ДЗЕДАВІЦА

РАНАК У ТРАДЫЦЫЙНАЙ МАДЭЛІ СЬВЕТУ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    РАНАК У ТРАДЫЦЫЙНАЙ МАДЭЛІ СЬВЕТУ

    Таццяна Валодзіна, Вячаслаў Ракіцкі 08.04.2008 г. 983

    Ракіцкі: Напэўна, кожнага з нас наведвае час ад часу навязьлівая думка, што мы не самастойныя ў сваіх дзеяньнях. Што намі нехта кіруе. Мы апрацоўваем глебу, гадуем дзяцей, але намі кіруюць. Мы кладземся спаць, праваліўшыся ў бездань сноў, але намі кіруюць. Мы садзімся за стол, прызнаемся ў каханьні — і гэта робім паводле дыктаваных кімсьці схемаў. Нарэшце, мы проста прачынаемся, толькі расплюшчваем вочы — і ўжо пазбаўленыя свабоды. Дзень пачынаецца нібыта паводле напісанага сцэнару, а мы ўсё адно як робаты альбо зомбі. Мы — зомбі? Але хто кіруе намі? Хто дыктуе, як нам устаць, і куды пайсці, і што сказаць? Хто? І чаму?

    Валодзіна: Чалавек намагаецца вырвацца з жорсткіх рамак традыцыі і зрабіць па-свойму. Але яны, гэтыя рамкі, не адпускаюць, сьціскаюць, бо яны спрэсаваныя тысячагадовым цяжарам традыцыі і закутыя ў замкі міталягічных законаў. Намі кіруюць продкі. Гэта яны, іхныя некранутыя ўстановы сьціскаюць нашую падсьвядомасьць. І толькі адзін закон — чалавек сваім нараджэньнем і ўсім жыцьцём, кожным сваім годам і кожным днём паўтарае тую адну, вызначальную, галоўную архетыпічную дзею – пачатак Сусьвету. У такой строгай цыклічнасьці — заклад гармоніі і стабільнасьці. Чалавек мусіць трымацца спрадвечных, касмалягічна вывераных законаў і штодзень — разам з Сонцам — праходзіць іх агульны шлях”.

    — Пра нашую несвабоду ды падуладнасьць міталягічным схемам; пра чалавечае жыцьцё, сфакусаванае ў невялічкім часавым адрэзку — у адной гадзінцы ранку — і пойдзе нашая размова. Давайце паспрабуем прасачыць парадак нашага дня, пачаўшы з самога прачынаньня. Прасачыць і ўбачыць міталёгію, магію ці рэлігію, убачыць дыктат продкаў… Прачынаньне ў структуры дня, сутак — гэта першы міні-пераход, першае пераадоленьне мяжы паміж дзьвюма досыць аўтаномнымі часткамі рэчаіснасьці, у дадзеным выпадку, паміж двума адрэзкамі часу. Кожны ж пераход у нашым жыцьці ўлучае і вызваленьне ад уплываў і ціску папярэдняга, і пераадоленьне яго магчымых узьдзеяньняў. Для ранку ж такім папярэднікам выступае ноч. — Ноч…Ноч і для сучаснага гараджаніна — час асаблівы, не такі, нейкі таямнічы, хаця і прыцягальны адначасна.

    — І не дарма, бо лічылася ноч часам ня толькі проста цёмным, але і небясьпечным, бо актывізуецца нежыць усіх рангаў і званьняў. Сьпячы чалавек знаходзіцца ва ўладараньнях царства ночы, а шматлікія павер'і паказваюць нават на тое, што душа яго, адзьдзяліўшыся ад цела, вандруе дзесьці воддаль. Таму першай забаронай выступае непажаданасьць раптоўнага абуджэньня, каб душа пасьпела вярнуцца да цела. Здаровым і найбольш прымальным ёсьць натуральнае прачынаньне. Нездарма мы так і не палюбілі монстраў цывілізацыі — гучныя будзікі. Зь іншага боку, сымбалічнае прыпадабненьне сну да сьмерці вызначае разуменьне ночы як падарожжа чалавека на той сьвет. У народзе гэтак і кажуць: Як чалавеку сьніцца, што дзе далёка быў або што рабіў, то гэта такі праўда, што быў і рабіў, бо як чалавек засьне, то зь яго душа вылезе, то ходзіць усюды і ўсё робіць, а потым як назад у цела вернецца, то і чалавек прачхнецца. Арганічнымі таму бачацца рытуалы ачышчэньня, вызваленьня з-пад узьдзеяньняў ночы і яе насельнікаў. Калі ўбачылі дрэнны сон, хрысьціліся і казалі тры разы: “Куды ноч, туды і сон,” а таксама глядзелі ў акно, а г.зн. зьвярталіся па дапамогу да сьветланоснага пачатку, што зможа нэўтралізаваць шкодныя наступствы ночы”.

    — Так, прачнуліся. Устаем. І што тут падказвае традыцыя?

    — Уранку, абудзіўшыся, чалавеку належыць адразу ж аддаць перавагу станоўчаму. Станоўчае ж рэалізуецца ў больш прыватных катэгорыях, прыкладам, ва ўсім правым у процівагу леваму. Хрысьціянства толькі напоўніла канкрэтнымі пэрсанажамі гэтую архаічную пару левага і правага, калі зьмясьціла з правага боку ў нас анёла, што апякуе, а зь левага — чорта-спакушальніка, на якога і сплёўваем мы часам празь левае плячо. Гэтаксама і рана перавага за правым бокам: Устаючы рана з пасьцелі, няможна станавіцца на зямлю перш леваю нагою, бо цалюсенькі дзень будзеш злаваць як паганы сабака альбо гад; перш трэба абуваць і правую нагу, тагды перш прыступіцца анёл і адгоніць ліхую сілу, каторая заўжды вартуе зь левага боку; хто рана ў першы раз ступіць на левую нагу, таго спаткае якоесь няшчасьце.

    — Нездарма кажуць — мусіць, зь левай нагі ўстаў. А калі сьпіш на жываце, то тады як?

    — У традыцыйнай мадэлі сьвету левае сынанімічна ніжняму альбо задняму, і таму забараняецца ўставаць ня толькі зь левай нагі, але і сьпінаю ўверх. І пра таго скажуць: ліхі, бо, мусіць, устаў ракам. Хадзьба задам наперад успрымалася як рух у прастору за сьпіной, а г.зн., на той сьвет, у антыпрастору, дзе чакаюць чалавека ўсе адпаведныя падзеі”.

    — Наступны этап — апрананьне. І гэта такая звыклая і будзённая дзея аздабляецца пэўнымі прадпісаньнямі і правіламі. А бывае ж і сёньня, што, у жаху паглядаючы на гадзіньнік, апранеш штосьці, скажам, навыварат…

    — Што ж, гэта значыць – сёньня цябе нехта паб'е, альбо, зыходзячы з законаў імітатыўнай магіі, чакае цябе прыкрасьць з нагоды таго, што ад цябе гэтак жа адвернуцца твае знаёмцы. Калі ж у час апрананьня залупіцца подал, то ў той самы дзень будзеш п'яны. Як і калісьці, сучаснік успрымае выпадковасьці як пэўныя знакі, якія ён расшыфроўвае зыходзячы з тых ці іншых асацыяцыяў ці аналёгіяў".

    — Далейшы істотны пункт будзённага распарадку — умываньне. Гэтае дзеяньне сёньняшнімі гэтак званымі акультнымі навукамі разглядаецца ня толькі ў сваім фізыялягічным аспэкце, а і як ачышчэньне духоўнае, змываньне граху. А ў народнай традыцыі?

    — Продкі нямытага чалавека прыпадабнялі да “нячыстага” ў шырокім разуменьні гэтага паняцьця. Узгадаем адно з іншаказальных найменьняў чорта — нямыцік. І што важна, нямыты чалавек успрымаўся як асабліва падуладны чорту, які мог беспакарана зрабіць яго сваёй ахвяраю. І пра што не хацелася б узгадваць — нашыя папярэднікі адмоўна ставіліся да фарбаваньня твару, прычынаю чаму было нэгатыўнае стаўленьне да ўсяго ненатуральнага ды сакральны статус чысьціні наагул. Лягічны працяг умываньня — выціраньне — таксама сталася рэглямэнтаваным. Катэгарычна забараняецца выціраць твар чымсьці непрыдатным, скажам, анучаю, бо спрацуе закон аналёгіі — людзі стануць табой пагарджаць.

    — Памыліся. Далей — прычэсваемся, упарадкоўваем валасы. Валасы ж ва ўсіх культурах надзяляюцца рознымі сэнсамі. Дык, можа, ня толькі з эстэтычных меркаваньняў патрэбныя нам грабянцы?

    — Ня толькі. Валасы распушчаныя, непакрытыя і ўскудлачаныя лічыліся характэрнай прыкметай пэрсанажаў нячыстай сілы, выступалі сымбалем хаосу і чужасьці. Прычасаныя, упарадкаваныя валасы, у сваю чаргу, сымбалізуюць прыналежнасьць да культуры, соцыюму. Само прычэсваньне валасоў тлумачыцца як пераход з пэўнага стыхійнага стану да культурнага існаваньня. Гэтаксама і раніцай патрабавалася вызваліцца з-пад уладаў ночы, калі забаўляліся з валасамі розныя нашыя нябачныя суседзі: Расказваюць, што дамавік, як залюбіць хазяйку, дык пачне к ей ноччу хадзіць. Валасы пазаплятае, касічак наробіць, не разьдзераш. І Пятніца такая была, як баба, хадзіла па хатах, дык хто ў пятніцу праў, таму валасы ўзаб'е, як кудзелю, ды каўтун напусціць. Вось таму і патрабавалася замацаваць пераход да дня, сьвету і культуры ўпарадкаваньнем валасоў.

    — Такім чынам, пачатак працоўнага дня, як і шмат-шмат гадоў таму, так і сёньня выглядае прыблізна так: прачынаньне, уставаньне з ложку, апрананьне, абуваньне, умываньне-выціраньне, прычэсваньне, ранішняя малітва. І як вынікае — гэты звыклы будзённы парадак асьвечаны нейкім вышэйшым сэнсам? У чым ён?”

    — Асноўнай сэмантычнай дамінантай як кожнага зь міні-рытуалаў, так і ўсяго ранішняга комплексу выступае ідэя пераходу — пераходу ад дня да ночы, ад цемры да сьвятла, ад сну да бадзёрасьці і, у выніку, ад напаўпрыроднага, амаль хаатычнага і блізкага да іншасьвету стану ў сьвет культуры і сацыяльных дачыненьняў. У традыцыйнай культуры розныя часавыя цыклі ў сваім значэньні тоесныя адзін аднаму. Так і ранак у сутачным цыклі раўнуецца да нараджэньня, родаў, пачатку жыцьця чалавека. Атрымліваем, чалавек, як і навародак, штораніцы вызваляецца з-пад ціску іншасьвету, змывае ўсё старое і нячыстае і, апрануўшыся ды прычасаўшыся, уваходзіць у соцыюм".

    — А, прасьцей кажучы, як бы нараджаецца ізноў. І так штораніцы. Устае сонца, прачынаецца чалавек — жыцьцё працягваецца… http://kryuja.org/artykuly/bielaruskaja_atliantyda/ranak_u_tradycyjnaj_madeli_svietu.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz