ДЗЕДАВІЦА

КОПЫЛЬСКІЯ «ЦАРЫ» З ФАКЕЛАМІ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КОПЫЛЬСКІЯ «ЦАРЫ» З ФАКЕЛАМІ

    На шчодры вечар 13 студзеня ў вёску Семежава Копыльскага раёна завітаў дырэктар парыжскага прадстаўніцтва японскай газеты «Asani shimbun» Кунісуэ Норіто. Японец прыехаў, каб на свае вочы пабачыць унікальны абрад «Цары», які існуе з XVIII стагоддзя.

    Абрад ўтрымлівае ў сабе элементы каляднага карнавалу і народнай драмы. Ён характэрны толькі для гэтай вёскі. Напрыканцы мінулага года гэты абрад быў уключаны ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова.

    Нязвыклы да пятнаццаціградусных маразоў японец прыехаў у беларускую вёску, апрануты ў скураное паліто. Мясцовыя жыхары пашкадавалі госця з краіны ўзыходзячага сонца і далі яму кажух, каб не змерз падчас паходу калядоўшчыкаў па вёсцы. На працягу некалькіх гадзін японскі журналіст разам з працэсіяй цароў наведваў дамы сялян.

    Удзельнікі абраду — маладыя мужчыны і юнакі, апранутыя ў спецыяльныя касцюмы, разыгрывалі драму «Цар Максіміліан». Гаспадары сустракалі калядоўшчыкаў хлебам-соллю і шчодра адорвалі іх пірагамі, салам і грашыма. У адной з хат пачастунак чакаў і японскага госця, якому гасцінная гаспадыня паднесла мяшэчак гарбузоў і пальцам пханую каўбасу.

    Калі сцямнела, «цары» запалілі факелы, і гэта надало абраду незвычайную відовішчнасць. — Мне вельмі спадабаўся гэты абрад і тое, што ў ім прымаюць удзел маладыя людзі, — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад убачанага з карэспандэнтам «Салідарнасці» Кунісуэ Норіто.

    — У тых абрадах, што я бачыў раней, у асноўным удзельнічаюць старыя бабулі і дзядулі, і з цягам часу гэтыя традыцыі паміраюць. Я вельмі рады, што менавіта тут, у вёсцы Семежава, я пабачыў абрад, які будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне.

    Крыніца: http://gazetaby.com/cont/art.php?sn_nid=26053




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz