ДЗЕДАВІЦА

«ПАХАВАННЕ ДЗЕДА»
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    «ПАХАВАННЕ ДЗЕДА»

    Вяртаюцца ў паўсядзённае жыццё многія ія забытыя народныя святы. І вось ужо рэдкая сям’я нават у мегаполісе не адзначае блінамі прыгожую і шчодрую Масленку. А давайце прыгледзімся да побыту старэйшых пакаленняў беларусаў. Паверце, вы з нямалым здзіўленнем заўважыце: ёсць месцы, дзе і вялікія святы, і ўнікальныя традыцыі не знікалі ніколі.

    У першы дзень Масленічнага тыдня адбылася абрадавая гульня «Пахаванне Дзеда», якая традыцыйна з даваенных часоў праходзіла ў вёсках Даўгапольскага сельскага савета Гарадоцкага раёна (Маскаленяты, Філімонава, Зарэчча, Селішча, Даўгаполле). У мясцовай традыцыі гэта робіцца так: «мясавед» заканчваецца «памянухай» – памінальнай суботай.

    Пры гэтым «мясныя запусты» пераўтвараюцца ў вобраз Дзеда: ён памірае, падавіўшыся косткай. «Вось Дзед ужо давіцца касцёй, затое мяса ўжо не ядуць, нельга… Ета масленая адходзіць, і пост заходзіць» – адзначаюць мясцовыя носьбіты традыцый. Да абраду загадзя рыхтуюць чучала з падкрэслена мужчынскімі атрыбутамі.

    Дзед вырабляецца з саломы, яго апранаюць у мыжчынскую вопратку: кашулю, штаны, капялюш, лапці. Затым гэтую ляльку ў рост чалавека кладуць на лаўку, як быццам на пахаванне, пакрываюць абрусам і ставяць на кут. Пасля ў хаце збіраюцца суседзі, аднавяскоўцы. Людзі даюць Дзеду імя (Сідар, Цімка і інш.), і пачынаюцца «хаўтуры».

    Хтосьці галосіць па-сапраўднаму, але хутка гэтае галашэнне пераходзіць у смех. Па ходу гульні неаднойчы прыгадваюць: «Во Дзед дык Дзед! Усё мяса з’еў, і ўсё ж такі падавіўся». Гэтай заўвагай нібы праводзіцца сімвалічная рыса «мясаведа». Асобна звяртаюць увагу на Дзедаў узрост: «Дык яму амаль 100-120 гадоў».

    Вельмі важна і тое, што для ўсіх прысутных нябошчык быў дзедам, з’яўляўся агульным продкам: усе яго аплаквалі, як свайго. «Дзеда харанілі: вынасілі на вуліцу часцей на санках, лажылі на снег і прысыпалі снегам», – зазначаюць носьбіты традыцыі. Затым усе ішлі і садзіліся за памінальны стол з рытуальнымі стравамі, гучалі песні, музыка і прыпеўкі.

    А заканчваўся Масленічны тыдзень пахаваннем лялькі Бабы: «Дзелалі Бабу такую самую, натыкалі яе саломай, сенам. Аплаківалі яе, яна ж сырніцай падавілась, і вынасілі на вуліцу, як Дзеда. Потым устраівалі памінкі…».

    Дзякуючы намаганням мясцовых жыхароў і работнікаў культуры, абрад жыве ў вёсцы Даўгаполле, аб’ядноўвае аднавяскоўцаў у адзіную суполку людзей, якія праз гады данеслі нашчадкам крупіцы сівой даўніны, найкаштоўнейшы скарб нашай фальклорнай спадчыны.

    Лілія РЭЗКІНА

    Крыніца: http://vpr.by/2013/03/21/%D1%82%D1%80%D0%B0%D0%B4%D1%8B%D1%86%D1%8B%D1%8F-%D0%BF%D0%B0%D1%85%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D0%BD%D0%BD%D0%B5-%D0%B4%D0%B7%D0%B5%D0%B4%D0%B0/




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz