ДЗЕДАВІЦА

ВАРАЦІШЫН КРЫЖ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ВАРАЦІШЫН КРЫЖ

    У нашай краіне вельмі распаўсюджаны паданні пра так званыя ў навуцы анімістычныя камяні, або камяні-перэваратні. Іншымі словамі, пра тыя камяні, якія па легендах і паданнях раней былі жывымі істотамі, а потым за нейкія правіннасці перад Богам акамянелі. Як, да прыкладу, «скамянелыя быкі» ў лесе каля вёскі Саковічы. Ляжаць два велізарныя валуны на лясной дарозе і падобны яны да хрыбцінаў гіганцкіх валоў, увагнаных у зямлю звышнатуральнай сілай.

    Мясцовыя людзі распавядаюць такую легенду. « Аднойчы на Вялікдзень адзін мужык вёз на быках дровы з лесу. Дарога ў тым месцы вядзе пад гару, і быкі не хацеці ісці. Мужык з усяе сілы пачаў хвастаць быкоў пугай, а потым крыкнуў у адчаі: «Каб вы скамянелі!» Быкі ў той жа момант і скамянелі». Пра камень, які знаходзіцца ў вёсцы Камена, народная пагалоска казала некалі, што гэта скамянелы араты, пакараны Богам за працу на Вялікдзень.

    Ва ўсялякім разе такую легенду запісаў К. Тышкевіч яшчэ ў 1857 годзе падчас экспедыцыі па Віліі. Цяпер такой легенды ў вёсцы не памятаюць, але да каменя ўсё адно ставяцца з павагай і ўсяляк ахоўваюць.

    Знаходзіцца камень за драўляным плотам у прыватным двары, гаспадары якога настолькі ўжо прызвычаіліся да шматлікіх экспедыцый на іхні агарод, што не толькі не крыўдуюць на няпрошаных гасцей, але і ганарацца, што спрычыніліся да гісторыі, навукі і культуры свайго краю, і ўсяляк спрыяюць агляду мясцовай рэліквіі.

    Чым жа адметны гэты камень? Гэта вялікі валун з нахілам бакоў каля 80 градусаў, які, дзякуючы ледавіку, мае звонападобную форму і згладжаныя, амаль адпаліраваныя бакі. Узвышаецца камень над паверхняй на тры з паловай метры, уваходзіць углыб на два з паловай, абвод яго каля падэшвы складае шаснаццаць метраў.

    Яшчэ ў мінулым стагоддзі валун называлі найстаражытнейшым помнікам хрысціянскай даўніны, бо на камені выбіты вялікі васьміканцовы крыж з надпісам «Господи помози рабу своему Борису». Лічыцца, што надпіс зроблены па загадзе Полацкага князя Барыса Усяслававіча ў 1102-1106 гг. майстрам па імені Вараціша, таму што па меркаванні гісторыкаў у дадатак да вышэйпрыведзенага надпісу на камені маюцца амаль зацертыя часам словы «Воротишин Хрестъ».

    Дарэчы, адсюль і назва валуна: «Камень Варацішын крыж». Хутчэй за ўсё, некалі каля гэтага каменя было язычніцкае капішча, на карысць чаго сведчаць два несіметрычныя акруглыя паглыбленні на яго вяршыні.

    Апроч таго, за 30 метраў на захад ад апісанай камлыгі захаваўся другі валун, які, па словах гаспадара зямлі, па памерах большы за Варацішын крыж. Але на сёння надземная яго частка даволі сціплая: вышыня ўсяго паўтара метра, а даўжыня тры. Пра гэты камень таксама захавалася легенда.

    « Кажуць, што каля валуна вельмі часта раптоўна з'яўляўся залаты конь, які скакаў вакол яго і так жа ж раптоўна знікаў. Людзі палічылі гэта знакам, маўляў, пад каменем схавана золата. Два браты вырашылі спраўдзіць.

    Але пакуль адзін спаў, другі хуценька пачаў падкопваць камень, спадзеючыся, што ўсё знойдзенае золата дастанецца яму аднаму. Золата дзяцюк не знайшоў, а камень ссунуўся ў яму і ад таго часу ледзь узвышаецца над зямлёй».

    З прыходам на нашы землі хрысціянства, каб адвесці людзей ад язычніцтва і распаўсюдзіць новую веру, князі і хрысціянскія святары загадвалі выбіваць на вялікіх камянях васьміканцовыя крыжы і словы малітвы.

    Відаць, тое самае адбылося і з нашым валуном. Камень лічыцца адным з першых так званых Барысавых камянёў.

    Крыніца: http://pawet.net/library/history/bel_history/dk/39/Таямніцы_каменных_валуноў.html




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz