ДЗЕДАВІЦА

НАМЁТКА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ЯК НЕЗВЫЧАЙНЫ АБРАД З ГЛЫБОЧЧЫНЫ ТРАПІЎ У СПІС ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ БЕЛАРУСІ

    Фота: Мармыш Таццяна, Вячаслаў Гладкіх

    Гісторыя ўключэння абрада “Насіць намётку” жыхароў вёскі Папшычы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь з’яўляецца яскравым прыкладам таго, як кожны чалавек, пры жаданні, можа паслужыць на карысць людзям ды беларускай культуры.

    ПАЧАТАК

    Калі пачынаеш гаварыць аб традыцыйнай беларускай культуры, то падаецца, што ўсё даўно ўжо вывучана незлічонымі гісторыкамі-этнолагамі, і нічога новага ды цікавага не засталося. Але на самой справе ўсё не так, і беларусы не перастаюць здзіўляць!

    Так адбылося з абрадам “Насіць намётку”. У в.Папшычы Глыбоцкага раёна штогод на свята Спаслання Духа Святога на апосталаў (па календары каталіцкай канфесіі) усе вяскоўцы збіраюцца разам ля прыдарожнага крыжа.

    Пасля адмысловага рэдкага спеву людзі разгортваюць палатно, якое называецца “намётка”, і пачынаецца працэсія. Людзі ідуць праз усю вёску на могілкі, а на палатно кідаюць грашовую ахвяру.

    Вяскоўцы вераць, што гэта засцеражэ вёску і іх саміх ад небяспекі. Здавалася б, што тут цікавага? Але калі пачынаеш шукаць, то абавязкова знаходзіш!

    ГІСТОРЫЯ НАМЁТКІ

    Абрад, які здзяйсняюць жыхары вёскі, у навуковай літаратуры называецца абыдзённым, а палатно – абыдзённікам. Назва абрада паходзіць ад словазлучэння “аб адзін дзень”. Сама гэта назва і падказвае, што нешта павінна было адбыцца за адзін дзень.

    Менавіта за адзін дзень ці за адну ноч вяскоўцам неабходна было выткаць адрэз палатна. Здзяйснялася гэта каб абараніць вёску ад небяспекі: хваробы, пажару, засухі ці нават вайны. Напрацягу ўсяго ХІХ ст. выраб абыдзённага палатна быў даволі пашыранай практыкай. Выраблялі абыдзённік яшчэ і ў першай палове ХХ ст., асабліва падчас Другой сусветнай вайны.

    Паступова абрад гэты адыходзіць у нябыт і застаецца толькі ў памяці людзей. У Папшычы абыдзённы абрад захаваўся да цяперашняга часу і ператварыўся ў сталую штогадовую практыку. Хутчэй за ўсё да абыдзённага абраду ў Папшычах звярнуліся на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзях. 100-гадовы Уладзімір Ткачонак сцвярджае, што і ён сам і яго бацькі насілі намётку.

    70-гадовая Ірына Антонаўна Раманчук расказвае: “Гэта мая мама памёрла ў… восемдзесят тры гады её было. Яна сямнаццаць гадоў як памёрла. І ўжо яна ведала аб гэтым змала. І яна жывя сама аж у Сапеліне, і ўсё гэта ёй было расказана. І гэта бацькі яе зналі, што ў гэтай вёсцы гэткая вера…”

    Атрымліваецца, што аб здзяйсненні дадзенай практыкі ведалі ў суседніх вёсках, дзе абыдзённы абрад на той час не выконваўся. Далей інфармантка дадае, што яе маці перайшла ў Папшычы ў шаснаццацігадовым узросце (1928 годзе) і ўжо ведала пра існаванне абраду.

    Падчас Першай сусветнай вайны ў вёсцы размяшчаліся царскія войскі, а пасля, па сведчаннях старажылаў, сюды даходзілі нямецкія раз’езды. Адна з эпідэмій, з тых, што ўзнікалі падчас ці пасля войнаў, магла стаць тым катаклізмам, які і выклікаў да жыцця абыдзённы абрад.

    ЛЕГЕНДА

    Амаль заўсёды, калі мы сутыкаемся з гісторыяй нашай роднай зямлі, мы рана ці позна натыкнёмся на цікавую легенду. Не абышлося без падання і ў Папшычах. Вось што мы пачулі ад 72-гадовай Марыі Францаўны Кушнярэвіч: “Нашто носяць, гэтак нашыя бацькі казалі.

    Ну, гэта яшчэ не ведаю, да вайны, ці нават раней, страшная хвароба была – халера. Усіх людзей сплош радам касіла, не было ад яе паратунку для жывой душы. Ну, што рабіць? Ужо тут блізка падступае хвароба да Папшычоў.

    Сабралася вёска, параіліся людзі ці падказаў ім хто, але за ноч выткалі палатно. Ну, якое там што ў каго было зняслі па нітачцы і выткалі. І што рабіць? Ля вёскі была дарога кругом. Даўней круга вёскі хадзілі. Ну сабраліся ўсе і пайшлі гэтай дарогай. І ружанец, і мадлітвы і пайшлі круга вёскі ўжо прасіць Бога, каб абараніў ад гэтай халеры.

    І праз некалькі дзён цішыня. Ніхто ўжо не ўміраў у Папшычах. У Зялезьках уміралі, там недалёка гэта вёска. Уміралі, уміралі. Тады некаму са старых у Зялезьках сасніўся сон, а ў ім – хвароба. Кажаць ёй стары: “Чаго ты прычапілася?! Ідзі ў Папшычы!”

    А хвароба адказвае яму: “Не пайду. Там рыжы сабака круга вёскі лётаець”. Ніхто не памёр у Папшычах, а з таго часу пачалі людзі ткаць гэту намётку кожны год, каб сцярог Бог вёску і яе жыхароў ад усялякага ліха.

    ШТУРШОК

    Вось ужо і абрад не падаецца звычайным, і цікавасць да яго захавання ёсць, але не хапае... Не хапае штуршка. І такім штуршком з’явілася звычайная лекцыя.

    Міхаіл Анатольевіч Міхайлец, цудоўны выкладчык, што чытаў студэнтам гістарычнага факультэта БДУ, сярод якіх быў і аўтар гэтых радкоў, курс “Турыстычны патэнцыял Беларусі”.

    У межах курса ён распавёў аб нематэрыяльнай культурнай спадчыне, цікавасць да якой у свеце усё больш узрастае. Аказваецца, што абрад жыхароў в.Папшычы можа быць у ключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Трэба толькі папрацаваць!

    ПРАЦА ПА ЎКЛЮЧЭННІ

    Як правіла, праца па выяўленні элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны і іх уключэнні ў Дзяржаўны спіс вядзецца на месцах. Гэта пытанне курыруюць у раёнах аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў.

    Курыруюць іх і на абласным узроўні. Але выступіць ініцыятарам уключэння можа любы неабыякавы чалавек. Толькі для гэтага трэба падрыхтаваць пакет дакументаў і мець экспертнае заключэнне.

    Напачатку я звярнуўся да Валодзінай Таццяны Васільеўны, загадчыка аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

    Яна адразу ж адгукнулася на просьбу стаць экспертам. Таццяна Васільеўна знайшла і другога эксперта – Кухаронак Таццяну Іванаўну, старэйшага навуковага супрацоўніка таго ж аддзела. І разам мы накіраваліся ў экспедыцыю.

    ЭКСПЕДЫЦЫЯ

    Каб зрабіць экспертнае заключэнне, экспертам трэба пабачыць абрад на ўласныя вочы. Глыбокае не такое і далёкае, але ж і не блізкі свет. А яшчэ трэба даехаць і да самой вёскі (15 км ад горада).

    І тут на дапамогу нам прыходзяць супрацоўнікі Інстытута культуры Беларусі – установы, якая сёння з’яўляецца кансультатыўным і экспертным цэнтрам па падрыхтоўцы дакументацыі на статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

    Сташкевіч Ала Барысаўна, начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, знаходзіць транспарт. І напярэдадні правядзення абрада, 18 мая 2013 года, мы накіроўваемся на Глыбоччыну.

    Даехаць справа адна, але трэба ж дзесьці і пераначаваць. У гэтай патрэбе нам дапамаглі айцы-францысканцы, да парафіі якіх належыць вёска Папшычы. Служаць айцец Ян Валяр'ян Хернік, а. Яраслаў Банасяк, а. Вальдэмар Куяваў в. Удзела, дзе знаходзіцца іх манастыр.

    А дапамаглі яны размясціцца нам у суседняй вёсцы, што завецца Пятроўшчынай. Непасрэднымі арганізатарамі начлега і смачнай вячэры былі Арэхава Алена Аляксандраўна, Арэхава Валянціна Францаўна і Арэхаў Аляксандр Сяргеевіч, за што ім вялікі дзякуй! І вось доўгачаканая раніца 19 мая.

    У Папшычах небывалае ажыўленне. Першымі да крыжа падцягваюцца бабулькі. Паступова з’яўляюцца іх дзеці і ўнукі, што прыехалі на малую радзіму з суседняга аграгарадка.

    Пачынаецца рытуальны спеў, размовы сціхаюць і падаецца, што ўсё жывое яднаецца ў агульным намеры-малленні аб дабрабыце, супакоі і шчаслівай долі для вяскоўцаў. Песня гучыць тройчы і заціхае, дзеці пачынаюць разгортваць намётку, людзі кладуць на палатно грашовыя ахвяры...

    Вось-вось пачнецца працэсія, мы не павінны выпусціць з-пад увагі нічога. А ў гэтай адказнай справе нам дапамагае Вячаслаў Гладкіх, мой аднагрупнік, і, па сумяшчальніцтву, аператар. Ён фіксуе ўсе абрадавыя дзеянні, а пасля, дзякуючы яго залатым рукам, з’явіцца відэафільм. Усё праходзіць паспяхова.

    Назбірана шмат матэрыялу, але працы наперадзе яшчэ больш. Трэба рыхтаваць пакет дакументаў. Як вы заўважылі, у гісторыі з намёткай аўтар дадзеных радкоў ніколі не застаецца без дапамогі.

    У карэктным афармленні ўсіх дакументаў неацэнную дапамогу аказала Таццяна Міхайлаўна Мармыш, намеснік начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі. З яе дапамогай праз нізлічоную колькасць правак з’яўляецца канчаткова падрыхтаванае і ўкамплектаванае дасье на наш абрад.

    Дасье накіроўваем у Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, дзе Ірына Іванаўна Шаціла, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах, яго яшчэ раз правярае і дапамагае з друкам.

    Для канчатковага поспеху неабходна згода раённых уладаў, якія ў выпадку ўключэння абрада ў Дзяржаўны спіс бяруць на сябе адказнасць за яго захаванне. І канечне ж мы зноў атрымліваем падтрымку!

    Гэта не толькі карысная справа для раёна, але і гонар – Глыбоччына можа стаць адзіным рэгіёнам Беларусі, дзе так шануюць свае культурныя каштоўнасці, што ўключылі цэлыя тры элементы нематэрыяльнай спадчыны ў Дзяржаўны спіс!

    ПЕРАМОГА

    Усё гатова, засталося толькі чакаць, калі адбудзецца пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Пасяджэнне прызначана на 22 студзеня. Рада знаёміцца з матэрыяламі дасье, выслухоўвае экспертныя заключэнні і прадстаўленні элементаў...

    Хвалюючы момант - і рашэннем членаў Рады падтрымана прапанова аб наданні статусаў нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь дзевяці элементам нематэрыяльнай культуры, а сярод іх і абраду “Насіць намётку”.

    БУДУЧЫНЯ

    Вось і ўсё. Два гады цікавай, але часам нялёгкай працы, прынеслі плён. Абрад “Насіць намётку” уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Што гэта дасць для захавання абрада?

    Ці будзе людзям ад гэтага карысць? Пакажа час. Ужо распрацаваны комплекс мер па падтрымцы элемента, пра яго пішуць навукоўцы і журналісты. Самі носьбіты – нашы мілыя бабулькі і іх унукі – пачалі цікавіцца сваімі ж традыцыямі. І гэта галоўнае!

    Як толькі мы ўсвядомім, што ў нашых руках не проста абрад, а жывы скарб, то адразу знойдзем шляхі яго захавання. А пакуль выказваю шчырую падзяку ўсім, хто дапамагаў у выяўленні, вывучэнні, фіксацыі абрада, афармленні дакументацыі і ва ўсіх арганізацыйных момантах.

    Асаблівы дзякуй усім жыхарам вёскі Папшычы, якія адгукнуліся на просьбу і згадзіліся даць інтэрв’ю: Кушнярэвіч Марыя Францаўна, Ткачонак Ядвіга і Уладзімір, Пятрага Марыя Уладзіміраўна, Раманчук Ірына Антонаўна, Жолуд Аліна Генрыхаўна. І дзякуй Саколцы Ядвізе Вінцэнтаўне, маёй бабулі, што жыве ў Папшычах, без якой не было б мяне, маёй цікавасці да нацыянальнай культуры і гэтага артыкула.

    Дзяніс Філіпчык, выпускнік гістарычнага факультэта БДУ

    Сайт: http://reporter.tut.by/reporterallnews/840.html

    Сайт: http://reporter.tut.by/reporterallnews/840.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz