ДЗЕДАВІЦА

ВАЎКАЛАК
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ВАЎКАЛАК

    Ваўкалак. Мал. Валера Славук.

    Вобраз у старадаўніх павер'ях беларусаў і інш. славянскіх народаў, пярэварацень, чалавек, які дзівосным спосабам набыў на некаторы час аблічча ваўка. Уяўлялі, што у адрозненне ад звычайнага воўка В. больш высокага росту, з вялікай галавой, чатырма вачыма (2 на лбе, 2 на патыліцы); ён нібыта бачыць з усіх бакоў, вые не па- воўчаму, а стогне і плача, як чалавек.

    Паводле паданняў В. дзялілі на 2 групы. Да адной адносілі фантастычных істот, у якія быццам ператваралі людзей чараўнікі пры дапамозе замовы ці інш. магічных дзеянняў. Гэтыя В. нібыта вандравалі групамі, харчаваліся травою і карэннямі, не шкодзілі людзям, іх лічылі ахвярамі чараўніка. Да другой групы адносілі В., у якіх нібыта ператварыліся самі чараўнікі, каб шкодзіць людзям.

    Яны быццам бы сматкалі кроў людзей (гэтым падобны на вампіра). Вобразы В. адлюстроўвалі фантастычныя ўяўленні людзей пра звышнатуральныя ўласцівасці чараўнікоў. Генетычна вобраз В. звязаны з татэмізмам, татэмічнымі абрадамі пераапранання ў шкуры татэмных жывёл, якім пакланяліся; пра гэта сведчыць таксама ўяўленне, што людзі ператвараліся ў В. толькі на пэўны час, а потым зноў прымалі першапачатковае аблічча.

    У паданнях беларусаў чараўнікі ператваралі ў В. часцей за ўсё вясельныя групы, якія ў далёкім мінулым азначалі родавыя групы, а род быў сацыяльнай асновай татэмізму. На больш позніх стадыях развіцця грамадства гэты татэмічны абрад перапранання пераасэнсаваны як магічнае дзеянне чараўніка. У капіталістычную эпоху вобраз В. страціў рэлігійнае значэнне і захаваўся ў фальклоры як безрэлігійны фантастычны персанаж.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/10463

    ВАЎКАЛАК, ВАЎКАЛАКА

    Чалавек, ператвораны ў ваўка, пярэварцень. Паводле ўяўленняў беларусаў ператварэнне можа адбыцца як па ўласнай волі з пэўнымі эгаістычнымі мэтамі чалавека – чараўніка, так і па яго чарах, скіраваных на аднаго чалавека або групу людзей. Чалавек можа трапіць выпадкова на закляцце, нават уласнае, і стаць В.

    Ператварэнне па ўласнай волі адбываецца шляхам перакульвання праз уторкнутыя вастрыём уверх у зямлю нажы ( іх колькасць у розных паданнях падаецца ад аднаго да дванаццаці – 1, 5, 7, 12). Гэтай жа мэце можа паслужыць асінавы пень, які, ссекшы дрэва, не перахрысцілі. Калі скарыстоўваліся 5 нажоў, то на зямлі іх размяшчалі так, каб яны ўтварылі як бы абрыс ваўка: дзве нагі пярэднія, дзве заднія і адзін хвост.

    Перакульваючыся паступова праз гэтыя нажы, чалавек з кожным разам набываў рысы звера. Вярнуць чалавечы выгляд можна было толькі адкуліўшыся назад праз тыя ж нажы. Калі парадак прадметаў будзе парушаны ці будуць кімсьці забраныя самі прадметы, то адчараванне становіцца немагчымым. Таму лічылася, што працэдура пераварочвання ў В. павінна адбывацца ў глухім месцы без сведкаў.

    Існавала перакананне, што моцны чараўнік можа ператварыць у В. цэлае вяселле, калі ў ім сабрана 12 асобаў. Тады чараўнік перакіне праз іх гарошыну, узятую са струка з 12 зернямі, прамовіць таемнае закляцце, і людзі пабягуць ваўкамі. Ператварыць вяселле ў В. чараўнік можа і з дапамогай заклятай ніткі, працягнутай праз дарогу, хамута ды інш. Выпадкам можна трапіць на заклятае месца.

    Так, чалавек, пачаўшы будаваць хлеў, секануў тры разы па парозе і прамовіў (закляў): “Хто пераступіць гэтае месца, той скінецца ваўком на ўсё жыццё!”, маючы на ўвазе злодзея, рабаўніка. Аднак, забыўшыся, сам ступіў на тое месца і стаў В., прытым на ўсё жыццё.

    Паводзіны В. вельмі адрозніваюцца ад паводзінаў звычайных ваўкоў: яны жаласна выюць, нібы плачуць ці стогнуць, выюць на ўсход сонца ці ў напрамку сваіх вёсак – гэта іх малітва, яны робяць сабе ўзгалоўі, раніцай мыюцца, водзячы мордамі па роснай траве, вясной капаюцца ў раллі – нібы аруць.

    В. трымаюцца бліжэй да жытла людзей, не баяцца іх, калі тыя маюць пры сабе толькі палкі, і могуць цярпець іх удары. Не ядуць звычайную ежу ваўкоў – сырое мяса, падлу, нячыстых жывёл, нават галадаючы, а падбіраюць рэшткі людской ежы, косткі, выкінутыя кавалкі скураной вупражы і інш.

    В. можа загінуць ад кулі паляўнічага, тады на ім могуць выявіцца рэшткі вопраткі, крыжык, пярсцёнак ці іншыя знакі яго чалавечай прыроды. В. захоўваюць здольнасць думаць і перажываць па-людску, яны пакутуюць. Калі мінаецца тэрмін чараў, В. становіцца чалавекам.

    Лічылася, што В. можна дапамагчы хутчэй стаць зноў чалавекам. Дзеля гэтага трэба кінуць на яго пояс, накрыць абрусам, на якім асвячалі велікодную ежу, кінуць на яго сваю скінутую і разадраную адным узмахам кашулю, парваць ільняную нітку, пад якой В. прабег, і інш. Калі ўдзельнікі вяселля сталі В., то ім трэба зайграць на скрыпцы вясельныя песні, пры гэтым угаворваць: “Ці ня досыць вам хадзіць, людзей смяшыць, сабак дражніць?

    Ідзіце лепей дамоў!” Як толькі музыка зайграе песню, што ігралі ў момант із зачаравання, В. радасна крычаць і становяцца людзьмі. Дзеці, народжаныя ў ваўкалацтве, таксам В. аж да ператварэння ў людзей іх бацькоў. Але нават ахрышчаныя, яны маюць адмоўныя рысы, акрамя выпадкаў, калі іх ахрысціў святар, які сам пабываў у ваўкалаках.

    Стаўленне да В. у народзе было дваістым, аднак пераважае ўсё ж спачуванне, літасць, жаданне дапамагчы вярнуць ранейшы выгляд. Уяўленні пра В. шырока распаўсюджаныя ў славянскіх народаў, дзе яны маюцьблізкія па гучанні назвы і надзяляюцца падобнымі рысамі. В. стаяць у адным шэрагу з іншымі пярэваратнямі, але паданні пра іх распрацаваныя лепей.

    Паводле беларускіх народных уяўленняў чалавек можа перакінуцца ў птушку, паўзуна, нават малую казурку ды кожную жывёліну – лісу, мядзведзя, тхара, ласку, у свойскую жывёлу і розныя неадушаўлёныя прадметы, што часта бачым у казках, баладах і іншых творах.

    Міф пра В. мае пад сабой розны грунт – найперш старажытную і.-е. культавую, сацыяльную традыцыю, успамін пра існаванне архаічных сацыяльных групаў “ваўкоў”, а таксама жывыя штодзённыя назіранні за жыццём ваўкоў, з якімі нашым продкам давялося жыць у непасрэднай блізкасці, улічваючы прыродна-экалагічныя асаблівасці нашага рассялення ў лясной зоне.

    У выніку склаліся пэўныя ўяўленні, правілы паводзінаў, замацаваныя ў сакральных тэкстах і рэальных прыкметах. Сур’ёзнае стаўленне да ваўка як да годнага суперніка пераадольвалася ў казках, дзе яму адведзеная зніжаная роля. Юраўскія звычаі і абрады сведчаць пра існаванне агульнапрызнаных правілаў добрасуседства ці суіснавання чалавека і ваўка ў адной прасторы (“Воўк каля гнязда не бярэ”, “Якую скаціну воўк намеціў, тая яму і дастанецца” ды інш.). Існуе шмат успамінаў пра сустрэчы з ваўкамі, калі чалавек і воўк мірна разыходзяцца.

    Спачувальнае стаўленне да В., якія, паводле народных пераказаў, больш пакутавалі, чым прыносілі шкоду, магло быць падказана назіраннем за састарэлымі ваўкамі, што не маглі ўжо здабываць ежу паляваннем і таму цягнуліся да жытла ў пошуках спажытку. Паданняў пра людзей, што нараджаюцца са здольнасцю ператварэння ў ваўка і такімі застаюцца да смерці, у нас не зафіксавана.

    Вобраз В. выкарыстоўваўся ў беларускай паэзіі ў розных аспектах. Так, Янка Купала звярнуўся да яго, малюючы чалавека – пярэваратня: “Як змеркне, як ноч дзень зваюе// І зораў паявіцца знак, // Па нівах, па сёлах шнуруе// Туды і сюды ваўкалак.// У поўнач на пні і на сталі// Знімае, ўздзявае свій від;// Не кеміць ні крыўды, ні жалю, // Ні наспаў магільных, ні пліт…”

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/342

    ПЕРАТВАРЭННЕ Ў ВАЎКАЛАКА

    Ёсць два віды Ваўкалакаў. Да першага адносяцца знахары, якія самі ператвараюцца ў Ваўкалака, а да другога — нявінныя ахвяры, ператвораныя ў ваўкоў. Першых беларусы вельмі баяцца, а другіх, наадварот, шкадуюць. Маючы якія-небудзь нядобрыя мэты, чараўнік ператварае самога сябе ў ваўка. У розных месцах і рознымi асобамі гэта ператварэнне робіцца па-свойму.

    Так, адзін адшуквае ў лесе асінавы пень, хапаецца зубамі за яго край і праз галаву перакідваецца на супрацьлеглы бок пня. Другі кладзе на такі пень шчотку і грэбень ці трэску, якая са свістам адскочыла ўбок, калі секлі дрэва, і ў сваю чаргу куляецца цераз пень тройчы. Трэці ўтыкае ў зямлю сем аднолькавых нажоў вастрыём угору і куляецца цераз іх.

    Ва ўсіх гэтых выпадках, апынуўшыся на другім баку пня, нажоў, калоў, чараўнік робіцца Ваўкалакам. Ваўкалакі-чарадзеі набываюць звярыныя ўласцівасці, робяцца таксама драпежнымі і крыважэрнымі. Яны выглядаюць зусім як сапраўдныя ваўкі, толькі ростам большыя за звычайных ваўкоў і больш драпежныя за іх. Ваўкалакі не столькі нападаюць на свойскую жывёлу, колькі на людзей, асабліва на маладых і пераважна на дзяцей.

    Яны, аднак, не ядуць іх, а толькі высмоктваюць з іх кроў, як расамахі, мозг, думаючы гэтым амаладзіць сябе. Нападзенні іх тым жахлівей, што ніякая чалавечая сіла не можа супрацьстаяць ім. Такога ваўка нельга ні забіць, ні злавіць. У Ваўкалака можа скінуцца і звычайны чалавек.

    Пры закладцы хлява гаспадар секануў сякераю па парозе тры разы і пасля заклінанняў вымавіў: «Хто пераступіць гэтае месца, той скінецца ваўком на ўсё жыццё!» Той, хто вымавіў гэтае закляцце, меў на ўвазе ненавіснага суседа, які цішком мог з'явіцца на будаўніцтве.

    Здарылася, аднак, што ў перапынку паміж работай заклінальнік выпіў, а вярнуўшыся да сваёй работы, забыўся і пераступіў заклятае месца і адразу ж стаў ваўком, згодна з закляццем, на ўсё жыццё. Зусім інакш успрымаюць на Беларусі Ваўкалака — ахвяру чарадзейства.

    Кажуць, што гэтыя Ваўкалакі зусім ручныя, як хатнія жывёлы, выюць вельмі жаласліва ці то па-воўчы, ці то па-сабачы, а часта глуха стогнуць, як цяжка хворыя людзі, таму што, нягледзячы на ператварэнне ў ваўкоў, яны не губляюць чалавечых пачуццяў і нават некаторай свядомасці.

    Ваўкалака легка адрозніць ад звычайнага ваў- ка: у яго вакол шыі белая палоска, вочы чалавечыя і вые ён не па-воўчы, а нібыта стогне і плача. У стане ператварэння бедныя ахвяры бываюць па некалькі дзён, месяцаў і нават гадоў, але ніколі не бываюць усё жыццё.

    Дзе б і як бы ні было зроблена ператварэнне, яно ўсё-такі часовае, і ні адзін чарадзей не можа ператварыць на ўсё жыццё, як не можа зрабіць ператварэнне на цотную колькасць гадоў. Спосаб жыцця Ваўкалакаў розніцца ад звычайнага воўчага. Так, Ваўкалакі выюць на ўсход ці ў бок сваіх вёсак, калі кладуцца спаць і падымаюцца, — гэта малітва.

    Пад галавою выкладваюць мох, траву, сухое галлё ці абрубак дрэва і каменя. Раніцой мыюцца, водзячы мордаю па роснай траве. Падпарадкоўваючыся звычцы, у першую веснавую пару яны разграбаюць зямлю аруць.

    Зразумела, ва ўсіх гэтых дзеяннях няма жыццёвага сэнсу, а толькі слабы водгалас іх чалавечай звычкі. Натуральная смерць не насцігае Ваўкалакаў: пасля заканчэння тэрміну ператварэння кожны з іх захоўвае той выгляд, у якім знаходзіўся ў момант зачаравання.

    Па-сапраўднаму Ваўкалак можа памерці ад стралы паляўнічага. Акрамя голаду і пакутлівага ўсведамлення свайго становішча, Ваўкалакі не перажываюць ніякіх хваробаў. Нямала ёсць сродкаў дапамагчы Ваўкалакам скараціць тэрмін ператварэння. Найбольш дзейсныя такія.

    Трэба перакінуць цераз Ваўкалака суконны пояс, часам граблі, часам вілы так, каб кінуты прадмет закрануў яго толькі заднім канцом і пераляцеў ад галавы да хваста.

    Трэба зняць уласную кашулю ці штаны, адным узмахам разарваць іх і цераз галаву кінуць да ног Ваўкалака: апошні ператвараецца ў чалавека, як толькі дакранецца да кашулі ці штаноў. Трэба перацягнуць цераз дарогу (калі сустрэча на дарозе) суровую нітку і, прапусціўшы праз яе Ваўкалака, адразу разарваць папалам.

    Акрамя гэтых сродкаў ёсць і іншыя, дзе Ваўкалакі ратуюць сябе выпадкова, без удзелу сваёй волі і разумення, напрыклад калі ваўкалака пагрызуць сапраўдныя ваўкі ці калі, ратуючыся ад іх, ён нечакана кінецца ў ваду, пераважна бягучую.

    Дзеці, прыжьггыя ў «ваўкалацтве», бываюць Ваўкалакамі да ператварэння сваіх бацькоў. Але, зрабіўшыся людзьмі, няшчасныя становяцца падманшчыкамі.

    Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/113.htm




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz