ДЗЕДАВІЦА

БАБА НА БАРАНЕ І ЗЮЗЯ ПААЗЕРСКІ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    БАБА НА БАРАНЕ І ЗЮЗЯ ПААЗЕРСКІ

    Народныя традыцыі могуць стаць добрай асновай для развіцця турызму У марозныя вечары напярэдадні Каляд настрой вясёлы і крыху гарэзлівы. Пэўна, менавіта праз гэты крыху легкадумны настрой я не змагла абмінуць пацешны фотаздымак з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. На фота — невядомы сучасным гараджанам звычай, але і дата не вельмі аддаленая ў часавай прасторы — 1962 год.

    Подпіс да фота сведчыць, што адбываецца абрад хрэсьбін у сям’і Ягела, жыхароў адной з вёсак Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. “Жанчыну вязуць у калясцы для купання немаўляці, яна дае выкуп”. Што за выкуп, што за абрад? Тэлефаную ў народны клуб “Традыцыя” Пастаўскага раёна.

    Там мне падказалі, што на пачатку 1990-х гадоў абрад хрэсьбін, а таксама “Жаніцьбу Цярэшкі” ўзнаўлялі і ставілі ў Ляхавіцкім Доме культуры Пастаўскага раёна. Карэспандэнту “Народнай газеты” ўдалося знайсці і распытаць пра гэты цікавы звычай дзвюх пажылых жанчын — Чаславу Цітаўну Цярлюк і Глафіру Віктараўну Шкорнік з вёскі Рэчкаўшчына Пастаўскага раёна.

    На Пастаўшчыне і сёння жыве адзін з найбольш цікавых прадстаўнікоў беларускай міфалогіі — Зюзя Паазерскі. Як высветлілася, сёлета беларускі нацыянальны “Дзядуля Мароз” пераязджае на новае месца жыхарства! Але аб усім па парадку.

    Кумок дарагі, не глядзі на пірагі

    Чаславе Цітаўне давялося сыграць на хрэсьбінах ганаровую роль хроснай або кумы.

    Бабуля ўспамінае, што спачатку госці з песнямі прыходзілі ў дом да малога: “Тут, тут учора вутачка была, тут яна гняздзечка віла, тут маладая пара дзіцёнка радзіла”. Пасля ехалі хрысціць малога ў касцёл. Калі гэта хлопчык — яго трымала кума, калі дзяўчынка — кум. Плацілі святару за імянарачэнне таксама хросныя бацькі. “Даўней называлі якім важным іменем, а не модным. Хто — як графа або багатага пана, хто рэлігійным іменем, напрыклад, у гонар святога Юзафа, — расказвае Часлава Цітаўна. — Мы назвалі Гаўрыла, таму што быў у Варапаеве вядомы граф Гаўрыла”.

    Пасля вяртання з касцёла пад песні ўваходзілі ў хату. Абавязкова з падарункамі малому і бацькам. Малое ляжала ў калясачцы, а госці падносілі падарункі і зычылі шчасця і добрай долі. Напрыклад, так: “Дару табе медзі, каб былі дзеці, як мядзведзі!” Хто дарыў капейкі, золата, срэбра, зычыў багацця, таксама прыносілі тканіны, хусткі.

    Глафіра Віктараўна ўспомніла яшчэ адно цікавае пажаданне: “Вось кладу я грошы, каб сынок быў харошы”. Адразу пасля вяртання з касцёла кума брала дзіця і ішла на кут — цэнтральнае месца ў хаце. Там падымала немаўля высока, “каб славіўся далёка”. Потым трэба з адпаведнымі словамі палажыць малога ў куце, “каб ён быў заўсёды ўперадзе”.

    Пасля госці садзіліся за стол, шмат спявалі. Не абыходзілася і без жартаў і “заляцанняў” паміж кумам і кумой. Кума жартавала так: “Кумок, садзіся бліжэй, каб у нашага хрэсніка зубкі былі раўней”. Пяялі нешта накшталт такога: “Кумок мой дарагі, не глядзі на пірагі, глядзі проста на мяне, заўлекаць буду цябе”. Бацькі малога заахвочвалі добра есці і піць: “Госцейкі дарагія, скоранька ешце, пад’ядайце, каб дзіця хуценька пайшло, гаварыць стала скора”. Словам, ешце сала, каб душа плясала.

    Баба едзе!

    Калі ўсе падвыпілі, пагулялі, патанцавалі, наспяваліся, госці выходзілі з-за стала для абраду “Бабіна каша”.

    У былыя часы бабка-павітуха, а зараз проста бабуля малога выносіла ў місачцы “кашу”. Як успамінаюць старыя, хто для гэтага размочваў абаранкі або сухары, хто пёк свае пышкі і абсыпаў іх макам. Кожны з запрошаных браў на талерачку крыху кашы і за яе клаў бабе грошы. Пасля місачку разбівалі на шчасце. Паелі, выпілі, а ў вёсцы ж усіх на хрэсьбіны не запросіш. Таму трэба правезці “бабу на баране”, тлумачыць Часлава Цярлюк.

    Ужо добра павесялелыя госці садзяць бабку малога (раней — павітуху) у тачку, санкі або на воз. Яна брала з сабой гарэлкі, закускі, а да “бараны” людзі чаплялі званочкі і бразготкі. Мужчыны ўпрагаліся і цягнулі “бабу на баране”, а ўсе госці ішлі ззаду і крычалі: “А ну выходзьце, баба едзе!”

    Баба ўсіх частавала, прахожыя выпівалі і дзіцятку шчасця жадалі. Звычай гэты быў распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі нашай краіны, а таксама і на ўкраінскім Палессі, і нават у Расіі, паведаміла навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццяна Валодзіна.

    Вядома, у кожным рэгіёне і нават суседніх вёсках былі пэўныя асаблівасці хрэсьбін. “У некаторых мясцовасцях бабулю сапраўды садзілі на барану, часцей за ўсё барана была зубамі ўверх. На іх накідвалі кажух. У Іванаўскім раёне, памятаю, перапытала: “А не востра будзе бабе?” Мужчына пажартаваў: “Нічога, больш, чым было, дзірачак не будзе”.

    А наогул раней цягалі на драўлянай баране,” — тлумачыць спецыяліст. Бабу цягнулі не проста так, а да карчмы або да дому. Грамадзе, якая яе цягнула, баба павінна была заплаціць выкуп — паставіць чарку. Калі хрэсьбіны былі зімой, бабулю везлі на санках і выпадкова перакульвалі іх — выкуп толькі павялічваўся. Сэнс гэтага абраду ў тым, каб гэтыя хрэсьбіны былі не апошнія ў вёсцы, а “павітуха” і далей хадзіла па хатах і прымала малых.

    А вы не хацелі б стаць госцем на такіх вясёлых хрэсьбінах? Кажуць, у адной з народных сядзіб, якія займаюцца аграэкатурызмам, па жаданні праводзяць для маладых традыцыйнае беларускае вяселле. Чаму не аднавіць і хрэсьбіны? Здаецца, удзел у нацыянальным свяце будзе даспадобы і замежным турыстам.

    Зюзя на дварэ, куцця на стале

    Адзін з найлепшых прыкладаў удалага выкарыстання фальклорных багаццяў — Зюзя Паазерскі, які з’явіўся на Пастаўшчыне два гады таму. Зюзя — фальклорны ўладар маразоў і халадоў — гуляе па лесе без галаўнога ўбору і босы.

    Калі ад моцнага марозу трашчаць дрэвы, старыя людзі кажуць, што гэта міфічны бог зімы б’е па іх даўбешкай. Часам Зюзя дапамагае бедным сем’ям, корміць абяздоленых куццёй. На спектакль з удзелам Зюзі, уладара маразоў дужых і зімовай сцюжы, а таксама бабы Напасці, Ледавіка і прыгажуні-чараўніцы Завеі-сястрыцы ў мінулым годзе завітала больш за дзве тысячы турыстаў.

    Гасцей частавалі пернікамі, дранікамі і іншымі прысмакамі нацыянальнай кухні. Па словах дырэктара Пастаўскага цэнтра турыстычных паслуг Ягора Шушкевіча, усяго за год паслугі цэнтра выкарысталі больш чым 2,5 тысячы турыстаў. Акрамя Зюзі, у Пастаўскім раёне ёсць што паглядзець. Папулярнасцю карыстаецца маршрут “Край азёр, касцёлаў, паркаў”, турыстам паказваюць палац Тызенгаўзаў, дом рамёстваў “Стары млын”, экалагічную пляцоўку СПК “Навасёлкі-Лучай”, вядомую сваімі страусамі...

    Як пажывае Зюзя Паазерскі зараз, ці не растаў міфічны дзядок за лета? Як расказала вядучы метадыст метадычнага цэнтра аддзела культуры Пастаўскага райвыканкама Людміла Чатовіч, якая і распрацоўвала сцэнарый спектакля, у гэтым годзе Зюзю і яго гасцей чакаюць новыя прыгоды. Дарэчы, дзеянне больш суадносіцца з традыцыйнымі беларускімі Калядамі і Раством, чым з Новым годам.

    Па словах Людмілы Чатовіч, дзецям пасля прадстаўлення прапануюць гарбату і пернік, а бацькам — “чарку, шкварку, агурок”. Галоўная ж навіна — у гэтым годзе Зюзя Паазерскі памяняе месца жыхарства, пераедзе бліжэй да Пастаў, у вёску Азяркі. Праграма “У госці да Зюзі Паазерскага” пачнецца ўжо 21 снежня.

    Плануецца, што “працаваць” беларускі бог холаду будзе да сярэдзіны студзеня. Кошт білета на спектакль — 15 тысяч рублёў. Як бачым, фальклорная аснова — вельмі добры падмурак для стварэння турыстычнага маршруту.

    Толькі ўявіце рэакцыю, напрыклад, шведскіх турыстаў, на з’яўленне на вуліцы “бабы на баране”... Зюзю ж Паазерскаму яўна беспрацоўе не пагражае нават ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. Аўтар выказвае вялікую падзяку супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў за прадастаўленае фота.

    Алена ЯСКО

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=17880




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz