ДЗЕДАВІЦА

КАЛОДЗЕЖ, СТУДНЯ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КАЛОДЗЕЖ, СТУДНЯ

    У міфапаэтычнай традыцыі адзін з дзейсных каналаў камунікацыі з “іншасветам”, цесна звязаны з жаночай сімволікай і стыхіяй ( зямной і нябеснай) вільгаці. У чарадзейнай казцы “Падчарыца” гераіня, апусціўшыся ў К., трапляе на неба, дзе сустракае Бога, які загадвае ёй “зімой… падушкі падбіваць, каб снег ішоў, а ўлетку… двор месці, каб дождж ішоў”.

    Сувязь К. з нябеснай вільгаццю выразна прасочваецца ў абрадах выклікання дажджу (з гэтай мэтай у К. “сеялі” мак, ваду з трох (сямі) К. разлівалі па палях, што ўяўляла сабой сімвалічны акт апладнення, ці ўкідвалі ў яго скрадзены ў ганчара гаршчок. Адначасова К. звязаны з хтанічнай, патэнцыйна небяспечнай сферай.

    Лічылася, што лясны К. апоўначы ператвараецца ў жытло чорта, дзе ён захоўвае сваё багацце. На Случчыне, падчас сонечнага ці месяцавага зацмення, зачынялі ўсе К., баючыся, каб праз іх на свойскую жывёлу не прыйшоў мор ці пошасць. На Мазыршчыне ў час перадсмяротнай агоніі паміраючаму давалі напіцца вады з К.

    У паданні пра заснаванне Турава фігуруе міфічны К. князя Тура, які мае тры дны: меднае, сярэбранае і залатое. У выпадку, калі прарвецца апошняе, залатое дно – мусіць наступіць канец свету ( хаос), і зямля ператворыцца ў вялікі акіян. Міфалагічным чынам “абыгрывалася” напоўненасць-ненапоўненасць К.

    У беларускім народным сонніку поўны К. азначаў багацце, прыбытак, а сухі, пусты – нястачу і голад. Канструктыўныя асаблівасці калодзежнага зруба асацыяваліся з жаночымі дзетароднымі органамі, параўн. загадку: “У дзеда вісіць, у бабы ззяе, дзед папросіць – баба дае” ( К. з журавом). Адсюль наяўнасць шэрагу перасцярог, звязаных з К., якія датычылі цяжарных жанчын.

    Так, цяжарнай забаранялася сядзець на агароджы К., бо дзіця, якое народзіцца, магло ўтапіцца. Гэтаксама нельга было глядзецца ў К. (будзе сляпое дзіця), выліваць назад зачэрпнутую ваду, бо дзіця будзе ванітаваць пасля кармлення цыцкаю.

    Калі ж рэшту вады, што засталася пасля мыцця “месячнай” кашулі, уліць у замок і, замкнуўшы, укінуць у К. – гэта прыводзіць да бясплоднасці жанчыны. Каб “залагодзіць” К. з ягонай “новай” вадой, на Піншчыне ў першы дзень Калядаў (да ўсходу Сонца) жанчыны спецыяльна хадзілі “вітаць” яго. У вясельнай абраднасці маладая, ідучы першы раз па ваду ў сялібе мужа, павінна была пакінуць ля К. акрайчык хлеба.

    З мэтай павелічэння ўдойнасці кароў і каб не трацілася малако, жывёлу трэба было абліць вадой з трох К. або, пакрыўшы ваду з К. абрусам, выпіць праз яго чатыры разы, пачаргова перастаўляючы вядро на чатыры бакі ад К. Функцыя К. як канала камунікацыі з “іншасветам” абумовіла яго вялікае значэнне ў дзявоцкіх варожбах “на жаночую долю” і замужжа.

    Так, на св. Андрэя (30 лістапада н.ст. ), каб убачыць у сне суджанага, дзяўчына тры разы абыходзіла К., абсейваючы яго канапляным насеннем з прыгаворам: “Святы Андрэю, на цябе канапелькі сею” і кладучы рэшту пад падушку (Случчына).

    На Каляды, каб вызначыць, куды дзяўчына пойдзе замуж, у К, на нітцы апускалі ключ (сімвалічны coitus). У які бок адхіліцца ключ у час кранання да вады – з таго боку будзе жаніх (Віцебшчына). Пазнаць жа свайго жаніха можна было, замкнуўшы К.; той, хто прыйдзе да дзяўчыны па ключ, і будзе яе жаніхом (былы Вяліжскі павет).

    З гэткай жа мэтай пад Новы год або напярэдадні Вадохрышча на ноч пад ложак ставілі сімвалічны К. (2 – 3 вяночкі, зробленыя з лучынак, і судзіна з вадой, часам вешалі замок), з якога, у сне, мусіў падаць ваду суджаны. Таксама на “Куготы” (пярэдадзень Новага года) дзяўчаты хадзілі да К. есці прасяную кашу, а пасля крычалі ў К. “ку-гу-гу”.

    Адкуль адгукнецца рэха, туды ёй і ісці замуж (Маларыцкі р-н). Пакрыццё калодзежнага зруба страхой акрамя ўтылітарнай функцыі абароны ад засмечвання мела і магічнае значэнне – каб у К. не ўлез нячысты. Стрэхі маглі аздабляцца разнастайнай сімволікай (“дрэва жыцця”, салярная сімволіка, сімвалы вады ды інш.).

    Асаблівай пашанай у народзе карысталіся так званыя “святыя К.”, культавыя К., вада якіх надзялялася цудадзейнымі лекавымі і ачышчальнымі ўласцівасцямі і з якімі былі звязаныя тыя ці іншыя паданні. Гэта, напрыклад, ужо згаданы Тур – калодзеж, выкапаны князем Турам. Блізу в. Масалаі Крупскага р-на ёсць Вітавы калодзеж, які паводле аповедаў, быў выкапаны для караля Віта, калі той абедаў у час паходу.

    Каля К. у в. Дарасіно Любанскага р-на адбывалася набажэнства на Макавея і ў Прапалавення. У Палыкавічах Магілёўскага р-на да студні народ збіраўся ў тры пятніцы на год (восьмую, дзевятую і дзесятую пасля Вялікадня, асабліва ў дзесятую (Палыкавіцкую) пятніцу. Над К. пад Юр’евай грркай блізу Віцебска была пабудавана капліца.

    Набажэнствы ў ёй адбываліся ў дзень св. Георгія і ў дні Барыса і Глеба. Вядомы К. пад назвамі – Дзявічы калодзеж, Турэцкая студня, Князь-Калодзеж, Сіні калодеж, Каралеўскі калодзеж, Калодзеж Ундзіны, Святы калодзеж, Еўжын калодзеж ды інш. Зрэшты, культавае значэнне меў кожны К., што і абумоўлівала выкананне разнастайных каляндарных і аказіянальных абрадаў.

    Ваду К, свяцілі на Вадохрышча, і вадой з трох пасвенчаных К. апырсквалі пчол, каб добра вяліся. Каб не гніла капуста, на Пятра да ўсходу Сонца спяшаліся адшчыкнуць з градкі тры капусныя лісткі і ўкінуць у К. На Купальнагша Яна (“Петруўчаного”) абсявалі К. макам ды лёнам на Макавея мак сыпалі ў К., калі ў летку доўга не было дажджу.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2232

    НА ФЁДАРА СТРАЦІЛАТА КАЛОДЗЕЖЫ КАПАЙ

    У народзе існаваў шэраг правілаў, якія абмяжоўвалі кола тых людзей, якія могуць браць ваду з калодзежа. Перш за ўсё асабліва ў дні вялікіх святаў забаранялася браць ваду чужым людзям, пабочным асобам – каб не перадаць ім дабрабыт сям’і і прыбытак у гаспадарцы.

    * Катэгарычна забаранялася хадзіць да калодзежа цяжарнай жанчыне.

    Гэта магло адбіцца на стане здароўя як яе самой, так і на здароўі будучага дзіцяці.

    * Такая ж строгая забарона існавала і для простай жанчыны на працягу 40 дзён пасля родаў і на перыяд рэгулаў.

    * Калі ж па якіх-небудзь прычынах гэта забарона парушалася, жанчына кідала ў калодзеж некалькі драбінак солі, каб вада не «пратухла».

    * Калі пры хаце быў свой калодзеж, імкнуліся не піць ваду з чужога калодзежа: «свая вада не пацячэ».

    * Таксама забаранялася браць ваду з калодзежа ў дзень Благавешчання (7 красавіка) да ўзыходу сонца і раніцай на Юр’я (6 мая).

    * Нашы продкі былі перакананы ў тым, што вада (рака, возера, калодзеж) у падземным свеце выходзяць з адной крыніцы. Таму часта калодзежы станавіліся цэнтральнымі аб’ектамі некаторых абрадаў, напрыклад, калі неабходна было выклікаць доўгачаканы дождж. Так, падчас засухі каля самага старога калодзежа ў вёсцы збіраліся ўдовы з іконай і хлебам-соллю і тройчы па сонцы абыходзілі вакол яго.

    * Каб выклікаць доўгачаканы дождж, у вёсцы праводзілі шэраг пэўных магічных дзеянняў: калодзежы асвячалі, лілі ў іх асвечаную ваду, вычэрпвалі ваду з аднаго, а часам і з усіх калодзежаў у вёсцы, аблівалі адзін аднаго калодзежнай вадой, чысцілі старыя калодзежы і крыніцы, ставілі на іх крыжы.

    * Для таго каб выклікаць дождж, у калодзежы кідалі мак-самасей, зерне льну, асвечаную соль. Лічылася, калі ў калодзеж кінуць нож, абавязкова пойдзе дождж. Паўсюдна захавалася павер’е аб тым, што, каб выклікаць дождж, трэба скрасці з чужога падворку гліняны жбан і кінуць яго ў калодзеж.

    * У славян шырока быў распаўсюджаны звычай: пасля вяселля нявеста павінна была ў прысутнасці гасцей набраць вады з калодзежа, тым самым адбывалася яе «ўжыўленне» ў сям’ю мужа. Прычым госці павінны былі ўсяляк перашкаджаць ёй, не пускаць да калодзежа.

    Існавала правіла: калі нявеста брала ўпершыню ваду ў калодзежы сваёй новай сям’і, яна павінна была пакласці на зруб калодзежа невялікі кавалачак вясельнага каравая і кінуць у калодзеж манету.

    * У святы калодзеж станавіўся і цэнтрам дзявочых варожбаў. Напрыклад, у ноч на Раство дзяўчына закрывала калодзеж на замок, ключ клала пад падушку і загадвала, каб у сне «суджаны прыйшоў вады папіць».

    * Для таго каб сямейную пару ніхто не разлучыў, у дзень вяселля маладыя закрывалі замок, ключ ад якога кідалі на дно калодзежа.

    * Лічылася, каб павялічыць колькасць малака ў каровы, яе неабходна напаіць вадой з трох калодзежаў.

    * Для выпечкі вясельнага караваю ваду бралі з сямі калодзежаў.

    * Лекавымі якасцямі валодала і трава, якая расла побач з калодзежам. Яе давалі як корм хатняй жывёле для пладавітасці.

    * У славян шырока распаўсюджана павер’е, што ў кожным калодзежы жыве дух-ахоўнік. Каб задобрыць яго, адзін раз на год – у Ільін дзень (2 жніўня) раніцай, калі бралі першае вядро з калодзежа, на дно клалі лісце мяты.

    * У народнай культуры калодзежы і вада з іх заўсёды была надзелена статусам святасці. Лічылася, што калодзежы знаходзяцца пад аховай Багародзіцы і святой Параскевы Пятніцы.

    Прыказка «Не плюй у калодзеж, давядзецца вады напіцца», якая і сёння можа разумецца як у пераносным, так і прамым сэнсе, яшчэ раз падкрэслівае святасць гэтай пабудовы ў сялянскай гаспадарцы.

    Аўтар: Аксана Катовіч, Янка Крук, «Народная газета».

    КАЛОДЗЕЖ

    Часцей за ўсё калодзеж капалі на тэрыторыі сваёй гаспадаркі, але бывала і так, што з аднаго калодзежа ваду брала ўся вёска. Калі пры хаце быў свой калодзеж, імкнуліся не піць ваду з чужога: лічылі, што тады «свая вада не пацячэ».

    Калодзеж успрымаўся ў народнай культуры як памежная прастора – канал сувязі з іншым светам. Шэраг казак пачынаецца з таго, што дзяўчына ўпусціла вядро ў калодзеж і прыйшлося ёй ісці шукаць сваю рэч у «тым свеце». Калі бралі ваду з калодзежа, катэгарычна забаранялася выліваць яе назад.

    Такія  дзеянні тлумачыліся тым, што «адтуль» на нас глядзяць продкі. Пры будаўніцтве калодзежа ўлічвалі шэраг фактараў, выбіралі найбольш спрыяльны  час. Звычайна пачатак работ прымяркоўвалі да маладзіка, раніцы. Такую справу не даручалі тым, за кім замацавалася кепская слава. Першую зямлю на месцы будучага калодзежа неабходна было выбраць у выглядзе крыжа. 

    Затым у цэнтр крыжа (радзей – круга) вылівалі асвячоную на Хрышчэнне ваду і чыталі замовы. Таму, хто капаў зямлю, дарылі новую кашулю ці кавалак палатна, а ў калодзеж кідалі манеты.

    Першай вадой паілі ўсіх членаў сям'і, хатнюю жывёлу і птушку. Сачылі за тым,  каб яе не выпіў хто-небудзь іншы і не забраў здароўе сям'і, дабрабыт. З прыходам хрысціянства выкарыстоўваць ваду з новага калодзежа можна было толькі  пасля яе асвячэння. Чысціць калодзеж дазвалялася ў пэўныя дні года.

    Самым спрыяльным для гэтага  днём быў пярэдадзень Івана Купалы: лічылася, што пасля гэтага вада ў калодзежы будзе асабліва карыснай і «здаровай». У паўночных рэгіёнах лічылі, што калодзеж неабходна чысціць перад Вялікаднем.

    Спрыяльным часам для гэтага лічыўся дзень святкавання Успення Багародзіцы – 28 жніўня. Забаранялася чысціць калодзежы пасля Узвіжання (27 верасня). Па ўяўленнях продкаў ластаўкі, каб перазімаваць, хаваюцца ў калодзежы ў міфічнай краіне Ірый (вырай).

    Аўтар: Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, «Звязда».

    Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/a9ff83b21b4175d9.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz