ДЗЕДАВІЦА

ДУША
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ДУША

    Рэлігійна-міфалагічнае ўяўленне пра жыццёвы пачатак чалавека. Элементарнае ўяўленне пра Д. у беларусаў, як і ўбольшасці народаў, - гэта атаясамленне яе з дыханнем. Так, самі словы “дым”, “дыхаць”, “дух”, “душа” з’яўляюцца этымалагічна роднаснымі і набліжаюцца да індаеўрапейскага кораню *dhu -:*dheu-: *dhou-: *dheu – са значэннем “віцца клубамі, дыміцца, веяць, дыхаць”.

    Самое ўяўленне пра Д., на думку Э. Тэйлера, узнікла ў першабытным грамадстве пры назіранні за людзьмі ў стане сну, страты прытомнасці, смерці, калі лічылася, што іх пакінула нейкая жыццёвая сіла. Гэта карэлюецца і з беларускім матэрыялам: “як чалавек засне, то з яго Д. вылезе, то ходзіць усюды і ўсё робіць”.

    Адсюль і распаўсюджанае павер’е, што падчас пахавання трэба пабудзіць заснулага, каб яго Д. не прыхапіла Д. нябожчыка. Месцазнаходжанне Д. у целе чалавека вызначалася па-рознаму (сэрца, жывот, галава), але звычайна атаясамлівалася з важнейшымі жыццёвымі органамі. Падчас жыцця чалавека Д. выглядала, як “цела ў целе”, але пасля яго смерці станавілася матыльком, птушкай, мухай ці іншымі істотамі, звязанымі з паветранай стыхіяй.

    Паводле традыцыйных уяўленняў, Д. птушкай адлятае ад памерлага ці, наадварот, вяртаецца дадому, да радзіны, да тых, да каго яна была найбольш прывязаная. Гэта перакананне, трымаючыся нібы ў падсвядомасці людзей, раптам успыхвае яскрава ў моманты душэўных узрушэнняў, калі надарыцца выпадак, які можа быць вытлумачаны як пацвярджэнне названага пераканання.

    У гэтым сэнсе вельмі цікавы мемарат, запіс якога зроблены ў мястэчку Даўгінава Вілейскага р-на ў наш час ад немаладой жанчыны, бабулі ўнучкі-сіроткі, маці якой памерла на дзевяты дзень пасля родаў. Паводле апавядання, вечарам пасля пахавання маладой маці ў вакно стала біцца незнаёмая птушачка.

    Калі акно адчынілі, гэтая прыгожая, з яскравым пер’ем птушачка адразу села на калыску дзяўчыны – сіроткі і так праседзела над ёй усю ноч, толькі раніцай яе выпусцілі з хаты. Людзі адразу здагадаліся, што не простая гэта была птушка, а Д. маці-пакутніцы не магла развітацца са сваім дзіцем.

    У пачатковых уяўленнях Д. кожнага нябожчыка трапляла ў вырай, але хрысціянства прынесла падзел на грэшных і праведных, Д. якіх адпаведна траплялі ці то ў пекла, ці то ў рай. Так можна патлумачыць уяўленне аб тым, што чараўнікі, ведзьмы маюць дзве душы – звычайную чалавечую і нячыстую (грэшную).

    У пахавальнай традыцыі беларусаў Д. нябожчыка да 40 дзён магла прыходзіць у сваю хату, дзеля яе пакідалі ручнік і ваду для мыцця, пасля чаго яна выпраўлялася на неба (у вырай). У той жа час Д. памерлых няхрышчаных дзяцей, самагубцаў, чараўнікоў заставаліся на зямлі, ператвараючыся ў русалак, вупыроў ды іншых прадстаўнікоў нячыстай сілы.

    Асобна меркавалі аб Д. забітых салдатаў, якім нібыта сам бог спускаў драбніны, каб іх Д. адразу патрапілі на неба (параўн. у гэтым стасунку старажытнагерманскія ўяўленні пра смяротны лёс ваяроў). Д. тых людзей, якія заключалі хаўрус з “нячыстай сілай” (Вадзяніком, Лесавіком, чортам ды інш.), пасля смерці пераходзілі ім на службу.

    Д. усіх памерлых продкаў перыядычна вярталіся да радзіны ў памінальныя дні (Дзяды і інш) і паважнае абыходжанне з імі (пачастунак, падрыхтаваная лазня і да т. п.) лічылася зарукай добрага лёсу для жывых і плёну ў гаспадарцы.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1472

    АДПУСЦIЦЬ ДУШУ

    Славяне верылi, што ў момант смерцi чалавека на небе згасае або падае зорка. Смерць непазбежная i наканаваная жыццём, хоць нiкому не вядомы гэты дзень. Бывае i так, што надыход смерцi папярэджвае шматгадзiнная агонiя. Каб палегчыць гэтыя пакуты, тым, хто побач, неабходна было выканаць рытуальныя дзеяннi, аб якiх у народзе вельмi добра ведалi.

    Часам досыць было дастаць пуховую падушку з-пад галавы чалавека, якi памiраў, а часам трэба было выканаць практычна ўсё, аб чым пойдзе гутарка далей. Для таго каб «выпусцiць» душу таго, хто памiраў, i тым самым палегчыць яго «адыход», у хаце адчынялi вокны (форткi), куфары, у печы – юшкi, засланкi, i да т.п., расшпiльвалi адзенне таго, хто памiраў.

    Прыбiралi з-пад галавы падушку: «Курынае пяро не дае памерцi». Неабходна было прыгатаваць «рытуальную» падушку, у якую ўкладвалi лiсце, галiнкi з венiка або гарохавую салому. Замест падушкi пад галаву маглi пакласцi венiк, скрутак няпранага прадзiва.

    Чалавека, якi памiраў, накрывалi велiкодным абрусам (тым, якiм быў засланы святочны стол на Вялiкдзень) або вясельным адзеннем (тым, у якой чалавек, што памiрае, калiсьцi браў шлюб). Памiраючага паварочвалі нагамi ў галовы (менавiта так выносяць нябожчыка з хаты) або ўкладвалi на падлогу пад прамым вуглом да падоўжных сiлавых лiнiй памяшкання: дошкi падлогi ў вясковай хаце заўсёды клалi ад парога да чырвонага кута, паралельна iм ставiлi ложкi; такiм чынам памiраючага трэба было пакласцi папярок дошак.

    У асобных выпадках з гэтай жа мэтай у столi выбiвалi дошку, прасвiдроўвалi адтулiны ў столi або сцяне, паднiмалi бэльку, а часам разбiралi печ. У выпадку агонii грэшнiкаў – ведзьмакоў, зладзеяў, забойцаў, гвалтаўнiкоў i iнш. – у столь забiвалi вiлы, тым самым у страсе рабiлi сiмвалiчны выхад, каб душа пакутнiка змагла паляцець.

    З мэтай палягчэння перадсмяротнай гадзiны ў рукi чалавеку, якi памiраў, укладвалi грамнiчную свечку (абавязкова васковую, набытую ў храме 15 лютага). (Аднак калi ў iншых выпадках грамнiчнай свечкай карысталiся на працягу ўсяго года, то ў выпадку смерцi чалавека яна павiнна была згарэць поўнасцю ў гэты ж дзень, каб ёю не маглi скарыстацца з мэтай нанясення якой-небудзь шкоды.)

    Каб палегчыць адыход у «iншы» свет, загадзя завешвалi люстэркi i вылiвалi ваду, якая магла быць у хаце. З той жа мэтай з хаты выводзiлi самага блiзкага чалавека. Напрыклад, калi памiрала мацi, з хаты выносiлi дзiця. У момант надыходу смерцi да чалавека, чыя душа адлятала, не падпускалi няпоўнагадовых дзяцей, цяжарных жанчын i хатнiх жывёлiн.

    Аўтар: Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК, «Звязда». Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/e031d8cc785c0ae8.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz