ДЗЕДАВІЦА

КРОЎ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КРОЎ

    Універсальны сімвал жыцця, увасабленне спецыфічных жыццёвых патэнцый той ці іншай жывой істоты і прадмет разнастайных магічных практык. Найбольш жыццятворны функцыі К. адлюстраваныя ў прадукавальнай магіі і ў абрадах ахвярапрынашэння, дзе крывавы характра ахвяры (чалавек, жывёла) падкрэслівае яе найвышэйшы статус.

    Клятва, прынесеная на К. , лічылася наймацнейшай і непарушнай, паколькі на кон ставілася жыццё. Так, у 1351 г. пры падпісанні міру паміж Кейстутам і Людвігам Вугорскім абодва бакі, мачаючы пальцы ў К. ахвярнага вала чырвонага колеру, прамаўлялі: “Няхай са мной тое самае будзе, калі дамову не стрымаю”.

    Пад уплывам хрысціянства клятвам на К. было нададзена надзвычай негатыўнае значэнне, аднак уяўленні пра незвычайную іх моц захаваліся. Паводле народных перакананняў, чараўнікі (ведзьмы) сваё звышнатуральнае ўмельства атрымлівалі ад “нячыстага” (чорта), прадаўшы яму душу і змацаваўшы дамову ўласнай К., пасля чаго ўжо не маглі парушыць пагадненне.

    Змыкаючыся ў колеравым кодзе з агнём, К. выступае своеасаблівым індыкатарам жыццяздольнасці чалавека (“гарачая К.” – пра маладых, энергічных; “халодная” – пра старых, знямоглых) і адным з асноўных адрозненняў паміж светам жывых і “нежыццю” (нябожчыкамі, вупырамі; ліхаманкай, стрыгай, халерай ды іншым увасабленнем нездароўя), дзе апошняя мае бяскроўны (бледны) выгляд і адсутнасць жыццёвага цяплв (халодны дотык, позірк і г.д.).

    Магічныя здольнасці К. непасрэдна залежалі ад спецыфічных уласцівасцяў пэўнай істоты (хтанічная, ахвярная, “нячыстая”) і яе сітуатыўнага стану (здаровая, хворая, мёртвая). У пазітыўных мэтах выкарыстоўвалася К. істотаў, што мелі высокі ахвярны ці сакральны статус. Так, на Случчыне К. каляднай свінні, што разглядалася сялянамі як абавязковая ахвяра Калядзе, вылівалі пад карэнне садовых дрэваў з тым, каб яны пладаносілі.

    К. каляднага вепрука з’яўлялася непасрэдным прадметам для варажбы: калі яе лілося шмат няспынным ручаём – мусіла быць дажджлівае лета. Калі ж “разбіралі” вялікага вепрука, “гвозд”, якім затыкалі “юшку”, абавязкова заносілі ў свіны хлеў, каб гадаванцы былі гэткімі ж вялікімі. У радзіннай абраднасці К. белага пеўня мазалі жывот цяжарнай жанчыне, што павінна было палегчыць роды (Себежскі пав.).

    Для бяздзетных жа дзейсным сродкам, каб аднавіць дзетародную функцыю, лічылася К. з пупочнага канаціка немаўляці. К. голуба мазалі дзясны немаўлятам – ад гэтага мусілі хутчэй рэзацца зубы. К. шырока выкарыстоўвалася і ў лекавай магіі. Калі нечага першы раз кідала ў эпілептычны прыпадак, прысутны пры гэтым здаровы чалавек мог назаўжды выкараніць хваробу, разрэзаўшы сабе мезенец на левай руцэ і мазануўшы К. хворага па зубах.

    Каб вылечыць у чалавека каросту, мазалі ягонай К. калючую палачку і кідалі яе навідавоку. Адпаведна хвароба пераходзіла на таго, хто яе падымаў. Дзейсным сродкам ад “вогніка” лічылася К. чорнага ката, ад “рабаціння” – К. ластаўкі, а той, хто вымажа рукі К. крата, набудзе здольнасці лячыць жываты. У прамысловай магіі паўсюль у Беларусі паляўнічыя выкарыстоўвалі К. забітай жывёлы, шмаруючы ёю рулю стрэльбы, каб тая “не жывіла” (г. зн. біла б толькі насмерць).

    К. змяі магла выкарыстоўвацца падвойна: як дапамога пры ўкусе (К. той жа змяі мазалі рану) і як шкаданосны сродак (пры ўжыванні разам з ежай у страўніку ахвяры заводзіліся змеі (Гродзенскі пав.). Страта К. жывой істотай, і перадусім чалавекам, незалежна ад колькасці разглядалася як страта жыццёвай энергіі і з’яўлялася вельмі небяспечнай. Лічылася, што калі ў чалавека часта носам ідзе К. – ён доўга не пражыве (Віцебская губ.). На месцы, дзе калісьці чалавек параніўся да К., забаранялася будаваць хату.

    А калі кроплі К. з носа падліжа сабака – будзе вельмі моцна балець галава. К., што з’явілася ў малацэ кароў, разглядалася як вынік чараў і азначала падзенне прадуктыўнасці (жыццёвасці) жывёлы. К. забітай жывёлы забаранялася пакідаць на “прахадным” месцы, бо той, хто на яго ступіць, пачынаў “скабліцца” (часацца)да тае пары, пакуль мяса жывёлы не будзе з’едзенае (Віцебская губ.).

    Моцны крывацёк, наводле перакананняў сялян Случчыны, маглі спыняць толькі знахары (корпус замоваў ад крывацёку – адзін з самых вялікіх у гэтым жанры). Прычым калі гэта рабілі чараўнікі (ведзьмакі) – людзі, падазроныя ў сувязях з нячыстай сілай, лічылася, што К. сунімецца хутка, але будзе дрэнна цекчы па жылах, ад чаго чалавек будзе сохнуць.

    З іншага боку, той, хто наб’е ў першы дзень Вялікадня ведзьму да К. (г. зн. спрычыніцца да страты апошняй часткі жыццёвай сілы), больш не будзе мець з яе боку ніякіх кепстваў (Заходняя Беларусь). З’яўляючыся грунтам найбліжэйшага сваяцтва (убачыць К. у сне- сустрэць наяве крэўных сваякоў), К. можа выступаць асновай своеасаблівага сімвалічнага “сваяцтва”, ці лучнасці, часам непажаданай для чалавека.

    Так, напрыклад, серп, які парэзаў жняю (пакаштаваў К.), абавязкова “перарабляўся” кавалём. Іначай парэзы да К. сталіся б рэгулярнымі (Слуцкі пав.). Аднак у сітуацыі, калі пры нейкай рабоце з нажом 9ці іншым інструментам) руку да К. рэзала дзіця – гэта азначала будучы прафесійны выбар.

    Суаднесенасць чырвонага колеру і К. спарадзіла ў народнай свядомасці шэраг адпаведных аналогій і тлумачэнняў. Рэшту квасу (напрыклад, падчас працы на полі) трэба было выліваць на мяжу, а не на ніву – іначай жнеі будуць рэзаць рукі (Віцебская губ.). Чырвоны колер Месяца (Сонца) тлумачыўся тым, што ён напіўся К. там, дзе на зямлі ідзе вайна. Адпаведны колер альхі нібыта ад К. параненага чорта, а ягад рабіны – ад крывавых слёз Евы, прагнанай з раю (Віцебская губ.).

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2792




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz