ДЗЕДАВІЦА

КІСЕЛЬ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ШТО ЗА СТРАВА ТАКАЯ – КІСЕЛЬ

    Кісель – традыцыйная страва ўсходніх славян, якую гатавалі як у паўсядзённым жыцці, так і ў святочныя дні, у тым ліку і тады, калі ўшаноўвалі сваіх продкаў. Яго варылі з запаранай мукі, пазней крухмалу, з дабаўленнем соку або сушаных ягад. Некаторыя гаспадыні рабілі кісель такім густым, што яго можна было рэзаць нажом.

    Разам з іншымі абрадавымі стравамі аўсяны кісель (жур) падавалі і на жалобны стол як адну з самых сімвалічных. У адных выпадках памінальная трапеза ім пачыналася, а ў другіх, наадварот, заканчвалася. Вырылі яго і ў дні ўшанавання продкаў на працягу года, у так званыя «радзіцельскія» суботы: перад Масленіцай, Тройцай, на Змітраўскую суботу і г.д., таксама на Радаўніцу.

    Прыгатаванне кісялю было прымеркавана і да шэрагу святочных дзён. Напрыклад, яго варылі напярэдадні Раства Хрыстова, каб «задобрыць» Мароз. Страву ставілі на акно, выносілі да веснічак або вылівалі ў агародзе, пры гэтым прыгаворвалі: «Мароз, Мароз! Хадзі куццю (кісель) есці! Каб ты не марозіў ячмяню, пшаніцы, гароху, чачавіцы, проса, грэчкі і ўсяго, што мне Бог судзіць пасеяць!»

    Кісель быў галоўнай сялянскай стравай на працягу Вялікага сямітыднёвага посту. Таму зусім невыпадкова ён мог з’явіцца і на святочным стале на Вялікдзень: «Даволі часта разгаўленне пачыналася не са скаромнай, а з поснай ежы: з аўсянага кісялю, прыгатаванага ў Чысты чацвер». Беларусы варылі кісель на Узнясенне, а таксама ў дзень святога Юр’я.

    У народзе верылі, што разам з парам да Нябёсаў узнясуцца самыя патаемныя думкі і пажаданні людзей. Цікава і тое, што ў дзень пачатку і заканчэння збору аўса абавязкова варылі аўсяны кісель. Зразумела, што пераважная прымеркаванасць кісялю да абрадаў ушанавання продкаў ставіла яго па-за кантэкстам перш за ўсё радзіннай абраднасці.

    Лічылася, што кісель на святочным (хрэсьбінным) стале прынясе жывому чалавеку – імянінніку – непрыемнасці, беды, нястачы. У некаторых рэгіёнах да гэтага ставіліся даволі жорстка: лічылі, што гэта можа прывесці нават да смерці нованароджанага.

    Аўтар: «Народная газета».

    Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/d06393adaa6eaef1.html

    КІСЕЛЬ

    Кісель - халадцападобная страва, прыгатаваная з зерня, мукі, ягад, малака, паўсядзённая і рытуальная страва. Ужываўся ў розных абрадах, выконваў функцыю ахвярнай ежы, быў абавязковай стравай у дні агульных памінанняў нябожчыкаў: Змітраўскую суботу і на Радаўніцу У вёсцы адрознівалі белыя кісялі і чырвоныя кісялі.

    Белы кісель вырабляўся з аўсянай мукі ці з аўсянай цэжы, г.зн. вады, настаянай на аўсе. Часам выкарыстоўвалася грачаная, жытняя, гарохавая мука.

    Галоўнай асаблівасцю такога кісяля было тое, што ён вырабляўся з дапамогай закваскі і быў кіслявым на густ. Для падрыхтоўкі кісяля ў чыгун з цэжай ці мукой, разбоўтанай у цёплай вадзе, апускаліся скарынкі ржанога хлеба ці рэшткі жытняга цеста, пасля чаго чыгун накрываўся палатнянай тканінай і ставіўся ў цёплае месца.

    Пасля скісання вадкасць уварвалася на агні да патрэбнай кансістэнцыі. Кісель мог быць вельмі густым, такім, што яго можна было рэзаць нажом ці вадкім. Вадкі кісель елі гарачым з алеем ці каровіным маслам, патакай, мядовай сытой, густы - халодным з малаком , квасам, мядовай сытой. Чырвоны кісель - гэта кісель з журавін ці іншых ягад, звараны з крухмалам.

    Ён з'явіўся ў народным побыце даволі позна, верагодна ў ХХ ст. разам з распаўсюдам бульбы. Кісялём кармілі ў ноч пад Каляды Каляду. Акрамя таго ён абавязкова падрыхтоўваўся ў дні агульных памінанняў па ўсіх нябожчыках: у Змітрвўскую суботу (субота перад днём Зміцера 26 кастрычніка/3 лістапада) і ў Радаўніцу (аўторак на Фаміным тыдні - першы тыдзень пасля велікоднага тыдня).

    матэрыял падрыхтавала Шангіна Ізабела Іосіфаўна

    КІСЕЛЬ

    Кiсель — традыйны напой беларусаў, якi рыхтавалi як у паўсядзённым жыццi, так i ў асобыя, памiнальныя, днi. Кiсель рыхтавалi з запаранай кiпенем мукi, крухмалу, дадавалi сок цi перацёртыя ягады. Спрытныя гаспадынi рыхтавалi такi кiсель, каб яго можна было рэзаць нажом на кавалкi. Разам з кiсялём на стол неслi мёд, малако, масла.

    Кiсель быў абавязковай стравай на жалобным стале. Звычайна трапеза пачыналася з куццi, блiноў, але ў некаторых рэгiёнах Беларусi першым на жалобны стол падавалi менавiта кiсель.

    Калiсьцi ў Вiленскай губернi кiсялi варылi з грыбамi. У некаторых месцах кiсель ставiлi не ў пачатку, а напрыканцы жалобнага стала. Кiсель варылi i ў каляндарныя памiнальныя, так званыя бацькоўскiя суботы: на Масленiцу, Тройцу, Дзмiтраўскую суботу i г.д., на Радаўнiцу.

    Каб "задобрыць" бацьку Мароза, аўсяны кiсель варылi на калядным тыднi. Шклянку з кiсялём маглi паставiць на падваконне, выносiлi на ганак, лiлi на агарод або на вулiцу.

    Пры гэтым казалi так: "Мароз, Мароз, не маразi мой авёс, прыходзь кiсель есцi". На Беларусi кiсель для мядзведзя варылi на Камаедзiцу (6 красавiка).

    Лiчылася, што ў гэты дзень мядзведзь абуджаецца ад сну, i каб задобрыць ляснога гаспадара, на стол у гэты дзень трэба было ставiць раслiнную ежу: камы з гароху i абавязкова аўсяны кiсель.

    У дзень, калi распачыналi цi заканчвалi збiраць авёс, абавязкова варылi з яго кiсель. Таксама варылi кiсель i ў Юр’еў дзень: частавалi пастухоў. Кiсялём частавалi дамавiка. Напрыклад, на Уласа (24 лютага) апоўначы для яго ставiлi кiсель i казалi: Ідзi, iдзi, кiсялю адведай!"

    Таму, што кiсель лiчыўся стравай жалобнага стала, яго нiколi не падавалi на iмянiнах або вяселлi. Верылi, што тады ён можа прынесцi чалавеку няшчасцi, беды i нястачы.

    Кiсель станавiўся галоўнай стравай у час посту.

    Аксана Катовiч, Янка Крук.




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz