ДЗЕДАВІЦА

КАЗЯЎКІ Ў БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КАЗЯЎКІ Ў БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ

    Таццяна Валодзіна, Вячаслаў Ракіцкі 08.04.2008 г. 1092

    (Вячаслаў Ракіцкі: ) “Усё больш людзей імкнецца ў гарады, пакідаючы прыроду з усёй яе эстэтыкай і карысьцю; партыі зялёных б’юць у званы аб руйнаваньні навакольля; сучасныя дзеці не адрозьняць шэршня ад чмяля і дзівуюцца, што ў мове сярод усіх мільёнаў жывых істотаў не здыхае, а памірае адна-адзінюткая пчала. Справа даходзіць да таго, што для нас, сёньняшніх гараджанаў, сьвет кузурак зводзіцца да камароў, тараканаў, молі, якіх трэба біць, труціць, выганяць, вывадзіць... А разам зь імі мы б’ём, труцім, губляем велізарную частку нашае духоўнай спадчыны”.

    (Тацяна Валодзіна: ) “Сьвет насякомых у традыцыйнай культуры беларусаў — цэласная распрацаваная сыстэма ўяўленьняў, арганічная частка той агромністай сэнсава ёмістай мазаікі, якую мы завём сёньня карцінай сьвету. У народнай заалёгіі праз зварот да вобразаў пчалы, павука, камара, мухі ды іншых аказалася магчымым закадаваць і паэтычна ўзнавіць шэраг сьветапоглядных ідэяў — ад тварэньня Сусьвету і да чалавечага каханьня. Стэрэатыпы і вобразы вернасьці, здрады, працавітасьці, агіды, плоднасьці, злосьці й яшчэ многіх-многіх якасьцяў і пачуцьцяў перадаюцца ў павер’ях ды песеннай сымболіцы, аб’яднаных вобразамі жамяры ды кузурак”.

    (Ракіцкі: ) “Такім чынам, гаварыць мы сёньня будзем пра насякомых вакол нас, пра нас і насякомых і нават насякомых унутры нас. Найперш традыцыйнае пытаньне: адкуль усе гэтыя мухі, камары, матылі, клапы, блашчыцы, навошта была ўся гэтая жамяра?”

    (Валодзіна: ) “Ну, калі б мы разгарнулі падручнік па заалёгіі, прачыталі б дэталёва: адны для корму птушак, другія для паяданьня іншых, трэція яшчэ для чаго. Але народная філязофія зьвязвае паходжаньне перадусім жамяры з чортам: “От Бог узяў жменю пяску, кінуў яго на вецер да й кажэ: “Ляцеце, усялякія птушкі”, і птушкі паляцелі ды пачалі цыркаць да пець у паветры. Пабачыў тое чорт да захацеў сам зраўняцца з Богам. От ён узяў жменю пяску, шыбануў яго ўгору да й кажэ: “Лецеце”, а хто й забыў сказаць. А тут як сыпануць мошкі, камары, авады ды ўсялякі гнюс, як нападуць на чорта да пачнуць яго рэзаць, дак ён круціўса-круціўса, бегаў-бегаў, а яны сьледам за ім роям”. Гэтае нячыстае паходжаньне жамяры набліжае яе да клясы гадаў як гэтаксама чортавых стварэньняў. Цікава адзначыць, як замацоўвае такія ўяўленьні мова — мы і сёньня кажам: “Муха папаўзла, прусак папоўз”, хаця ён і стрыбануў так, што і не дагнаць. Насякомыя менавіта поўзаюць, як і гады, змеі, а ня ходзяць ці, напрыклад, бегаюць, хаця і маюць ногі”.

    (Ракіцкі: ) “Можа, чалавек нэгатыўна ставіцца да жамяры таму, што яна здольная джаліць самога чалавека? Хто з нас не адбіваўся ад камарынага нашэсьця? А што пра гэта кажа народная проза?”

    (Валодзіна: ) “А ў легендах смактаньне чалавечае крыві санкцыянуе сам Бог. Аднойчы паслаў ён камара вызначыць, чыя кроў самая смачная. І за праўдзівы адказ — “чалавечая” — дазволіў камару піць кроў у людзей. Гэтаксама і з шэршнямі. Карысных для людзей пчолаў стварыў Бог, а чорт папрасіў даць пчолаў і яму. Разгневаны Бог кінуў жменю пчолаў проста ў твар чорту, тыя адразу сталі вялікія, кусьлівыя і ў той жа момант разьляцеліся хто куды. З таго часу шэршні перш чым укусіць каго, цаляюць ударыць проста ў твар”.

    (Ракіцкі: ) “Такім чынам, усім нам добра вядомыя агрэсіўныя “кусучыя” намеры жамяры толькі падкрэсьліваюць іхную чартоўскую прыроду?”

    (Валодзіна: ) “Ну, ня толькі чартоўскую прыроду. Сымболіка камарынага ці пчалінага ўкусу ў народнай традыцыі закранае і сфэру полавых дачыненьняў. Як у прыпеўцы: Не хадзіце, дзеўкі, у лес, Камары кусаюцца. Адну дзеўку ўкусіў — Жывот раздуваецца. Дарэчы, калі ў сьне пабачыш пчаліны ўкус, тое вяшчуе цяжарнасьць. Тое ж самае жучок, які “наробіць клапот, што не сходзіцца капот”. Укус жа шэршня ў вясельнай паэзіі не патрабуе камэнтароў: Прыляцеў, мамка, шарсень да й утыкнуў жала, Да й утыкнуў жала, сэрца ж маё задрыжала. Дзеўку ды не за пуп, за чэрэва, Укусіў пасярэду”.

    (Ракіцкі: ) “Няўжо ж і пчала, што джаліць так балюча, — таксама чортава стварэньне? Гэта ж ці не адзінае ў нас культываванае насякомае?”

    (Валодзіна: ) “Сапраўды, статус пчалы іншы. Гэта божая казюрка, бо зь яе карысьць і людзям, і Богу (праз воск на сьвечкі). Расказваюць, пчолы ўтварыліся са сьлёзаў дзяўчыны-прыгажуні, якая горка плакала, седзячы на камні сярод сіняга мора. Ейныя сьлёзы расчулілі Спаса, які ішоў гэтым часам па сінім моры, і зь ягонай сьлязы ўтварылася пчаліная матка. Пчаліныя вульлі раўнаваліся да Божага храму, а загубіць рой, крадучы мёд, успрымалася як забойства чалавека. За гэта меркавалася сьмяротнае пакараньне. Пчаліная матка атаясамлівалася з самой Прачыстай”.

    (Ракіцкі: ) “Але калі адштурхнуцца ад эстэтычных меркаваньняў, то на першае месца мы паставілі б грацыёзных матылькоў. Колькі калекцыянэраў гатовыя на ўсё, каб прыдбаць новы экзэмплярчык гэтых прыгожых стварэньняў! У фальклёры, відаць, станавіліся матылькі найменей прынцэсамі?”

    (Валодзіна: ) “Зусім не. Прыпісаныя матылям далёка ня сьветлыя функцыі. Матылёк — ці то душа чалавека, што адлятае ад яго пры сконе, альбо сама сьмерць, што прылятае да сваёй ахвяры, ці вястун сьмерці. Расказваюць, да аднае бабулі, што сядзела ля раскрытага акна, прыляцеў начны матылёк і сеў ёй на рукаво, тая адразу ўсё зразумела і ласкава сказала: “Сьмерцічка ты мая”. Той жа начы яна памерла. Вераць нават, што душы ведзьмаў набываюць выгляд матылёў ды лятаюць, прыносячы шкоду людзям, свойскай жывёле, збожжу. Казалі, калі авечкі худзеюць і кашляюць, у іх нутры знойдзеш жывых матылёў. Больш за тое, верылі, што матылі могуць завесьціся і ў чалавечай галаве”.

    (Ракіцкі: ) “І чалавек тады таксама кашляў?”

    (Валодзіна: ) “Не, часьцей кузуркі ў чалавечым целе выклікалі, у народных поглядах, зразумела, дзіўныя паводзіны, здольнасьці. Цяпер такія ўяўленьні захаваліся больш на роўні мовы. І мы кажам: “з мухамі ў носе” пра капрызнага, “пад мухай” — пра п’янаватага, “з матылямі ў галаве” — пра дурнаватага. А яшчэ кажуць: “павука зьеў” — пра чалавека злоснага ці нават чарадзея”.

    (Ракіцкі: ) “Цяпер ці ня кожная сувэнірная крама ці адмысловая нацыянальная выстава аздобленыя такімі мудрагелістымі саламянымі дзівосамі, што чапляюцца да столі і гойдаюцца як жырандолі. Сапраўдныя мастацкія шэдэўры, а завуцца так празаічна і непрывабна — павук, павукі. А хочацца назваць іх прынамсі жар-птушкаю...”

    (Валодзіна: ) “Тым ня меней, гэтая прыземная назва як найлепей адпавядае самому прызначэньню павукоў. Вешалі іх пад столь напярэдадні Калядаў ці Вялікадня, каб пазначаць такім чынам надыход новага году, на шчасьце. А сьвет і год, як мы памятаем, былі менавіта заснаваныя самым галоўным Творцам. Нездарма ў старажытных касмагоніях Бог — Стваральнік Сусьвету — параўноўваўся менавіта з ткачом-павуком, а сам працэс стварэньня Сусьвету прыпадабняўся да вытыканьня тканіны. У тым ліку, і праз сваё месцазнаходжаньне ў куце набывае павук функцыі хатняга апекуна”.

    (Ракіцкі: ) “Праўда, і сёньня нават у гарадзкіх кватэрах асьцерагаюцца біць павука і нават радуюцца, калі ён завёўся дзе ў зацішным куточку. А яшчэ я чуў, калі павук спускаецца наўпрост перад табою, — то нейкі знак. А які?”

    (Валодзіна: ) “Дзеля вытлумачэньня гэтага вяшчунскага знаку існуе ці ня цэлая сыстэма. Залежная яна і ад часу такога спусканьня, і ад месца (куды павук мкнецца — калі перад носам, то паказвае на нешта непрыемнае, нечаканае, а калі прама на галаву — да нейкага паведамленьня, ну, а калі на місу са страваю — чакай прыбытку). А ў легендах і павук, і пчала былі калісьці людзьмі: “Напачатку павук і пчала былі братам і сястрой. Аднойчы, калі памірала іх маці, прыляцела сарока — спачатку да пчалы, а потым і да павука , і паведаміла сумную вестку. Пчала адразу ж кінула сваю працу і паляцела да маці, а павук, спаслаўшыся на вялікую занятасьць, застаўся за сваімі кроснамі. За тое і быў ён пракляты, каб вечна ткаць сваё павуціньне і ніколі ня скончыць...”

    (Ракіцкі: ) “Ну, і нарэшце — прус, таракан, ці ня самая агідная казяўка. І падабаюцца ёй найперш гарадзкія кватэры. А галоўная ейная агіднасьць, што ад яе складана пазбавіцца. Відаць, вывела ў іх постацях народная творчасць самога чорта?”

    (Валодзіна: ) “Ізноў не зусім так. Натуральна, успрымаліся блохі, прусы, вошы й іншыя кузуркі, як нечысьць у хаце, але да прусакоў ставіліся не катэгарычна адмоўна. Болей за тое, зь імі зьвязвалі грашовы дабрабыт. Казалі, ёсьць прусы — будуць і грошы. Нават пераехаўшы ў новую хату, несьлі з сабою ў кішэні пару якую і прусоў. Больш настойліва пазбаўляліся ад вошаў і блох. Фіксуюцца нават такія парады, як падкладваньне прусачка ў шапку сьвятару альбо аббяганьне голым сваёй хаты ў чысты чацьвер. І такія парады лічыліся асабліва дзейснымі: “Злавіўшы дзевяць прусакоў і трымаючы іх у руцэ, прыйдзіце да суседы і папытайце: ці чакалі вы гасьцей? Калі адкажуць, што так, неўпрыкмет выпусьціце — астатнія пяройдуць самі. Калі ж захаваўся ў вас які лапаць ці іншы які стаптаны тапак, пакладзіце ў яго таракана, зачапіце на вяровачку і з намаганьнямі і патугамі абавязкова ўсёй сям’ёю цягніце на ростані. Толькі адтуль дадому трэба вяртацца бягом. І не азірацца”.

    (Ракіцкі: ) “Ну, а нам застаецца чакаць павукоў, што падаюць у міску са страваю, не злаваць на прусоў, што варожаць прыбытак, шанаваць пчалу і божую кароўку, радавацца сьпеву цвыркуноў ды захапляцца матылямі ў лузе. А яшчэ асьцерагацца розных жукоў ды вучыцца ад мурашоў іх грамадзкаму ладу”.

    Крыніца: http://kryuja.org/artykuly/bielaruskaja_atliantyda/kaziauki_u_bielaruskaj_kultury.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz