ДЗЕДАВІЦА

ПАЛЕШУКІ І ПАЛЕВІКІ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ПАЛЕШУКІ І ПАЛЕВІКІ

    Было ў бацькі дванаццаць сыноў.Былі яны ўдалыя хлопцы. Жылі ў лесе, дзе вадзілася многа ўсялякага звяр'я, пасвілі сваю жывёлу ды лавілі звяроў. Жылі яны разам і слухалі старога бацьку, а ён ужо сівенькі, бы лунь, нават летам сядзеў у кажушку ды камандаваў.

    I быў у іх лад, і ўсім было добра. Хлопцы ўсе пажаніліся. Было ў іх многа дзяцей, але ўсе слухалі старога бацьку і кожны рабіў сваю справу. Прыйшоў час, памёр стары бацька, і пачалі жанчыны сварыцца паміж сабою, ды падбухторваць сваіх. гаспадароў.

    I такая ў іх пайшла калатня, што і жыцця не стала. Пачалі жанчыны ў адзін голас крычаць: дзяліцца ды дзяліцца. Пачалі браты дзяліцца. Калаціліся, калаціліся яны, пакуль дзялілі жывёлу ды ўсё дабро, а як пайшлі дзяліць зямлю, дык так пачалі біцца, што ледзь не пазабіваліся. Калоцяцца браты паміж сабою за зямлю, захопліваюць чужыя дзялянкі, і няма ў іх спакою.

    Толькі два малодшыя браты жылі паміж сабою вельмі згодна: куды адзін, туды і другі. Не захацелі яны калаціцца з братамі. Кінулі сваю бацькаўшчыну ды і пайшлі ў свет шукаць сабе зямлі.

    Зрабілі з двух дубоў з каранямі вялізныя сані, запраглі дванаццаць пар валоў, наклалі ўсялякага дабра, пасадзілі жонак з дзецьмі ды і паехалі па пяску. Працягнулі трохі валы і сталі, не хапае сіл цягнуць сані па пяску.

    Тады адзін брат давай падкладваць упоперак пад палазы круглыя калодкі. Коцяцца калодкі, і сані паўзуць уперад. Абрыдла братам падкладваць калодкі пад палазы, дык адзін і кажа другому:

    — Давай, братка, зробім такую прыладу, каб калодкі заўсёды круціліся пад палазамі. Зрабілі яны колы. Лёгка пацягнулі валы, так што яшчэ і браты самі селі на воз.

    Едуць яны ды едуць і пад'язджаюць да вялікай ракі. Шукалі яны доўга мелкага месца, каб пераехаць уброд, ды нідзе не знайшлі. А тут пачалася вялікая бура. Лес раве, як звер.

    Вецер ломіць дрэвы, як жанчыны кастрыцу, ды і кідае на зямлю і ў раку. Плывуць па вадзе дрэвы, быццам плыты. Зірнулі на тое браты ды і сцямілі, як перабрацца цераз раку. Давай лавіць на рацэ дрэвы і звязваць іх разам.

    Так зрабілі яны плыт. Калі сунялася бура, падагналі браты той плыт шчыльна да берага ракі, запраглі валоў і ўзвезлі воз на плыт. Стаяць яны на плыце ды кіруюць доўгімі жэрдкамі, а плыт і сам плыве з вадою.

    Аднесла плыт вадою далека, але вось ён прыстаў да другога берага. Пабачыла свойская жывёла, што валы паплылі па рацэ ды і выйшлі на другі бок, кінулася ў ваду і пераплыла цераз раку.

    Паехалі браты далей і забраліся ў такі лес, што і канца яму няма. Не могуць далей ехаць — лес перашкаджае. Пачалі яны церабіць дарогу ды масціць грэблі. Але дзе там: чым далей, тым лес усё гусцее, а ў ім стаіць такая тхлань ды нетра, што і выбрацца нельга.

    От і кажа адзін брат:

    — Застануся я тут, бо не магу выбрацца з лесу. I застаўся ён сярод таго лесу жыць. I назвалі яго і дзяцей яго — палешукамі.

    Другі ж брат працярэбліваў дарогу, масціў грэблі ды клаў кладкі і ехаў усё далей. Мабыць, з тых часоў на Палессі яшчэ ёсць тыя прасекі ды грэблі, што нарабіў той чалавек. Нядоўга яны ехалі.

    Бачаць — лес пачаў радзець, пачалі трапляцца прагаліны, палянкі ды палі. Тады ён спыніўся там і пачаў разрабляць поле. За тое і назвался яны палевікамі.

    Потым размножыліся як палешукі, так і палевікі, занялі пусты лес ды і пачалі жыць адны каля другіх побач.

    Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/58.htm




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz