ДЗЕДАВІЦА

АДЗЕНЬНЕ (ВОПРАТКА)
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    Невядомы мастак. Партрэт Януша Радзівіла. 1950-я гг.

    АДЗЕНЬНЕ (ВОПРАТКА)

    Своеасаблівы «пашпарт» чалавека, паказвае на полавую, сацыяльную, класавую прыналежнасьць; гэта першая інфармацыя, што атрымлівае сустрэчны пры камунікатыўным акце. Адзеньне у народных уяўленьнях выступае як неадлучная частка яго носьбіта, калі ў сілу ўступаюць законы кантактнай магіі, згодна зь якімі прадметы, што судакраналіся паміж сабой, будучы раз'яднанымі, застаюцца ў сымпатычных адносінах.

    Падобная сувязь назіраецца паміж чалавекам і яго адзеньнем, калі маніпуляцыі з кашуляй, штанамі ды іншымі маглі магічна ўплываць на стан асобы. У дадзеным кантэксце актуалізуюцца ідэі душы — абавязковай для чалавека, але адлучнай ад яго энэргетычнай субстанцыі. Частка душы, згодна з архаічнымі ўяўленьнямі, можа кандэнсавацца ў найбольш блізкіх чалавеку прадметах, і найперш у адзеньні.

    Такім чынам, адзеньне маніфэстуе сацыяльныя каштоўнасьці і ўлучаецца ў сымвалічную мову народнай культуры, калі выступае як медыятар паміж чалавекам і сьветам, сваім і чужым, культурай і прыродай. Адзеньне надзяляецца семіятычным статусам ужо пачынаючы з першых хвілін жыцьця чалавека і нават да таго — згодна з вераваньнямі, нельга рыхтаваць адзеньне да нараджэньня дзіцяці, іначай яно неўзабаве памрэ.

    Роля адзеньня ў радзінных, вясельных і пахавальных абрадах вызначалася адной і той жа акалічнасьцю — зьмяненьнем статуса чалавека. Праходзячы гэтыя станы, зьмяняючы свае ўзроставыя, сацыяльныя характарыстыкі, чалавек павінен быў карэктаваць і свой вонкавы выгляд, што ў першую чаргу праяўлялася ў трансфармацыях комплексу адзеньня.

    Зьмена адзеньня у фальклоры ўстойліва разумеецца як форма зьмянення зьнешнасці наагул, нават як дасягненьне непазнавальнасьці чалавека. Найвышэйшы семіятычны статус атрымліваюць тыя віды адзеньня, што беспасярэдне прыкрываюць зоны кантанту, утвараюць абарончую мяжу: кашуля, нагавіцы, фартух. Функцыю абярэга ў гэтым адзеньні мае перш за ўсё магічны арнамэнт.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/67

    АДЗЕННЕ, ВОПРАТКА АДЗЕННЕ, ВОПРАТКА, своеасаблівы "пашпарт" чалавека, паказвае на полавую, сацыяльную, класавую прыналежнасць. Гэта першая інфармацыя, што атрымлівае сустрэчны пры камунікатыўным акце. Адзенне у народных уяўленнях выступае як неадлучная частка яго носьбіта. Адзенне маніфестуе сацыяльныя каштоўнасці і ўлучаецца ў сімвалічную мову народнай культуры, калі выступае як медыятар паміж чалавекам і светам, сваім і чужым, культурай і прыродай. (Беларуская міталогія)

    Крыніца: http://www.obereg.of.by/catalog.php?id=76&category=10&mode=detail

    АДЗЕННЕ 

    АДЗЕННЕ, штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Агульны выгляд адзення залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабаў гаспадарчай дзейнасці, нацыянальных традыцый, узроўню развіцця вытворчых сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. Выконвае эстэтычную, магічную і абрадавую функцыі.

    Мае адрозненні ў залежнасці ад полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці, роду заняткаў і службовага становішча. Паводле археалагічных даследаванняў адзенне са скур звяроў вядома з часоў палеаліту. У эпоху неаліту пачалі вырабляць вопратку з тканіны. Па знаходках упрыгажэнняў даследчыкі мяркуюць, што адзенне прадстаўнікоў днепра-дзвінскай і штрыхаванай керамікі культур нагадвала балцкі і зах.-еўрап. (гальштацкі) касцюм, мілаградскай культуры - касцюм скіфаў. З 9-13 ст. захаваліся рэшткі льняных, пераважна белых, пяньковых, шарсцяных (гарады Заслаўе, Мінск, Полацк, вёскі Псуя і Чарневічы Глыбоцкага, Сакольнікі Віцебскага раёнаў) і шаўковых (гарады Гродна, Давыд-Гарадок, Мінск) розных колераў тканін.

    У эпоху сярэдневякоўя асноўным прадметам адзенне была тунікападобная кашуля. Мела круглы, чатырохвугольны або косы выраз каўняра, які аздабляўся вышыўкай ніткамі, пацеркамі, бронзавымі пранізкамі (г. Браслаў, в. Кублішчына Міёрскага раёна) або тасьмой (г. Гродна). Кашулі часта зашпільваліся фібуламі, гузікамі, завязваліся шнурком. Знойдзены жаночыя кашулі са стаячым шаўковым каўняром з вышыўкай (в. Лісна Верхнядзвінскага р-на).

    Доўгая кашуля жанчын дапаўнялася спадніцай, панёвай, андаракам, пашытымі з 3-6 полак, часта адкрытымі спераду альбо збоку, з рознакаляровай даматканай шарсцяной ці паўшарсцяной тканіны ў клетку або палоску. У мужчын кашуля спалучалася з порткамі. Верхняе адзенне (світы, плашчы, вілайнэ, кажухі, футры) насілі і мужчыны, і жанчыны.

    Яго шылі з цёплай тканіны або з аўчыны (кажухі) жоўта-карычневага, вохрыста-цаглянага, зрэдку белага колеру (г. Заслаўе, в. Чаркасова Аршанскага раёна). На поўдні і ў цэнтральнай частцы Беларусі мужчыны і жанчыны насілі наплечныя пакрывалы з шарсцяной і льняной клятчастай сіняй альбо цёмна-карычневай тканіны; па краях іх упрыгожвалі бронзавымі спіральнымі пранізкамі, вышыўкай, махрамі.

    Адзенне заўсёды падвязвалася поясам з тканіны, плеценым, скураным са спражкамі або фібуламі. Упрыгажэнні на адзенні мелі этнічныя адрозненні: крывічанкі насілі бранзалетападобныя, радзімічанкі - сяміпрамянёвыя, дрыгавічанкі - пярсцёнкападобныя з зярнёнымі меднымі паперкамі скроневыя кольцы.

    Знаць шыла вопратку з больш дарагіх, часта прывазных тканін, упрыгожвала яе вышыўкай залатымі ніткамі, каштоўнымі камянямі. Доўгія рукавы жаночых кашуль сцягвалі бранзалетамі. Паверх кашулі апраналі кароткую сукенку з шырокімі кароткімі рукавамі, падпяразаную залататканым поясам. Зверху пакрываліся доўгім плашчом, які зашпільваўся на правым плячы.

    Л.У.ДУЧЫЦ.

    Крыніца: http://jivebelarus.net/for-pupils-and-students/archaeology-of-belarus-encyclopedia/letter-a/clothing.html

    AДЗЕННЕ

    Ва ўсе часы ў традыцыях розных народаў свету, у тым ліку і ў культуры ўсходніх славян, у абрадах каляндарнай і сямейна-родавай накіраванасці адзенне мела асаблівае сімвалічнае значэнне. Напрыклад, па-свойму апраналіся тыя, хто ішоў калядаваць, калі наладжвалі абход вёскі ўвечары 7 студзеня; па-іншаму апраналіся ў час святкавання Тройцы, на працягу Русальнага тыдня: распраналі ўвогуле, а потым упрыгожвалі шматлікімі кветкамі і вянкамі самую прыгожую дзяўчыну вёскі; асаблівае значэнне мела адзенне ўдзельнікаў пахавальнага ці вясельнага абрадаў і г.д.

    Рытуальнае адзенне заўсёды было своеасаблівым індыкатарам усяго абрадавага дзеяння. Яно акцэнтавала ўвагу на галоўных персанажах, падкрэслівала іх становішча і сацыякультурны статус, вызначала родавую прыналежнасць і праз гэта ўплывала на далейшы лёс тых, хто яго апранаў. Напрыклад, лічылася, што тыя, хто пераапранаўся на Каляды, павінны былі пасля абавязкова прайсці абрад ачышчэння – пакупацца ў палонцы на Вадохрышча.

    Цэласнасць адзення заўсёды сімвалізавала адзінства традыцый і сучаснасці. Ці не таму маці на вяселлі сваіх дзяцей павінны былі быць заўсёды ў сукенцы. Касцюм (блуза і спадніца) значылі не што іншае, як разрыў. Таксама як для кожнага часу года існуе свой узор адзення, так і для кожнага рытуальнага дзеяння існавалі свае правілы сімвалічнага ўбрання:

    * Нашы продкі лічылі, што Раство і Новы год нельга сустракаць у будзённым адзенні – гэта да беднасці. Таму імкнуліся да гэтага дня набыць новыя ўборы. Лічылася, «калі перад Раством Хрыстовым жанчына не дастала з куфра бялізны і строяў, то куфар цэлы год будзе пусты».

    * У святочныя дні ніколі не апраналі адзенне цёмнага колеру.

    * На нованароджанае дзіця абавязкова апраналі што-небудзь старое, зношанае, «сямейнае»: кашулю бацькі, адзенне старэйшых дзяцей – каб сябравалі, працягвалі традыцыі бацькі, сям’і, роду.

    * Пры першым рытуальным купанні дзіцяці, калі бабка-павітуха змывала рэшткі «таго» свету і пушчала яго ў свет сям’і, роду, яго загортвалі ў белыя пялёнкі, але пры гэтым абавязкова перавязвалі чырвоным поясам-абярэгам.

    * Для хрышчэння дзіцяці апраналі новае (ці атрыманае ў спадчыну ад старэйшага дзіцяці) белае адзенне ці пялёнкі. Але зверху зноў-такі завязвалі чырвоны пояс.

    * Адзенне, у якім хрысцілі першынца, бацькі больш не апраналі на яго, каб захаваць і перадаць чарговаму нашчадку ў дзень яго хрышчэння. У народзе былі перакананы ў тым, што ў такім выпадку дзеці будуць жыць у міры і згодзе.

    * Рэчы, якія насіла дзіця ва ўзросце да года, ніколі не прадавалі і нікому не перадавалі. Аўтар: «Народная газета».

    Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/e86e17b2137fcb9e.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz