ДЗЕДАВІЦА

ПЧАЛА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 34
    Гасцей: 34
    Карыстальнікаў: 0

    ПЧАЛА

    "Боская працаўніца" — пчала — у культуры шматлікіх народаў з'яўляецца надзвычай шматпланавым сімвалам. Яна стала ўвасабленнем працавітасці і стараннасці, арганізатарскіх і творчых здольнасцяў, мудрасці і храбрасці, самаадданасці, эканоміі і беражлівасці. Часам пчала сімвалізавала таксама красамоўнасць, нездарма ж з'явіўся выраз "мядовыя словы". Менавіта таму, што раней чытаць і пісаць даводзілася пры васковых свечках, пчалу сталі звязваць з асветай і адукацыяй.

    У старажытных беларусаў пчала стала сімвалам кахання, таму што аб'ядноўвала ў сабе і радасць, асалоду (мёд), і гаркоту (джала), — тое, без чаго не абходзіцца сямейнае жыццё.

    Пчолы заўсёды былі паплечнікамі нябесных бостваў. Дзікі мёд звалі "ежай багоў". Хрысціяне прадоўжылі гэту традыцыю: пчаліны мёд стаў сімвалам Хрыстовай дабрадзейнасці, а джала — яго пакутамі.

    Старажытныя людзі былі перакананыя, што пчолы з'яўляюцца на свет "самі па сабе, з воску і мёду", таму пчала была таксама сімвалам цнатлівасці. Так яна стала сімвалізаваць адвечную дзявоцкасць Дзевы Марыі, якая без граху зачала і нарадзіла Ісуса Хрыста.

    Часам выяву пчалы можна сустрэць на надмагільных камянях, як сімвал бессмяротнасці. Магчыма таму, што абуджэнне пчалы пасля зімовага сну атаясамлівалася з уваскрасеннем пасля смерці.

    Згодна са старажытнымі паданнямі, святымі пчолы сталі таму, што джалілі рукі тых, хто прыносіў пакуты Хрысту, і палягчалі яго пакуты: яны прыляталі роем і пілі яго крывавы пот у час яго хрэсных пакут. Таксама лічыцца, што менавіта пчолы першымі разнеслі вестку аб яго ўваскрэсенні. Пчалу заўсёды лічылі Боскай угодніцай, таму што яна "робіць воск на свечы" — "Богу ахвяру прыносіць".

    Тыя, хто меў сто і больш вулляў, па народных уяўленнях, былі звязаны з нячыстай сілай, іх звалі знахарамі, калдунамі і ведзьмакамі. У дахрысціянскія часы ў народзе існавала паданне, што пчолы з'явіліся ў багне, таму іх ахоўнікамі лічылі вадзяніка.

    Лічылася, што пчала джаліць толькі грэшнікаў: "пчолы не любяць дурных людзей", а добрага чалавека "пчала не кране".

    Сярод сялян існаваў звычай: "Чалавеку злоснаму, грахоўнаму лепш пчол не заводзіць!"

    Забіць пчалу без нагоды лічылася вялікім грахом, скрасці вулей ці калоду — страшэнным злом, разбурыць вулей — "разбурыць храм Божы".

    Паўсюдна лічылася, што гаспадар павінен размаўляць з пчоламі, як з разумнымі істотамі, быццам яны з'яўляюцца членамі сям'і. Ім трэба расказваць сямейныя навіны. Калі пчолы на некалькі хвілін змоўклі, а потым загулі роўна, значыць, прынялі навіны добра; калі ж выляталі з вулляў і злосна гулі — чакай непрыемнасцяў.

    Лічылася, што пчолы не "ганаруюць" таго гаспадара, які любіць есці мёд.

    Чужы рой, які наведаў вашу гаспадарку, лічыўся добрай прыкметай, знакам дабрабыту ў хаце і гаспадарцы. Гэты рой трэба было асабліва ахоўваць.


    Аксана Катовіч, Янка Крук.

    Звязда 11.08.2010

     




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz