ДЗЕДАВІЦА

НЯЦОТНАСЦЬ У ПАХАВАЛЬНА-ПАМІНАЛЬНЫХ АБРАДАХ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    НЯЦОТНАСЦЬ У ПАХАВАЛЬНА-ПАМІНАЛЬНЫХ АБРАДАХ

    З даўніх часоў на Беларусі існавала традыцыя хадзіць на Радаўніцу на могілкі і ўшаноўваць сваіх продкаў. Непасрэдна на магілу клалі чысты белы абрус, на які ставілі розныя рытуальныя стравы. Вакол магілы рассаджвалася ўся радня.

    Па кругу, пачынаючы ад самага старэйшага, пускалі адну памінальную чарку. Той, каму падавалі чарку, спачатку адліваў некалькі кропель на магілу, большую частку выпіваў сам, пакідаючы на дне некалькі кропель.

    Тая «слязінка», якая заставалася на дне кілішка, «хадзіла» па кругу і як бы знітоўвала, яднала-павязвала ўсіх прысутных у непарушны Род (таму на любой святочнай урачыстасці вас ветліва папросяць першую чарку дапіць да дна – не пакідаць «гаротных слёз»).

    Апошні з прысутных (каму дазвалялася) выпіваў сваю «долю», а пакінутыя на дне чаркі кроплі зноў-такі выліваў на магілку. Кілішак хадзіў па кругу роўна тры разы. Аднак перш чым распачаць агульнародавую трапезу, неабходна было падрыхтаваць невялікі рытуальны «стол».

    Каля кожнага крыжа ці помніка звычайна ставілі: адзін сподак; адну чарку, у якую крыху налівалі гарэлкі; на чарку клалі адзін кавалачак хлеба. Побач на сподак або на свежы пясок клалі: адно чырвонае велікоднае яйка, адзін яблык, адну цукерку, адну пячэніну.

    Любы памінальны стол (траціны, дзевяціны, саракавіны, угодкі) пачынаецца з таго, што па кругу (толькі па сонцы, у накірунку ад чырвонага кута, ад старэйшага сярод прысутных чалавека і да парога, дзе сядзяць маладзейшыя) пускаецца тры спецыяльныя стравы (канон, куцця, сыта, боршч, просвірка – у розных рэгіёнах існуюць свае камбінацыі страў).

    Прычым місы пускаюць дзве, каб не перадаваць праз стол. Кожны з прысутных абавязаны тройчы пакаштаваць кожнай стравы. Залатое правіла народнай культуры прадпісвала: за памінальным сталом дазвалялася выпіць толькі тры чаркі.

    У старажытныя часы пад парогам хавалі (закопвалі) розныя ахвяраванні дамавіку. Узгадаем, што мы робім, каб патрапіць у чужую хату або ў хату нашых знаёмых: абавязкова «запытаем дазволу» ў гаспадароў хаты (дамавіка, продкаў, жывых) – тройчы пастукаем у дзверы.

    У Капыльскім, Уздзенскім, Старадарожскім, Баранавіцкім, Столінскім, Мазырскім, Верхнядзвінскім раёнах Беларусі захаваўся звычай: калі труну з нябожчыкам выносяць з хаты, то яе тройчы апускаюць на парог.

    Гэтым рытуальным дзеяннем як бы пытаюць дазволу і папярэджваюць продкаў: сустракайце наступнага прадстаўніка вашага роду. Калі падчас пахавання труну з нябожчыкам апусцілі ў магілу, усе прысутныя (за выключэннем самых блізкіх) кідаюць на труну па тры жменькі зямлі. (Беларуская міталогія).

    Аўтар: Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, «Звязда».

    Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/b92c0196035b2b78.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz