ДЗЕДАВІЦА

СТАН МЕСЯЦА І ЛЁС ЧАЛАВЕКА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    СТАН МЕСЯЦА І ЛЁС ЧАЛАВЕКА

    Яшчэ адной важнай акалічнасцю, якая аказвала непасрэдны ўплыў на жыццёвы шлях чалавека, з’яўляецца стан месяца. Кожная яго фаза атрымала шырокае асэнсаванне ў традыцыйнай культуры беларусаў і пры ўсёй шырыні паданняў можа быць зведзена да абагульняючага станоўчага або адмоўнага пачатку. У 2004 годзе нам давялося быць у вёсцы Маісеевічы Ваўкавыскага раёна.

    Там мы пазнаёміліся з жанчынай, пра якую кажуць «лечыць». Яшчэ казалі, што да яе едуць і зблізку, і здалёк. І сапраўды, калі мы зайшлі да яе на двор, там стаялі аўтамабілі і з беларускімі, і з расійскімі, і нават з літоўскімі нумарамі. Мы доўга размаўлялі з бабуляй, задавалі пытанні. У тым ліку і аб тым, як нашы продкі, не маючы сучасных ведаў пра гараскоп, прадказвалі будучае.

    Неўзабаве даведаліся, што ў бабулі ніколі не было сваёй сям’і, дзетак, што «дар» дапамагаць людзям ёй перадала яе бабуля па мацярынскай лініі. На наша здзіўленне, чаму бабуля пражыла ўсё жыццё адна, яна адказала проста: «Дык мяне ж маці на межы нарадзіла, якая ж тут сям’я». Далей бабуля расказала: «Мне мая бабка расказвала так.

    У матулі пачаліся схваткі. Прыйшоў час родаў. А бабуля ўсё выбягала на двор, глядзела на месяц і прасіла маю маці пачакаць. Бо праз некалькі часоў нараджаўся маладзік. Але пачакаць не давялося...» Прайшоў не адзін год, пакуль мы па крупіцах маглі сабраць інфармацыю аб тым, як пэўная фаза месяца, у якую чалавек нарадзіўся, аказвала ўплыў на яго лёс.

    Аналізуючы гэтую інфармацыю, можна зрабіць выснову: у нашых продкаў у дадзеным выпадку добра працаваў прынцып «падобнае выклікае падобнае». Народжаныя на маладзіку – рухомыя, нястомныя, захоўваюць на працягу ўсяго жыцця аптымізм і жыццялюбства. Яны, быццам бы малады Месяц, будуць доўга заставацца маладымі.

    Народжаных пад поўню або ў саму поўню лічылі ўладальнікамі ўсяго вялікага, як поўня: вялікага розуму, вялікай хаты і вялікай сям’і. Стануць людзьмі сталымі і паважанымі. Лічылася, што той, хто нарадзіўся на трэцяй чвэрці Месяца, не адрозніваецца сілай і фізічнай цягавітасцю і павінен вельмі ўважліва і пільна ставіцца да свайго здароўя.

    Вядомы сведчанні аб тым, што дзеці, якія нарадзіліся ў той момант, калі Месяца наогул няма на небе («на межах», «на сходах»), нярэдка не маглі стварыць сям’ю. А тым, каму гэта ўдавалася, раілі берагчы сямейныя адносіны, не даводзячы іх да разладу і разрыву.

    Аўтар: «Народная газета».

    Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/a4a578bb39ef3d0b.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz