ДЗЕДАВІЦА

МАРЦІН
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    МАРЦІН

    11 лістапада Марцін. "У католікаў і лютэранаў Марцін лічыўся прысвяткам млынароў", -- зафіксавана фалькларыстамі (Васілевіч, 1998). Акрамя таго маюцца яшчэ прыкметы аб надвор'і: "З Мацінавага дня пачынаецца зіма" (Паўлюкоўскі, 1934; БК, 1957), "Калі на Марціна будзе вада (дождж ці разводдзе), то на Каляды будзе лёд" (Берман, 1870), або "Калі на Марціна (у лістападзе) дождж, то будзе мокрае лета" (Шэйн, 1902).

    Наступная згадка звязвае прысвятак са старадаўнім татэмам нашых продкаў: "На Марціна мядзведзь кладзецца ў бярлогу і пачынае смактаць лапу. На Стрэчанне пераварочваецца і смокча другую лапу. На Дабравешчанне выходзіць з бярлогі" (Слупскі, 1892). Падобныя падані існуюць і ў іншых народаў, але не абавязкова звязаны з Марцінам.

    Напрыклад, з Андрэем і іншымі днямі, звязанымі з сонцастаяннем. Дзень Марціна ў Італіі -- канец вясны і пачатак зімы. Моладзь ходзіць з хату ў хату, частуецца, дэгустуе маладое віно. Французы гавораць: «Калі зіма ідзе сваім шляхам, яна пачынаецца на дзень святога Марціна» (КЗ, 1973. С. 33). У народаў Пірэнейскага паўвострава Марцін – апякун вінаграднага збору, пералётных птушак.

    У народаў Бельгіі і Нідэрландаў дзень Марціна і Мікалая (6 снежня) больш папулярнае свята, чым Раство і Новы год. Гэта тлумачыцца тым, што на хрысціянскія святы былі перанесены даўнія язычніцкія традыцыі бога Водана. У Бельгіі і ў Нідэрландах святы Марцін (епіскап Турскі, апякун Галіі з ІУ ст.) вельмі папулярны.

    Яго імя носяць самыя даўнія святыні, вёскі, плаціны, масты. Факельныя шэсці, кастры, забавы, песні – складнікі вялікага свята. Асаблівае свята для дзяцей. Для іх існуе звычай «дзень тузання карзін» (Schuddekorfsdag), з якіх высыпаюцца салодкія пачастункі. Галоўная рытуальная страва – падсмажаны гусь. Народная прыкмета сцвярджае, што ў дзень Марціна бядняк рэжа сваю свінню. У Бельгіі ходзіць да дзяцей Марцін са слугой, разносіць падарункі ў мяшку, а для непаслухмяных – розгі (с. 69–71).

    Французы лічаць дзень святога Мартэна апошнім асеннім святам, да якога заканчвалі малацьбу, наймалі работнікаў, разлічваліся з гаспадарамі, а таксама абаронцам п'яніц і падманутых мужоў. На свята спрабавалі новае і старае віно (КЗ, 1978. С. 36). У скандынаваў, германцаў і інш. дзень Марціна – пачатак зімы. Праваслаўныя сербы гавораць: «Святы Мрта – снег за врата» (24 ліст.) (с. 235).

    Па царкоўнаму календару дзень пахавання (у 400 г.) Мартына, епіскапа Турскага, які быў кананізаваны святым у У ст. У Германію яго культ прыйшоў з Францыі ў УІІІ-ХІ ст. і з цягам часу ў пратэстанскіх раёнах аб святым забыліся і святкаванне перамясцілася на 10 чэрвеня, дзень нараджэння Марціна Лютэра.

    Нямецкія этнографы (КЗ, 1978. С. 139) адзначаюць перавагу свецкіх, дахрысціянскіх элементаў свята над царкоўнымі. Важнае значэнне ў абрадах надаецца кастрам, якія затым былі заменены шэсцямі дзяцей з «факеламі». Асноўная рытуальная страва – гусь. Марцін лічыцца апекуном жаўнераў, сукнаробаў, альпійскіх пастухоў, свойскіх птушак і жывёл. Народы Швейцарыі на Марціна звычайна праводзлі агульнавясковае свята шэсця пастухоў са статкам.

    Даследчыкі знаходзяць у традыцыях храмавых святаў чэхаў і славакаў Асвячэнняў (Posviceni), па-даўняму Годаў (Hody), рэшткі язычніцкага аграрнага культу, на якія смажылі гусей і качак, рыхтавалі печыва і пітво. Згодна ўказу 1767 г. аўстрыйскага імператара пастанаўлялася адзначаць храмавыя святы ў адзін час на Гаўла або Марціна (с. 193).

    У лужычан гэта свята дзяцей, якія ходзяць па хатах збіраючы падарункі, што пакінуў ім Мрцін (с. 199). Звычаёвасць народаў Брытанскіх астравоў на дзень Марціна, звязана з загатоўкай мяса быка, падказвае даследчыкам аб наяўнасці слядоў язычніцкага ахвяравання багам (с. 84–85). У скандынаўскіх народаў нярэдка ў дні Марціна злучаюцца святы – ураджаю і жывёлагадоўлі. Існуе легенда, што нібы святы Марцін схаваўся ў амбары, а гусь яго выдаў, таму неабходна скруціць гусю шыю і з'есці (КЗ, 1973. С. 103).

    Дзень Марціна ў Фінляндыі, Эстоніі і Інгерманландыі адзначаецца 10 лістапада. На гэты дзень прыходзіцца смерць папы Марціна (655) і дзень нараджэння Марціна Лютэра (1483), але звычаі тут звязаны з Марцінам-епіскапам, які ўсталёўваў хрысціянства сярод галаў у ІУ ст., заснаваў на Захадзе першы манастыр і нібы аддаў палову свайго плашча жабраку.

    Таму ў гэты дзень хадзілі маскарадныя працэсіі старцаў, якія спявалі песні і збіралі падаянне (с. 125). У развітых звычаях, легендах, казках альпійскіх пастухоў Аўстрыі, якія лічаць святога сваім апекуном, даследчыкі знаходзяць многія рэшткі язычніцтва і бачаць у Марціне замяняльніка нейкага боства. Аб гэтым таксама сведчаць маскарадныя пераапрананні, звычаі «Спусціць воўка (Wolfablassen), «Паездка касмандля» (Kacmandlfahrt) і інш. (с. 163).

    У італьянцаў, як і ў беларусаў ёсць згадка ў прымаўках аб млынах. Яны гаварылі, што да Усіх Святых зерне для палёў, пасля Марціна на млын нясі (Ярмолаў, 1901. С. 525). У Мінскай губерні некалі гаварылі: «Марцінаў гусь на вадзе – Божа Нараджэнне на лядзе». Даслоўнае знаходзілі ў палякаў: «Marsinowa des po wodzie – Boze Narodzenie po Lodzie».

    Трохі падобныя прымаўкі на гэты конт маюцца і ў рускіх: «Если на Мартынов день гусь выйдет на лёд, то будет ешё плавать на воде» (с. 532). Таксама ў Германіі і Францыі рытуальнай стравай у гэты дзень была гусь.

    Алесь Лозка




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz