ДЗЕДАВІЦА

“НЕ Я Б’Ю — ВЯРБА Б’Е...”
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    “НЕ Я Б’Ю — ВЯРБА Б’Е...”

    Асноўнай абрадавай падзеяй Вербнай нядзелі стала наведванне царквы з мэтай асвяціць галінкі вярбы, якім прыпісваліся шматлікія магічна-аздараўленчыя ўласцівасці.

    * Той, хто прыносіў дадому пасвянцоныя галінкі, злёгку сцёбаў імі ўсіх дамачадцаў, перш за ўсё дзетак, і прыгаворваў: Не я б’ю — вярба б’е, За тыдзень — Вялікдзень, Будзь здароў, як вада, А расці, як вярба! Будзь здароў на ўвесь год!

    * Старыя людзі лічылі самым вялікім грахом знаходзіцца ў хаце ў той час, калі ў цэрквах асвячаюць галінкі вярбы. Таму тых, хто па розных прычынах (а часцей за ўсё па хваробе) не маглі быць у гэты момант у храме, сцёбалі яшчэ мацней, каб прагнаць сон, немачы, паспрыяць удачы і дабрабыту ў наступным годзе.

    * У гэты святочны дзень забаранялася працаваць. У кожнай хаце накрывалі стол, запрашалі суседзяў, родзічаў у госці.

    * Нашы продкі верылі, што асвечаная вярба дапамагала перасцерагчы хатнюю жывёлу ад ведзьмаў, ад “уразу” (благога вока суседзяў ці іншых аднавяскоўцаў), спрыяла добрай малочнасці. У сувязі з гэтым гаспадар абыходзіў з галінкамі вярбы ўсе пабудовы, дзе стаяла розная жыўнасць, і тройчы злёгку сцёбаў дубчыкам кожную жывёліну, а затым утыкаў яго ў шчыліну сцяны.

    * Цікава, што практычна ўсё жывое на падворку павінна было быць “пабіта”: каровы, конь, вол, козы, сабака, кот, а таксама калоды з пчоламі. Потым гаспадар ішоў у сад і таксама тройчы сцёбаў там кожнае пладаноснае дрэва, тое ж самае адбывалася ў агародзе і на ніве.

    * Пасля таго як з галінкамі вярбы будуць выкананы ўсе неабходныя ахоўна-магічныя дзеянні, частку асвечаных галінак хавалі за бажніцу — у чырвоны кут, частку ўтыкалі ў сцены ці пад страху ўсіх пабудоў. Там яны будуць захоўвацца на працягу года — да наступнай Вербніцы. Галінкі вярбы лічылі адным з самых надзейных сродкаў, каб зберагчы хату ад пажару, удару маланкі, паводкі, а яе насельнікаў — ад ліхіх людзей і “дурных” вачэй.

    * Пасля таго як будуць асвечаны новыя галінкі, старыя назаўтра спальвалі ў печы (у многіх месцах галінкі спальвалі ў перадсвяточную суботу). Прычым попел абавязкова збіралі і рассыпалі па градах (там, дзе не ступае нага каровы ці каня). З вуснаў у вусны перадавалася чутка пра тое, што на тых градах, дзе быў рассыпаны попел ад асвячоных вербачак, пры любых умовах і надвор’і заўсёды ўродзяць добрыя агуркі.

    * Кожная дбайная гаспадыня выганяла на Юр’я сваю карову, лёгенька сцёбаючы яе па баках галінкай асвечанай вярбы і прыгаворваючы: “Вярба свята — новае лета, вярба пасвіці ў поле гнала”. На вясенняга Міколу (22 мая) зноў-такі карысталіся галінкамі асвечанай вярбы — калі выганялі першы раз каня ў начное.

    * 3 пруточкам вярбы земляроб распачынаў узорванне яравога поля, веснавую і асеннюю сяўбу, пасадку бульбы і г.д.: “Свята Вярбніца сошкі правіць”.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=21300

    ЧАРОЎНАЯ ВЕРБАЧКА

    Галінкай вярбы лячылі хваробы, а яе пупышкі пазбаўлялі ад п’янства Адным з самых моцных абярэгаў у народзе лічыліся галінкі вярбы, асвячоныя ў храме ў Вербную нядзелю.

    Частку галінак, прынёсшы з царквы, хавалі за бажніцу — у чырвоны кут, частку ўтыкалі ў сцены ці пад страху ўсіх пабудоў. Галінкі вярбы лічылі адным з самых надзейных сродкаў, каб засцерагчы хату ад пажару, удару маланкі, а яе насельнікаў — ад ліхіх людзей і “дурных” вачэй.

    Той, хто прыносіў дадому асвячоныя галінкі, злёгку сцёбаў імі ўсіх дамачадцаў, перш за ўсё дзетак, і прыгаворваў:

    Не я б’ю, вярба б’е

    За тыдзень — Вялікдзень.

    Хвора ў лес на верас,

    А здароўе ў косці!

    Не я б’ю, вярба б’е,

    За тыдзень — Вялікдзень,

    Будзь здароў, як вада,

    А расці, як вярба!

    Будзь здароў на весь год!

    Вярба хрос! Сякі да слёз,

    Не я сяку — вярба б’е;

    Трэці раз на здароўя!

    Старыя людзі лічылі самым вялікім грахом знаходзіцца ў хаце ў той час, калі ў цэрквах асвячаюць галінкі вярбы. Таму тых, хто па розных прычынах (а часцей за ўсё па хваробе) не мог быць у гэты момант у храме, сцябалі яшчэ мацней, каб прагнаць сон, немачы, паспрыяць удачы і дабрабыту ў наступным годзе.

    Пры гэтым спявалі:

    Не будзь санлівы,

    Да работы лянівы,

    Не будзь завіслівы,

    А будзь здароў, як вада,

    Расці, як вярба,

    Будзь шмыткі, як пчала,

    Будзь багаты, як зямля.

    Нашы продкі верылі, што асвячоная вярба дапамагала засцерагчы хатнюю жывёлу ад ведзьмаў, ад “уразу” (благога вока суседзяў ці іншых аднавяскоўцаў), спрыяла малочнасці.

    У сувязі з гэтым гаспадар абыходзіў з галінкамі вярбы ўсе пабудовы, дзе стаяла розная жыўнасць, і тройчы злёгку сцябаў пруцікам кожную жывёліну, а затым утыкаў яго ў шчыліну ў сцяне.

    Цікава, што практычна ўсё жывое на падворку павінна было быць “пабіта”: каровы, конь, вол, козы, сабака, кот, а таксама калоды з пчоламі. Потым гаспадар ішоў у сад і таксама тройчы сцябаў там кожнае пладаноснае дрэва, тое ж самае адбывалася ў агародзе і на ніве.

    Напрыканцы рытуальнага абходу гаспадар кіраваўся на могілкі і тройчы лёгкім пасцёбваннем вітаў магілы сваіх суродзічаў. Дарэчы, галінкі вярбы, што бралі на ніву і на могілкі, не неслі дадому, а ўтыкалі ў зямлю на месцы правядзення рытуалу.

    Пры гэтым не забывалі папрасіць у матухны-зямліцы здароўя сабе і сваім блізкім. Рэшткі вярбы ніколі не выкідвалі, а захоўвалі да наступнай Вербніцы.

    І пасля таго, як будуць асвечаны новыя галінкі, старыя назаўтра спальвалі ў печы (у многіх месцах галінкі спальвалі ў перадсвяточную суботу). Прычым попел абавязкова збіралі і рассыпалі па градах (там, дзе не ступае нага каровы ці каня).

    З вуснаў у вусны перадавалася чутка пра тое, што на тых градах, дзе быў рассыпаны попел ад асвячоных вербачак, пры любых умовах і надвор’і заўсёды ўродзяць добрыя агуркі.

    Асвячоныя галінкі вярбы, як і грамнічная свечка, неаднаразова ўжываліся ў паўсядзённым сялянскім жыцці ў якасці прадуцыравальна-ахоўнага абярэга. Імі абкурвалі хатнюю жывёлу, каб засцерагчы ад сурокаў, хвароб і падзяжу.

    З той жа мэтай падкладвалі ў ежу, заварвалі і давалі піць настой. Кожная дбайная гаспадыня выганяла на Юр’я сваю карову, лёгенька сцёбаючы яе па баках асвячонай вярбой і прыгаворвала: “Вярба свята — новае лета, вярба пасвіці ў поле гнала”.

    На вясенняга Міколу (22 мая) асвячонай вярбой выганялі першы раз каня ў начное. Пастухі ў першы дзень выгану жывёлы ў поле выкарыстоўвалі галінку асвячонай вярбы замест пугі.

    У некаторых рэгіёнах і сёння, перш чым выгнаць кароў у поле, пастух, якому аднавяскоўцы даверылі статак, пры дапамозе галінкі вярбы выконвае магічнае дзеянне: каб засцерагчы кожную карову ў сваім статку ад ваўкоў і чарадзеяў, каб скаціна не разбрыдалася па полі і не блукала ў лесе, ён ламае вярбу на столькі частак, колькі ў статку кароў, а потым раскідвае гэтыя кавалачкі па полі, там, дзе будзе пасвіцца скаціна.

    Вопытныя пастухі рабілі і так: каб “уся скаціна была дружная і не разлучалася”, трэба было ўткнуць галінку вярбы ў цэнтр вялікага мурашніка. 3 вярбой земляроб распачынаў узорванне яравога поля, веснавую і асеннюю сяўбу, пасадку бульбы і г.д.: “Свята Вярбніца сошкі правіць”.

    Як ахоўны амулет вярба выкарыстоўвалася ў час першага грому. Каб не баяцца летняй навальніцы, усе дамачадцы імкнуліся з’есці па адной пупышцы, а затым легчы на зямлю і перакуліцца.

    Пачуўшы грымоты, гаспадыня хуценька запальвала грамнічную свечку, а галінкі вярбы, узятыя з-за бажніцы, клала на падаконнік з таго боку, адкуль насоўваліся навальнічныя хмары.

    У народзе верылі, што асвячоныя галінкі вярбы, калі іх кінуць супраць ветру, змогуць утаймаваць буру, кінутыя ў полымя — спыняць пажар, уткнутыя на полі — захаваюць ураджай ад граду і грызуноў. Асвячоную вярбу даволі паспяхова выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне. Так, яе пупышкамі раілі лячыць п’яніц.

    Для гэтага трэба было на працягу сарака дзён у гарэлцы трымаць дзевяць пупышак асвячонай вярбы, а потым па кроплі штодня даваць выпіць хвораму. Галінкі і пупышкі вярбы таксама выкарыстоўвалі пры лячэнні гнойных ран. Іх трэба было высушыць і расцерці, каб зрабіць прысыпку або мазь.

    З галінак рабілі адвары, настоі, якімі лячылі хваробы страўніка. Каб дзіцятка расло здаровым, моцным, ніколі не хварэла, пупышкі і невялічкія галінкі асвячонай вярбы абавязкова клалі ў купель, калі першы раз купалі нованароджанага. Лічылася, калі зрабіць калыску дзіцяці з вярбы ці арэшніку, то “дзіця таксама хутка вырасце”, а калі з глогу — доўга пражыве.

    У славян існавала глыбокая перакананасць у тым, што вярба сімвалізуе сабой урадлівасць, а значыць, дапаможа вырашыць такую вялікую праблему, як бяздзетнасць. У некаторых мясцовасцях бабкі-шаптухі замаўлялі ваду і рэкамендавалі піць настоі на пупышках вярбы бяздзетным жанчынам.

    У Вербную нядзелю кожнаму ў сям’і раніцай трэба было з’есці па тры пупышкі асвячонай вярбы і запіць святой (хрышчэнскай або стрэчаньскай) вадой. Пры гэтым трэба было чытаць малітву або замову, напрыклад, такую: “Добры вечар, цёмна ноч! На табе, вярба, і мая бяда. А мне маё здароўе назад аддай”.)

    Знахары лічылі, што пасля гэтага чалавек будзе менш хварэць і паддавацца сурокам. На Палессі (Піншчына) раілі з’ядаць пупышкі асвячонай вярбы адразу пры выхадзе з храма.

    Каб хатняя жывёла была здаровай, добра пладзілася, вербныя пупышкі запякалі ў спецыяльна для гэтага спечаных аладках, блінах або хлябцах.

    Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=31261




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz