ДЗЕДАВІЦА

БЯЗДОННАЕ БАГАЦЦЕ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    БЯЗДОННАЕ БАГАЦЦЕ

    Даўным-даўно ў Тураве жыў князь Яраслаў. Быў ён багаты і мудры. Таму і людзей каля сябе збіраў разумных і мудрых. Выбраўся аднойчы князь на паляванне. Шмат за дзень набіў ён усякай дзічыны.

    Хацеў ужо трубіць на збор, як раптам убачыў вялізнага старога тура. Пагнаўся князь за турам. Некалькі гартаваных вострых стрэл упілося ў магутнае цела звера, а ён усё роўна імкліва ўцякаў ад лаўца.

    Давай князь паганяць каня, каб дагнаць тура. А звер раптоўна спыніўся і крутнуўся насустрач паляўнічаму. Конь з разгону наскочыў на тура і, працяты рагамі, зваліўся на зямлю, падмяўшы пад сябе ездака.

    Яшчэ імгненне — і князь развітаўся б з жыццём. Выратаваў яго загоншчык Ранцэвіч. Ён зняў з сябе світку і накінуў на вочы туру. Потым ударыў рагацінай звера ў сэрца, і ён асунуўся мёртвым на зямлю. Выкарабкаўся князь з-пад каня, падзякаваў загоншчыку і загадаў прыйсці ў абоз па ўзнагароду.

    Калі Ранцэвіч прыйшоў у княжы абоз, Яраслаў паставіў перад ім куфар з золатам і сказаў:

    — Бачыш, колькі тут золата… Але жыццё — даражэй за ўсё на свеце. Вазьмі сабе гэтае бяздоннае багацце.

    Загоншчык чалавек быў мудры. Узяў ён кій, разгарнуў чырвонцы, пастукаў па дне і сказаў:

    — Праўда твая, княжа, тут вельмі шмат золата. Але дно у ім можна дастаць, значыць не бяздоннае тваё багацце. Ды золата, княжа, больш патрэбна табе, чым мне, чалавеку просаму. А я прашу ў цябе дар, у якога папраўдзе няма дна…

    Задумаўся князь.

    — Калі нават я збяру ўсё сваё багацце, ты усё роўна у ім дастанеш дно.

    Засмяяўся загоншчык:

    — Хадзем, княжа, я пакажу табе бяздоннае багацце.

    Адышліся яны ў поле. Узяў загоншчык меч і ўвесь, па самую ручку, загнаў у зямлю.

    — Вось, княжа, тваё багацце, у якім няма дна! Яно для аратага даражэй за ўсе на свеце чырвонцы. Грошы могуць украсці, а гэты скарб ніхто не ўкрадзе.

    Спадабалася Яраславу мудрасць Ранцэвіча.

    — Праўда твая!— пагадзіўся ён.

    — I таму я даю табе зямлі ажно па дзесятае пакаленне.

    Вярнуліся яны у шацёр. Князь Яраслаў напісаў дарчую грамату загоншчыку Ранцэвічу на ўсю зямлю каля вёскі Вялемічы. I дагэтуль у Мазырскім павеце, у Вялемічах, жывуць Ранцэвічы.

    3 пакалення ў пакаленне перахоўваюць яны ў вялікай пашане дарчую князеву грамату і, паказваючы яе людзям, расказваюць паданне пра свайго мудрага прашчура.

    Крыніца: http://skarby.in/biazdonnae-bagacce.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz