не адшукалі. Бо ахоўная таблічка стаіць ужо фактычна на ўскрайку леса, у кустах – і з дарогі яе не прыкмеціць.

    -- Хоць некаторыя самі знаходзяць, -- кажа Віктар Паўлавіч.

    – Хаця во журналісты з Лепеля самі не знайшлі без мяне! Камень – без усялякіх прыўкрас – проста неверагодны. Памятаеце, як мы знайшлі адзіную ў Беларусі пячору і менавалі яе Цмокавай? Дык вось, паводле структуры ён нагадвае пароду, з якой складаецца пячора – неаднародны, увесь у норах і рытвінах.

    Тым часам Віктар Паўлавіч пачынае экскурсію па камяні. -- Ён і цяпер здаровы, але гэта ён ужо ў зямлю ўрос. А раней, мо, метры на чатыры вышэйшы быў. Вось тут быў уваход – во і камень ад ганка захаваўся. А вось гэтыя дзіры – гэта вокны былі. Памятаю, бацька распавядаў, як яны з дзядзькам вырашылі праверыць, што ж там той Цмок робіць.

    Але самі зазіраць баяліся. Дык яны свайго вялізнага сабаку, з якім каровы пасвілі, узялі – і ў вакно закінулі. Сабака толькі раз гаўкнуў – і ўсё, болей ужо не вярнуўся.

    -- Дык за што яны так сабачку?

    -- А хто ж ведаў, што не вернецца, што так будзе?! – як бы апраўдвае сваякоў дзед.

    Пытаюся, калі тое было, каб навесці храналогію.

    -- У якім годзе, цяжка сказаць, але і бацька мой, і дзед больш, чым па 100 гадоў пражылі. Ну проста запаведнік доўгажыхароў! Бацька і дзед – больш за 100, Цмокава дзеўка – увогуле 120!

    Пытаюся, можа і яму, Віктару Паўлавічу, не 80, а 120?..

    -- Восемдзесят! Ногі ўжо схадзіліся! – адказвае дзед. Пад кіраўніцтвам Цм… перапрашаю, Віктара Патапава роўна над камянём чапляем на дрэва шыльду, якая праўдзівая, як ніколі:

    “Тут жыве беларускі Цмок!” Дэталь, каб вы ўяўлялі маштабы камяня: дрэва на здымку расце непасрэдна на ім. Аднак Віктар Паўлавіч перажывае, што яно каранямі разбурыць валун – таму абкарыў яго, каб дрэва ссохла. А яно не ссыхае! Паводле нашага гіда, Змееў камень хацелі ўзарваць у вайну партызаны – каб паглядзець, што там.

    Але нешта перашкодзіла. Ці нехта?.. Тут Віктар Паўлавіч прыгадвае, што не дакасіў траву – а раса хутка сыдзе і не будзе як. Кіруе нас на гару за валуном: -- Ідзіце праменька, там падмуркі ад ягонага хлява пабачыць можна.

    Раней каля таго хлява дуб рос – Цмок за яго свайго быка прывязваў. Гаспадарка ў яго была добрая: коні, каровы… Ідзем. Як кажуць, хочаце верце… Але пасярод леса сапраўды захаваліся рэшты нейкіх падмуркаў!

    Пасля ўсяго гэтага найменей нам хочацца адсюль з’яжджаць. Хочацца сесці на лаву, якую нехта клапатліва змайстраваў пры самым Змеевым камяні – і добра падумаць пра ўсё гэта… Але ж экспедыцыя мае маршрут – і мусіць крочыць далей! Увага! Камень знайсці даволі цяжка, таму падаем зафіксаваныя каардынаты GPS

    Крыніца: http://cmok.budzma.org/node/57




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz