ДЗЕДАВІЦА

КАЦЯРЫНА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КАЦЯРЫНА

    Персанаж беларускага фальклору, які ўвабраў у сябе рысы як хрысціянскай святой, так і паганскага божышча. У перакладзе з грэцкай мовы Кацярына абазначае “заўсёды чыстая”. Св. Кацярына з Александрыі загінула блізу 311 г. “за веру”.

    Дзень святой адзначаўся праваслаўнымі 24 лістапада (7 снежня), а католікамі – 13 лютага, 9, 22 і 24 сакавіка, 30 красавіка, 25 лістапада. Вядома, што на дзень К. 7 снежня дзяўчаты варажылі: пяклі аладку на адной солі і з’ядалі яе ўвечары, каб у сне “суджаны – раджаны падаў вады”.

    Адсюль вынікае, што К. пэўным чынам звязвалася з каханнем, будучым шлюбам, а таксама з вадою (штучным выкліканнем смагі падчас варажбы).

    Хутчэй за ўсё ў сувязі са шлюбнымі функцыямі К. узніклі прымаўкі, зафіксаваныя ў многіх мясцінах Беларусі:”У нашай Кацярыны вяселлі і хрысціны”. Характэрна, што ў рускіх жанчын прынята было маліцца св. К. “от трудного рождения жён».

    Як у беларусаў, так і ў некаторых іншых народаў Еўропы (французаў, бельгійцаў, немцаў) дзень св. К. лічыцца пачаткам зімы. У шэрагу мясцінаў Еўропы для пладавітасці жывёлаў і птушак, а таксама для захавання ўраджаю на некаторыя зімовыя святы, у тым ліку на дзень К., прыносілі ахвяры жывёлам.

    Св. К. лічыцца патронкаю каруначніц у Англіі, мадыстак і краўчых у Францыі. Асаблівую цікавасць выклікае дзень К., які прыпадае на 24 сакавіка (6 красавіка), г.зн. святкуецца адначасова з Камаедзіцай. Наступны дзень прысвечаны Благавешчанню (Звеставанню).

    Згодна з рэканструкцыяй першабытнага календара, праведзенай В. Г. Уласавым, у старажытнасці 24 – 25 сакавіка, як вынік купальскай ініцыяцыі дзяўчат, адбываліся роды.

    У апублікаваным у 1890 г. А. М. Семянтоўскім паданні курганы блізу вв. Бяздзедавічы і Вусце пал Полацкам лічацца помнікамі барацьбы расійскай царыцы, асілка – Батуры. Перамога засталася за К., якая прагнала польскае войска, “і тут руская зямля стала”.

    Але ў паданні зблытаныя розныя эпохі: кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый (Сцяпан Батура) з XVI ст. сустракаецца з расійскай царыцай Кацярынай II з XVIII ст. Лагічна дапусціць, што такая псеўдагістарычная афарбоўка спецыяльна зроблена А. М. Семянтоўскім, чалавекам вялікадзяржаўных поглядаў і “заподнорусского” накірунку ў навуцы.

    У паданні пра Сіні калодзеж недалёка ад Прапойска (Слаўгарада) паведамляецца, што вельмі даўно жылі ў той мясцовасці “два багатыры – Сцяпан і Марка, і багатырка Кацярына”.

    Сцяпан і Марка заляцаліся да К., але яна больш кахала Сцяпана, які, праўда, быў слабейшы за свайго суперніка. К. абвясціла, што пойдзе замуж за таго, хто далей кіне камень. Пасля таго як яны кінулі “за дзевяць вёрст”, на камені Сцяпана застаўся след нагі К., а на другім – сляды пальцаў рукі Марка.

    Але камень Марка ўсё-такі ўпаў трохі далей. Каб не пайсці за нялюбага, К. “бразнулася з каменя”, разлілася вадою і выскачыла з-пад зямлі вёрстаў за пяць ад Прапойска, дзе і ўтварыўся “Сіні калодзеж”.

    Ляснік, які першым даведаўся пра існаванне гэтай крыніцы, заўважыў каля яе жанчыну з распушчанымі косамі, якая прычэсвалася. Убачыўшы чалавека, жанчына схавалася ў крыніцу, а ў лесніка праз тры дні ў Сожы ўтапілася дачка. Варыянт такога падання быў запісаны ў Шчучынскім р-не.

    У 1929 г. І. Карандзеем было апублікавана паданне пра “Багатыр-гару” ў ваколіцах Полацка. У гэтым творы таксама фігуруе сюжэт пра жанчыну-волата, але імя не называецца. “Ростам гэтая жанчына была тры аршыны.

    Ваду яна насіла на гару вялікімі цэбрамі, па два цэбры за адзін раз, а ў кожным цэбры было па 15 судаў”. Далей распавядалася, як “жанчына-багатырка завяла ў балота татарскае войска, але і сама загінула ад рук татараў.

    Узгорак, дзе пахавалі тую жанчыну, сталі называць Багатыр – гарой. Паводле звестак Э. Ляўкова, некалі на беразе Свіслачы ляжаў валун “След валатоўны”, які быццам бы пакінула дзяўчына, пераступіўшы праз раку.

    Дзесьці ў Паазер’і існаваў камень “Дзявочы след”. Паводле падання, след таксама належаў валатоўне. Такім чынам, два апошнія камяні-следавікі звязваліся з жанчынай – волатам, падобнай да К. з іншых паданняў.

    Несумненна, што ў дадзеным выпадку прасочваюцца рысы жаночага міфалагічнага персанажа. У міфалогіі волаты ( у шырокім сэнсе) звычайна дзеюць у часе, калі яшчэ не завяршылася стварэнне і не ўсталяваўся канчаткова навакольны свет і пантэон. Таму гэтыя персанажы належаць сферы хаосу, з чаго вынікаюць іх хтанічныя ўласцівасці.

    Хтанічнасць паганскага правобраза пазнейшай К. вынікае не толькі з яе волатаўскага росту, але і ў сувязі з зямнымі водамі як часткай ніжняга свету. У міфалогіях індаеўрапейскіх народаў персанажы, асацыяваныя з воднай сферай, сімвалізавалі ўрадлівасць, багацце і жыццёвую сілу.

    Такім чынам, паганскаму міфалагічнаму персанажу, які пазней быў адаптаваны да вобраза святой К., уласцівыя наступныя рысы:

    1) волатаўскі рост і сіла;

    2) сувязь з зямнымі водамі;

    3)апякунства над шлюбамі і парадзіхамі;

    4) згадванне ў пары са Сцяпанам;

    5) магчыма, ваярская функцыя (паданні з ваколіцаў Полацка).

    Паколькі фальклорны Сцяпан быў хрысціянізаваным заменнікам Вялеса, то вынікае, што Кацярына – гэта сакральная пара Вялеса. Такія функцыі, як сувязь з вадой і апякунства над шлюбамі, збліжаюць гэты персанаж з Мокашшу.

    Але Мокаш лічылася сакральнай парай Перуна. Магло быць і так, што сумарны вобраз К. (св. К. у народнай традыцыі) склаўся ў выніку кантамінацыі некалькіх розных персанажаў (ці квазіперсанажаў), сюжэтныя ўваходжанні якіх маглі матывавацца ўласнымі імёнамі з кансанантнай структурай к-т-р-(н)-.

    Так, з аднаго боку, сувязь з вадой можа быць матываваная захаваннем старой гідранімічнай асновы ў арэале гідраніміі балцкага тыпу: параўн. бел. Котра, літ. Katra, Katare, рус. Катарянка/Которянка (рака ў Верхнім Павоччы), для якіх узнаўляецца праформа

    * Kat(a)r-en-/-in-; магчыма, сюды ж далучаюцца тапонімы кшталту рус. Которь, Котурка, Котырь, лтг. Katras – kalns, Kotorani, прус. Cother, Cottir, а таксама шэраг т. зв. “екацярынінскіх” назваў (У. М. Тапароў).

    З іншага боку, ваярскія і волатаўскія рысы вобраза К. адсылаюць да іншага кола адпаведнікаў: дыял. Праслав.

    * kotora “спрэчка, сварка, бойка” (слова вядомае толькі ва ўсходнеславянскім арэале) з і.-е. паралелямі ст.-ірл. Сath “бой, войска”, ст.-англ. headu “бой”, ст.-інд. Satruh “пераможца, супернік, вораг” і да т.п.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2492

    КАЦЯРЫНА.

    Змагалася з волатам Батурай і ўзяла над ім верх. Паданне апублікавана А.М. Семянтоўскім у 1890 г. У другім паданні за Кацярыну сватаюцца 2 волаты - Сцяпан і Марка.

    Дзяўчына-вялікан абяцае выйсці за таго, хто кіне валун далей. На камяні Сцяпана досей бычны след нагі Кацярыны, а на камяні Марка - сляды яго пальцаў.

    Перамагае нялюбы ёй Марка, і Кацярына, каб пазбегнуць шлюбу з ім, кідаецца з валуна, разлілася вадою, якая знікла ў зямлі і выйшла на свет крыніцай за 5 вёрст ад Прапойска.

    Тую крыніцу празвалі "Сіні калодзеж". Ляснік, які першым даведаўся пра яе існаванне, убачыў на беразе жанчыну, якая прычэсвала валасы. Заўважыўшы яго, тая адразу скочыла ў крыніцу і знікла.

    Крыніца: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%92%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D1%82%D0%BE%D1%9E%D0%BD%D1%8B




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz