ДЗЕДАВІЦА

КУСТ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КУСТ

    Старажытны веснавы ( познавеснавы) абрад. Называўся таксама ваджэнне куста. Прымяркоўваўся да другога дня сёмухі. Найб. Пашыраны на Піншчыне, захаваўся ў жывым бытаванні. Выконвалі дзяўчаты.

    Самую юную, прыгожую прыбіралі кустом: кляновымі, ліпавымі ці бярозавымі галінкамі верхам уніз, звязанымі ў аснове; на галаву надзявалі вянок. “Дзявочае войска” на чале з К. па дзве ў рад (спачатку старэйшыя, потым падлеткі) абходзілі двары, спявалі куставыя песні. У іх велічалі куст, гаспадара, гаспадыню, іх дзяцей, жадалі добрага ўраджаю, здароўя.

    За песні атрымлівалі падарункі. Пасля заканчэння абраду разрывалі К., галіінкі і лісце бралі з сабой, сушылі. Лічылася, што лісцем К. можна лячыць скулы. Ваджэнне куста заканчвалася калектыўным застоллем і танцамі.

    Абрад К. генетычна звязаны з культам продкаў і культам раслін. У аснове яго – міфалагічнае ўяўленне пра плёнаабуджальную сілу К. ўплываць на жаданы шлюб (знайшло адбітак у песні “ Каля куста сачавічанька густа”). Абрад блізкі да калядавання і валачобнага абраду, аднак уступае ім у багацці і пышнасці рытуалу, асабліва каляднага, і песеннага суправаджэння. А. С. Ліс

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/16046

    КУСТ, “ВОДЫТЫ КУСТА”, “ХОДЫТЫ У КУСТА”

    Архаічны абходны абрад, распаўсюджаны на Пінскім Палессі, які святкуецца на першы або другі дзень Тройцы. Сваімі вытокамі абрад звязаны з патрыярхальна – родавай супольнасцю. К. – назва абраду, галоўнага персанажа, песенны вобраз. У арэале распаўсюджвання абраду для жанчыны, прыбранай у зеляніну, устойліва захоўваецца назва мужчынскага роду – К. Іншыя назвы (Куста, Густ, Густа, Молодая, Панна) – сустракаюцца ў адзінкавых выпадках і звязаныя з трансфармацыяй абраду.

    Выкананню абраду папярэднічаюць Дзяды (труйчаны, трыйцовые, троецкые), а таксама ён суадносіцца з хранонімам Навска Труйца (чацвер на траецкім тыдні). У мінулым арэал абраду К. знаходзіўся ў межах адзінага дзяржаўнага ўтварэння (Турава – Пінскага княства), затым адзіных адміністрацыйна – тэрытарыяльных утварэнняў (напрыклад, у Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай).

    У абрадавай цырымоніі К. займае цэнтральнае месца. Ролю К. у залежнасці ад узроставай групы ўдзельнікаў, вызначальнай рысай якіх у старажытнасці з’яўлялася прыналежнасць да аднаго роду, выконвала жанчына, дзяўчына або дзяўчынка.

    Звычайна ў вёсцы быў толькі адзін К., але сустракаюцца выпадкі, клаі “вадзілі Куста” некалькі кампаній (“водылы на кажын куток”, в. Сернікі Зарачнянскага р-на). К. убіралі ў лесе, што знайшло адлюстраванне ў песні:

    “Мы булы у вэлыкому лісы,   

    Ізвылы Куста…”,

    але асноўныя абрадавыя дзеянні адбываюцца ў межах высковага соцыуму. Абрадавая група (“войскэ дэвоцкае”) на чале з К. абходзіць падвор’і. Выканаўцы абраду, якія суправаджаюць К., уступаюць у дыялог з гаспадарамі хаты, выконваюць куставыя песні. Абавязковы элемент гэтай часткі абраду – зварот да гаспадароў з просьбай надарыць К.: “Вынэсь Кусту хоч по золотому”, “Да просымо пана хоч на чэрэвыкы” ды інш. Дары, прызначаныя К., прымае жанчына з абрадавай групы.

    Такім чынам, абрад ахоплівае прастору ўсёй вёскі (“Вэлічав кожну хату Куст… він нэ мінав нэяку хату”, в. Іванчыцы Зарачнянскага р-на). Абрадавы дыялог паміж акружэннем К. і гаспадарамі заўсёды адбываецца на двары, у хату не заходзяць, а толькі “цуд двэра. Поспэваюць, да і йдуць” (в. Пучыны Пінскага р-на).

    К. характэрная такая форма рытуальных паводзін, як пасіўнасць, маўклівасць, якая азначае прыналежнасць да “таго” свету. Як адзначаюць інфарматары, галоўны персанаж “нэ спывав: Кусту нэ положэно спываты” (в. Асаўніца Іванаўскага р-на). К. поўнасцю пакрыты зялёнымі галінкамі (“Куст закрыты, нэчого нэ выдно”, “увэсь у зэлёному, коб нэ выдно було”, вв. Буса, Красіеўка Іванаўскага р-на). Убранне з клёну з’яўляецца ўстойлівым знакам абраду К.

    Гэта выразна адлюстроўваецца і на вербальным узроўні: “Ізвылы Куста з зэлёного клёну”, “Звэлы вэнка з зэлёноі клёныны”, “Убралы Куста да й з гэлого клёну”. Абрад заканчваўчя калектыўным застоллем з выкананнем лірычных куставых песняў, у якім акрамя выканаўцаў абраду ўдзельнічалі і іншыя супольнікі вясковай грамады.

    Для носьбітаў дадзенага абраду К. – гэта не расліна. У моўнай сістэме аўтахтоннага насельніцтва дадзенага рэгіёна і ў больш шырокіх межах Заходняга Палесся для абазначэння расліны наагул адсутнічае лексема “куст”. Для куста ў значэнні “расліна” існуе іншая лексема – корч, корчы. У ўсходніх славян акрамя “куст” у значэнні “расліна” дадзеная лексема выкарыстоўвалася для абазначэння сацыяльных сувязяў, напрыклад для абазначэння групы (роду, сям’і і г.д).

    К. выступае ў абрадзе як сімвалічны вобраз: “Кусту трэба пытыйісты даты”, “Вынэсь Кусту хоть по золотому”. Усё гэта значэнні сацыяльнага плана. Для семантыкі абраду характэрным з’яўляецца матыў “гасцявання Куста ў бацькі”, зафіксаваны на поўдні, паўночным усходзе і поўначы арэала

    (“Нашый куст пойідэ до батэнька у госты,   

    Трэба ёму, трэба чэрэвычкы на помосты”).

    Дадзеныя характарыстыкі сведчаць аб прыналежнасці К. да свету продкаў. К. валодае асаблівымі якасцямі:

    “Да коло Куста сочэвычэнька густа…

    Хто ж тую сочэвычэньку скосэ, 

    Той мэнэ да й од батюхна ж одпросэ”.

    “Од батюхна одпросэ” азначала пераход дзяўчыны ў іншы род праз шлюб. Неабходнасць такіх абменаў паміж родамі была абавязковай умовай іх узаемнага існавання. Да больш позніх элементаў належыць зварот абходнай куставой песні “Тройца, Тройца, Прэсвятая Богородіца…”, “Ой, Труйца, Труйца, Богородіца”, якая ўлучае аграрны матыў.

    Але аграрны матыў не з’яўляецца дамінуючым у куставых песнях. Пасля абходу двароў выконваліся песні – скаргі на долю, якія генетычна звязаныя з абходнымі. Характэрная іх рыса – яскравы паказ індывідуальнага лёсу жанчыны.

    Абрад К. – абрадава – сімвалічная форма, у якой знайшла адлюстраванне рэлігійна – сімвалічная сістэма, што склалася ў архаічны перыяд жыцця насельніцтва Пінскага Палесся. Функцыянальная прырода абраду К. не магічная, а рэлігійна – сімвалічная. К. – сімвал роду.

    Праз выкананне абраду ў старажытнасці адбывалася злучэнне дзвюх частак роду – пакаленняў, якія жывуць, і тых, што ўжо памерлі (продкаў). Зварот да продкаў, сімвалічныя дары павінны былі забяспечыць увесь комплекс умоў, неабходных для жыццядзейнасці роду.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2933

    ПАЛЕСКІ АБРАД “КУСТ”

    Траецкі абрад “Куст”, або “Ваджэнне Куста”, праводзіўся наступным чынам. У першы або другі дзень Тройцы збіраліся вясковыя дзяўчаты, якія выбіралі самую прыгожую з моладзі перадшлюбнага ўзросту. Дзяўчаты ішлі ў лес і выконвалі там працэдуру рытуальнага пераапранання — перанараджэння абранай дзяўчыны.

    З яе здымалі ўсё адзенне і ўпрыгожвалі-апраналі вянкамі з зеляніны — раслін і дрэў. Вось гэта пераапранутая-пераўвасобленая дзяў-чына і атрымала назву Куст. Акрамя таго, Кустом называлі сам абрад і паэтычны вобраз, які фігурыраваў у цыкле “куставых” песень. Дзяўчыну-Куст вялі ў вёску і з удзелам вялікай колькасці дзяўчат-пагодкаў выконвалі абрадавы абход.

    У пэўнай ступені гэта нагадвала абход вёскі калядоўшчыкамі. “Войско дэвоцкэе” пачынала абход з якога-небудзь канца вуліцы, падыходзіла да кожнага з гаспадарскіх двароў і спявала куставую песню, у якой гучаў зварот да гаспадароў з просьбай што-небудзь падарыць Кусту. Гаспадары сустракалі гурт моладзі перад парогам хаты.

    На стале, які мог стаяць тут жа, перад парогам, або на ручніку на руках гаспадыні былі падарункі-ахвяраванні: хлеб, яйкі, грошы. Адна з удзельніц абходу прымала падарункі і складвала ў торбу. Кампанія дзякавала гаспадарам і ішла далей: “Вэлічав кожну хату Куст, ...він нэ мынав нэяку хату”.

    Пасля таго абходу вёскі гурт накіроўваўся зноў да таго месца, дзе Куста пераапраналі, і “разбіралі” яго назад. Дзяўчына апранала на сябе звычайнае адзенне, а вось што адбывалася далей з зелянінай, то інфарматары распавядаюць пра гэта па-рознаму.

    У адным выпадку яго вешалі “на коворот” (на калаўрот, якім са студні даставалі ваду), проста раскідалі па зямлі, нехта спальваў, аднак не прасочвалася тэндэнцыя абавязковага знішчэння, як, напрыклад, чучала Масленіцы. Фінальным акордам святочнай урачыстасці была агульнавясковая вячэра ў адной з вялікіх хат. Спявалі песні, узгадвалі незвычайныя падарункі, расказвалі пра выключныя выпадкі, якія здараліся ў мінулыя гады.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=32836




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz