ДЗЕДАВІЦА

СЯЛЯНЕ І ПАМОРАК
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    СЯЛЯНЕ І ПАМОРАК

    Настала лета. Бог крыў ад граду палі, і яны далі вялікі ўраджай. Пайшла чутка, што хоць Бог даў вялікі ўраджай, але будзе Паморак і некаму будзе спажываць. Спалохаліся людзі ўраджаю горай, чым самой бяды. Ходзяць яны засмучоныя, бы ў воду апушчаныя. Толькі вось па восені пачаў Паморак касіць перш хатнюю жывёлу, а потым і людзей.

    Было там адно сяло, куды яшчэ не дабраўся Паморак. Жывуць там людзі пад страхам і кожную часіну чакаюць бяды. Але ж каб хвароба не забралася ў іх сяло, пачалі берагчыся. Дзецюкі ўзялі два брускі ясеню, і пачалі іх церці. Церлі яны, церлі датуль, пакуль брускі не загарэліся. Разнеслі людзі той агонь па хатах, і ніколі ён не пераводзіўся.

    А на тым месцы, дзе здабылі агонь, і на канцах вуліцы пачалі дзень і ноч паліць кастры, каб Паморак не мог увайсці ў сяло. Жывёлу ж яны загналi далека ад сяла ў цёмныя лясы, на астраўкі за балота, парабілі там кашары і пасвілі статак да самае зімы. Раніцой і вечарам кожнага дня гаспадары абкурвалі жывёлу тхарынаю: паложаць на вуголле кавалкі сушанае тхарыны і падкурваюць скаціну.

    Кругом разыходзіцца такі смурод, што аж нос зрывае. Тут ніякая хвароба, ніякая пошасць не вытрымае. Але паехаў з таго сяла адзін чалавек на грудок па сена. Разварушыў ён стажок і давай класці на воз сена. Аж вось высунуўся з хмызняку якісь страшны дзед з доўгаю, касматаю барадою, з адным вокам ды і падыходзіць да воза, апіраючыся на кіёчак.

    Зірнуў той чалавек — і спалохаўся. Яшчэ ніколі ён не баЧыў такога страшнага дзеда і падумаў, што, мабыць, гэта Паморак. Тым часам палыпаў дзед адным вокам ды і просіць падвезці яго да сяла.

    Падумаў чалавек ды і кажа:

    — Давезці я давязу, толькі, можа, нашы людзі не пусцяць цябе ў сяло, бо, бачыш, яны вартуюць, каб у сяло з кім і Паморак не прайшоў.

    — Э, мой лябедзіку, — кажа дзед, — я ўбогі, але нясу людзям шчасце, якога яны не маюць, покуль жывуць.

    — Якое ж ты нясеш шчасце?

    — Такое шчасце, такое шчасце, якое будуць мець і самыя багатыя, і самыя здаровыя, і самыя слаўныя людзі, і апошні ўбогі.

    Як прамовіў ён астатняе слова, дык чалавек і здагадаўся, што дзед нясе смерць. Бо, ведама, яна ўсіх бярэ, яна ўсім дае роўнае шчасце. Але змоўчаў чалавек і кажа:

    — Ну, дзеду, лезь на воз, а я прыкідаю цябе сенам, хіба такім спосабам увязу ў сяло. Узлез дзед на воз, а чалавек закрыў яго сенам, прыціснуў рублём і павёз у свае сяло.

    Пад'язджае чалавек да выгану, дзе стаяла варта, гарэла вогнішча, шапнуў дзецюкам, што вязе Паморак. Дык тыя і пытаюць:

    — Мужык, што ты вязеш?

    — Дровы.

    — Якія дровы? Гэта ж сена.

    — Нашто ж пытаеш, калі знаеш.

    — А ў сене што?

    — Што? Мо шышкі ды шыпулькі.

    — Гэ, ты яшчэ ўздумаў з нас кпіць! Хлопцы, бярыцеся за воз.

    Падхапіліся хлопцы, ды скінулі сена на касцёр. Выбухнуў агонь, ледзь не роўна з лесам. А тут хлопцы яшчэ пруццем пашавельваюць сухое сена, ды падкідваюць на агонь дроў. Круціўся, круціўся Паморак, ды людзі спалілі яго так, што і костачак не засталося.

    Але, ведама, нечысць і ў агні не гарыць: перш згарэла, а потым ажыла. Але з таго часу перасталі людзі паміраць і дохнуць жывёла. Мабыць, добра-такі спалохаўся Паморак, як далі яму такую лазню, спалохаўся і ўцёк за сіняе мора, за высокія горы ў далёкі край ды там і застаўся.

    Часам ён наведваецца ў тую вёску, парэжа трохі скаціну, накосіць людзей і хуценька ўцякае, каб яго зноў не злавілі ды не падсмалілі.




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz