ДЗЕДАВІЦА

ДРУГІ СПАС
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ДРУГІ СПАС ДРУГІ СПАС

    (19 жніўня) – яблыкі ядуць  Другі Спас, ці проста Спас, Іспас — самы вядомы і шаноўны ў народзе. Звязваўся перш за ўсё з паспяваннем яблыкаў і асвячэннем іх у царкве. Вельмі пашырана павер'е, што да Спаса нельга есці яблыкаў, бо будуць дзеці паміраць.

    Не менш дзейнічала забарона есці перад Спасам яблыкі на тых людзей, у якіх папярэдне паміралі дзеці.

    На тым свеце, казалі, Бог будзе раздаваць на Спаса яблыкі (як і іншую садавіну), а таму дзіцяці, чыя маці каштавала іх раней дазволенага тэрміну, пачастунку не дастанецца. На Капыльшчыне пасля асвячэння ў царкве людзі неслі яблыкі на могілкі, дзе клалі ўсёй радні па яблычку. «Спас» тлумачылі і па сугуччу з дзеясловам «спаць».

    Сцвярджалася, што зямля ў гэты дзень спіць; трывожыць яе сон, а таму і працаваць нельга. I ўсё ж нездарма жыла прыказка: «Спас — усім рабочы час».

    Свята не давала забыцца, што доўга адпачываць няма як: «Спас не гуляець, каня сядлаець, поле аб'язджаець, копы аблічаець, у гумно вязець», «па полі ходзіць... раскладаець: гэта на семя, гэта на емя!»; «сцірты віець, гнаі возіць»; «А стары Іспас — старэнькі дзядок, на восець садзіў, жыта малаціў»; «...едзець у поле ды зямельку мяшаець, прыгатаўляець»; «Святы Спасік, пільны часік, папар строіць, жытцо малоціць».

    Ад другога Спаса пачыналася сяўба азімага жыта. На Палессі бортнікі падглядалі пчолы і даставалі мёд. Згодна са звычаем, калі пчаляр пашкадуе ў гэты дзень даць мёду хоць аднаму з прысутных дзяцей, пчолы прападуць.

    У народзе Спас лічылі днём адлёту буслоў. Калі буслы пачыналі рыхтавацца ў вырай за тыдзень перад Спасам, значыла, што раней надыдзе зіма і будзе яна марозная, а вясна цяплейшая; калі пасля Спаса — восень будзе цёплая, зіма позняя, вясна халодная.

    Адлёт буслоў адназначна сведчыў пра надыход восені, а прыказкі нагадвалі: «Спас — лета шась!»; «Спас — бяры рукавіцы ў запас».

    ДРУГІ СПАС – УСЯМУ ЧАС

    У абрадавай практыцы славян ушанаванне яблыкаў знайшло адлюстраванне ў адным з галоўных свят, якое заканчвала цыкл летніх сельскагаспадарчых работ.Старадаўнія паданні сведчаць, што ў дзень яблычнага Спаса Гасподзь адорвае душы ўсіх памерлых дзяцей райскімі яблыкамі – першымі пладамі новага ўраджаю.

    Зместу падання цалкам адпавядае сэнсавая напоўненасць важнейшага прынцыпу народнай этнакультурнай традыцыі: «перш чым сабе – продкам». Усім, што б ты ні зрабіў, усім, што б ты ні сабраў з новага ўраджаю, падзяліся з памерлымі роднымі, падзякуй ім за падтрымку і дапамогу.

    Узгадайце: апошнія каласы жытнёвага поля нахілялі да зямлі, ахвяруючы духу поля, зямлі, а першы сноп (ці апошні) ставілі ў чырвоным куце хаты і захоўвалі цэлы год.

    * Распаўсюджванне закона абавязковага ўшанавання продкаў было асновай узнікнення рэгламентуючага правіла ў жыцці жанчын, у якіх памерлі дзеці. Ім забаранялася есці яблыкі новага ўраджаю да яблычнага Спаса з той мэтай, каб спачатку «на тым свеце» Гасподзь пачаставаў дзетак райскімі яблычкамі, і толькі пасля гэтага жанчыны маглі есці яблыкі самі.

    Таму жанчыны, якія страцілі дзяцей, раніцай 19 жніўня павінны былі сарваць некалькі яблыкаў, аднесці іх у храм, асвяціць, занесці на могілкі і пакласці на магілы памерлых дзяцей і толькі пасля гэтага маглі есці іх самі. У тым выпадку, калі магіла дзіцяці далёка ці нават невядома, дзе яна знаходзіцца, неабходна было асвечаны яблык пакласці на любую дзіцячую магілу ці пакінуць іх у храме.

    * У гэты дзень асвечаныя яблыкі неслі на могілкі і клалі на магілы ўсім памерлым продкам.

    * У гэты дзень у царкве асвячалі плады і фрукты новага ўраджаю, мёд, жытнёвыя каласы: «Спас – усяму час». І сёння ад старых людзей можна пачуць: да другога, яблычнага Спаса нельга есці ніякіх пладоў, акрамя агуркоў. І толькі пасля асвячэння ў храме дазвалялася ўжываць у ежу яблыкі, грушы, слівы і інш. Каласы і насенне пасля асвячэння захоўвалі да наступных засевак.

    * На яблычны Спас запякалі яблыкі, пяклі пірагі, бліны з яблыкамі, грыбамі і ягадамі – з усім, чым адорвае нас агарод, сад, лес. Пірагі да гэтых свят пяклі заўсёды з поснага цеста. Са святам звязана многа прыкмет на надвор’е.

    Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ілля – апала два, прыйшоў Спас – пайшло лета ад нас. Калі буслы не адлятаюць да Спаса, то зіма будзе мяккая і цёплая. Прыйшоў Іспас – бяры рукаўкі ў запас. Які другі Спас, такі і студзень. Які дзень на другі Спас, такія і Пакровы (14.10). Пасля другога Спаса дождж – хлебагной.

    Аўтар: «Народная газета».




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz