ДЗЕДАВІЦА

НОЧ ЦУДАЎ – КУПАЛЬСКАЯ НОЧ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    НОЧ ЦУДАЎ – КУПАЛЬСКАЯ НОЧ ...

    У гэты дзень дрэвы перасоўваюцца з месца на месца, жывёла размаўляе паміж сабою, а ў рэках можна ўбачыць русалак, якія плаваюць у крыштальна чыстай вадзе. З гэтым днём, як ні з якім іншым, звязана вялікая колькасць легенд, і ніхто не можа сказаць, што з гэтага – праўда, а што – выдумка. Гэта – свята Івана Купалы. І адзначаецца яно ў ноч з 6 на 7 ліпеня.

    У шчучынцаў таксама ёсць свае традыцыі ў святкаванні Купалля. Сёння на беразе возера збяруцца і дарослыя, і дзеці, каб прыняць удзел у народных абрадах, паслухаць песні, паглядзець прадстаўленне, і, канешне ж, пашукаць сваю папараць-кветку. Што ж гэта за свята, якое мае столькі прыхільнікаў?

    Купалле – старажытнае народнае земляробчае свята, звязанае з летнім сонцастаяннем. Пад рознымі назвамі яно вядома ўсім індаеўрапейскім народам. Ва ўсходніх славян згадваецца ў летапісах з 1175 г., у старабеларускіх граматах – з XIII—XIV стагоддзяў. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найбольшага росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны.

    Свята вызначаецца вялікай колькасцю абрадаў, павер’яў, любоўнай і аграрнай варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя ўтыкалі ў сцены хаты і хлява, з астатніх плялі вянкі для купальскага гуляння.

    Асаблівае месца ў абрадах і гульнях займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся.

    У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні.

    Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежыла вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спальванне або тапленне ў вадзе чучала Купалы, рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш.

    Дзяўчаты варажылі, асабліва на замужжа: на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага». Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле народных павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка...

    Адначасова Купалле – час разгулу змрочных сіл: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі: кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некаторых мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак.

    Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з Купаллем дзень Іаана Хрысціцеля і свята атрымала здвоеную назву Іван Купала або Іванаў (Янаў) дзень. Прыходзьце сёння на свята! Магчыма, вам пашанцуе, вы знойдзеце сваю папараць-кветку і атрымаеце цудоўны дар – разумець мову жывёл і птушак. Чаго ў свеце не бывае?!

    Падрыхтавала Ганна РУДСКАЯ.

    Крыніца: http://dzyannica.by/content/noch-tsuda-kupalskaya-noch

    МАГІЯ КУПАЛЬСКАЙ НОЧЫ.

    Народная традыцыя загадвае сёння ўначы паліць вогнішча, збіраць лекавыя травы і сустракаць світанне. Кожнае свята беларускага традыцыйнага календара несла ў сабе тайну жывога і актыўнага дыялога чалавека з прыродай. Каляды віталі паварот Сонца на новае гадавое кола, Масленіца развітвалася з зімой, Вялікдзень сустракаў канчатковую перамогу дня над ноччу, Радаўніца была той мяжой, пасля якой дазвалялася распачаць цыкл земляробчых работ.

    Эпагеем гэтага каляндарнага колазвароту было Купалле, прымеркаванае да часу летняга сонцастаяння. Адзначалася Купалле наконадні вялікага праваслаўнага свята — Раджаства Іаана Прадцечы. Эпіцэнтрам падзей аказвалася абрадавае вогнішча. Вясковы люд зносіў да яго ўсялякую старызну, тым самым вызваляючы зямлю ад непатрэбнага бруду.

    Вечарам, як толькі сонца схаваецца за гарызонт, старэйшы член вясковай грамады распачынаў рытуал здабывання жывога агню, якім і падпальвалі святочнае вогнішча. Кожны, хто прыходзіў да кастра, прыносіў з сабой галінкі маю, якім на Тройцу ўпрыгожвалі падворкі і хаты, нехта прыносіў і спальваў адзенне цяжка хворага чалавека, нехта — адзенне тых, хто памёр.

    Нам даводзілася бачыць, як у некаторых рэгіёнах Беларусі людзі пісалі на кавалачках паперы словы, якімі яны пазначалі найбольш складаныя жыццёвыя сітуацыі, з якімі трэба было развітацца, ааб палепшыць сваё здароўе, дабрабыт, узаемапаразуменне з блізкімі, і спальвалі іх у купальскім вогнішчы.

    Калі купальскае вогнішча дагарала, то прысутная моладзь упершыню публічна заяўляла аб сваіх сімпатыях і заляцаннях. Хлопцы разам з дзяўчатамі скакалі цераз вогнішча, быццам бы развітваючыся з дзяцінствам, і пераступалі мяжу самастойнасці. Паварот Сонца да сваёй рытуальнай смерці стаў першаасновай для ўзнікнення адной з найпрыгажэйшых легендаў аб дзіўным феномене нашай прыроды.

    Легенда сцвярджае, што нябеснае свяціла не магло канчаткова саступіць месца цемры, яно проста факусіравала сваю жыццядайную моц у фантастычна прыгожай папараць-кветцы, якая даставалася сардэчнаму, сціпламу і светламу душой чалавеку. Збіральнікі духоўнай народнай спадчыны неаднаразова адзначалі, што сярод знахараў існаваў прыгожы па сваім выкананні і глыбока сімвалічны па зместу абрад (менавіта так: спецыяльна для гэтага выпрацаваны абрад) збірання лекавых траў.

    Перш чым зрэзаць расліну, знахар рассцілаў чыста адбелены ручнік, станавіўся на калені, чытаў малітву або замову, звяртаўся да расліны з словамі прабачэння і замова-просьбай аб дапамозе, кланяўся да самай зямлі і толькі пасля гэтага зразаў расліну спецыяльным драўляным нажом. Затым сабраныя расліны сушылі, звязвалі ў пучкі і захоўвалі на гарышчы.

    Засушаную, нежывую кветку нельга было трымаць у хаце — зоне жывых. Але калі хто-небудзь з аднавяскоўцаў або блізкай радні прасіў аб дапамозе, лекар адбіраў некалькі неабходных раслін, рабіў з іх узвар, настоі, мазі, але пры гэтым абавязкова тройчы прамаўляў замову, пры дапамозе незвычайных слоў якой кветку “ажыўлялі”, “абуджалі” ад часовага сну, ааб яна быццам узгадала і аднавіла тую жыццядайную сілу, якой валодала ў дзень летняга сонцастаяння.

    За апошнія гады мы пабывалі ў розных куточках краіны і неаднаразова былі сведкамі таго, як мудрыя вясковыя жанчыны збіралі ў гэты дзень розныя лекавыя травы. У іх быццам бы была сканцэнтравана ўся гаючая моц нашай прыроды. Купальскія зёлкі выкарыстоўвалі ў розных сітуацыях: імі абкурвалі людзей і хатнюю жывёлу, ааб зняць цяжкія сурокі, іх клалі ў калыску немаўлятам, з іх рабілі вянок нявесце.

    Рытуальным цэнтрам купальскага свята была ваколіца вёскі: выган, бераг ракі або возера, часцей за ўсё высокі. Кожная з гэтых мясцін была зусім невыпадковай. Высокі бераг ракі быў патрэбен, таму што назаўтра раніцай адтуль было зручна назіраць за ўзыходам Сонца. Усе зноў збіраліся каля вады, ааб убачыць, як сонейка “купаецца”.

    Казалі так: “Гэтую гульню можа ўбачыць як узнагароду толькі той, хто бавіў купальскую ноч без сну і хто будзе глядзець на сонца не міргаючы”. І толькі пасля таго, як сонейка ўзышло, людзі ішлі купацца самі. Верылі, што вада становіцца чарадзейнай, змывае грахі, пазбаўляе хвароб, робіць чалавека дужым.

    Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=47764




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz