ДЗЕДАВІЦА

“БІЦЬ — КАБ ШЧАСЦЕ І ЗДАРОЎЕ НАБЫЦЬ”
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    “БІЦЬ — КАБ ШЧАСЦЕ І ЗДАРОЎЕ НАБЫЦЬ”

    У беларусаў такое рытуальна-магічнае дзеянне, як «біццё», было прадстаўлена даволі шырока ў сямейна-родавых абрадах і абрадах каляндарнага цыклу. Лічылася, што яно выконвае прадуцыравальную і засцерагальную функцыі, а таксама спрыяе пладавітасці, урадлівасці, здароўю, набыццю моцы. Часцей за ўсё ў абрадзе «біцця» рытуальнае дзеянне выконвалі галінкамі вярбы, бярозы, крапівой, палкай ці дубцом, пугай, хлебнай лапатай, поясам, венікам.

    * На Пскоўшчыне, калі свата адпраўлялі да нявесты, бацька маладога тройчы біў яго і прыгаворваў: «Не я б’ю, удача б’е!» На ўкраінскім Палессі, пакуль выпякаўся вясельны каравай, усе жанчыны, якія былі ў гэты час у хаце, павінны былі танчыць, у руках адной з іх была хлебная лапата, якой яна павінна была дакрануцца (злёгку ударыць) да кожнай з прысутных. У сербаў і балгар існаваў звычай злёгку біць нявесту падчас вяселля і перад тым, як маладыя пойдуць спаць.

    У некаторых рэгіёнах Беларусі і ва Украіне, каб вяселле адбылося, на заручынах сват біў палкай, цэпам ці вілкамі па сценах хаты нявесты. У палякаў існаваў звычай біць дзіця пасля хрышчэння. Бацька клаў дзіця папярок парога і злёгку сцёбаў розгамі, каб дзіця расло паслухмяным і разумным. У македонцаў дзяцей сцёбалі ў дзень святога Ігната (20 снежня).

    Лічылася, што менавіта з гэтага дня пачынае расці дзень, так і дзеці з гэтага дня павінны падрастаць. У сербаў дзяцей сцёбалі тымі галінкамі вішні, якія ўжо расцвілі, «каб перадаць ім жыццёвую сілу гэтай расліны і прыгажосць».

    * На Беларусі таксама існаваў шэраг абрадаў, калі неабходна было выканаць рытуальнае дзеянне «біццё». Каб пладовыя дрэвы далі добры ўраджай у наступным годзе, на Каляды гаспадар павінен быў патрэсці або пабіць-пастукаць кожнае дрэва хлебнай лапатай.

    На Палессі ў калядныя вечары гаспадар запрашаў Мароза прыходзіць і пачаставацца кісялём, пры гэтым трэба было моцна біць па штыкетніку, сцяне хаты ці па металічных прадметах: «Мароз, Мароз, ідзі куццю есці, а на Пятроўку не бывай, а то будзем пугай біці». На Юр’я, калі першы раз выганялі карову ў поле, гаспадыня біла яе галінкамі асвечанай вярбы.

    На Палессі (в.Спорава Брэсцкай вобласці) у гэты дзень цяжарная жанчына здымала свой фартух, біла ім карову і выпраўляла ў поле. На Віцебшчыне існавала правіла: перш чым адправіцца на першае заворванне, зяць павінен быў пабіць (крыху) цёшчу або цесця. Гэта рабілася дзеля таго, каб вырас добры ўраджай пшаніцы або жыта адпаведна.

    У вёсцы Стадолічы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці жанчыны, якія выконвалі рытуал выклікання дажджу, павінны былі біць палкамі калодзежную ваду. На Віцебшчыне рытуальнае «біццё» лічылі сродкам ад сурокаў. Той, хто наўмысна сурочыў чалавека, павінен быў зняць свой пояс і тройчы сцебануць хворага па паясніцы.

    * Разам з тым у народнай культуры існаваў шэраг забаронаў у дачыненні да гэтага рытуальнага дзеяння. Напрыклад, пад страхам смерці забаранялася біць зямлю: «Без патрэбы няможна зямлю біць, зневяраць ці паскудзіць чым-небудзь, бо зямля святая, яе Бог нам даў як матку, а матку трэ шанаваць».

    На Віцебшчыне забаранялася біць дзяцей, якія залезлі ў гарох. Лічылася, у таго, хто пашкадуе дзецям гэтай гародніны, «усё з’ядуць чэрві». Аўтар: «Народная газета».

    БІЦЦЁ ПОСУДУ

    А.Л. Тапаркоў

    Біццё Посуду - рытуальна-магічнае дзеянне, характэрнае для сямейных, каляндарных і акказіянальных абрадаў, а таксама для народнай медыцыны. Можа мець як пазітыўную скіраванасць (пажаданне багацця, урадлівасці, шчасце), так і негатыўную (сімволіка знішчэння, няшчасці, смерці). Адрозніваецца біццё старога і новага посуду, цэлай і сапсаванай, пустой і напоўненай.

    Біццё Посуду ў вясельным абрадзе, вядомае ўсім славянам, асацыявалася з дэфларацыяй ці родамі. У рускіх раніцай пасля першай шлюбнай ночы будзілі маладых, разбіваючы гаршкі аб дзверы памяшкання, у якім тыя спалі, ці каля пасцелі; пасля гэтага маладая падмятала чарапкі, а ёй кідалі грошы.

    У Калужскім краі гаршкі білі ў знак таго, што маладая была "суцэльная", а ў гэту ноч "разбілася". На Ўкраіне і ў Беларусі звычайна білі посуд, выяўляючы сваю радасць з нагоды таго, што маладая апынулася нявіннай. У сербаў маладая перагортвала чару з вадой ці віном ці станавілася на яе і разбівала, каб ёй было лёгка нараджаць.

    Біццё Посуду асэнсоўвалася як пажаданне шчасця маладым. Чэхі кідалі новы гаршок пад ногі каня падчас праезду вяселля праз вёску, каб маладая не ведала бед. У Сербіі, калі жаніх адпраўляўся за нявестай, яму падавалі чару з віном, ён адпіваў і кідаў чару праз левае плячо, а сваты тапталі яе нагамі. Мноства аскепкаў і чарапкоў ад пабітага посуду сімвалізавала множанне ў сям'і і гаспадаркі.

    У Архангельскай в. у канцы вясельнага абеду кідалі гаршок на печку, прыгаворваючы: "Колькі чарапкоў, гэтулькі дзяцей маладым". У Польшчы ўвечар перад вяселлем дзеці білі аб дзверы хаты старыя гаршкі і іншы посуд, "каб у маладых усё прыбывала".

    На Ўкраіне жаніх кідаў назад гаршок з вадой і аўсом, прычым лічылася, што калі кінуты гаршок разаб'ецца, то ў маладых народзіцца сын, а калі застанецца цэлым, то дачка ці маладыя застануцца бяздзетнымі. Ва ўсходніх славян Біццё Посуду сустракаецца і ў хрысцінным абрадзе.

    У канцы хрэсьбавага абеду павітуха ставіла на стол гаршок з кашай і прапанавала разбіць яго таму, хто дасць больш грошай; гаршок разбівалі, і калі крута звараная каша не рассыпалася, то гэта лічылі прадвесцем дастатку і дабрабыту ў сям'і.

    На Палессі чарапкі ад пабітага гаршка кідалі ў падол, на галаву ці за пазуху маладым жанчынам, каб у іх было шмат дзяцей. Біццё Посуду ў пахавальным абрадзе, вядомае ва ўсходніх славян, палякаў і сербаў, мела значэнне засцярогу і сімвалізавала выдаленне нябожчыка, а таксама прадметаў, якія былі з ім у судотыку, за межы хаты. Рускія разбівалі гаршкі, з якіх абмывалі нябожчыка.

    У Беларусі сваячка нябожчыка кідала яму ўслед збожжа, каб ён не пазбаўляў збажыны пакінутых у жывых, а пасля гэтага разбівала пасудзіну з-пад збожжа аб кут хаты. На Ўкраіне пасля памінальнага абеду мылі посуд і злівалі ваду ў гаршок, гаспадыня адносіла яго на могілкі, вылівала ўсё на магілу, а гаршок разбівала. У Паднястроў’і ўдава нябожчыка разбівала пасля вынасу цела новы гаршок.

    У Польшчы над галавой нябожчыка ставілі перавернуты гаршок, на якім гарэў агонь; калі труну выносілі, гэты гаршок неслі за ім і разбівалі перад царквой, прычым чарапкі выкідвалі куды-небудзь, дзе ніхто не ходзіць. Сербы на наступны дзень пасля пахаванняў ішлі на магілу, абкурвалі яе, а талерку, у якой былі вуглі, разбівалі каля крыжа.

    У Польшчы на Перадвялікодным тыдні здзяйснялі сімвалічныя "пахаванні жура" - традыцыйнай нішчымнай стравы; хлопцы разбівалі гаршкі з журам (ці попелам, брудам) аб сцены ці дзверы хат. Да сярэдзіны Вялікага паста ў палякаў прымяркоўваўся абрад "выбівання Сярэдапосцьця": напаўнялі попелам старыя гаршкі і міскі і разбівалі іх аб дзверы хат; хлопец кідаў гаршок з попелам перад дзяўчынай, дзяўчына - перад хлопцам.

    Украінцы Валынскай губ. у Юр'еў дзень хадзілі ў поле, дзе ўладкоўвалі трапезу, а затым білі посуд "на шчаслівы ўраджай". На Палессі для выклікання дажджу ў студню кідалі крадзеныя гаршкі і гарлачы, разбіваючы іх пры гэтым. У народнай медыцыне Біццё Посуду заклікана спалохаць і прагнаць хваробу.

    Ва ўсходніх славян, палякаў, славакаў і сербаў пры канвульсіях накрывалі дзіця карытам і зверху разбівалі гаршок. Ва ўкраінцаў і беларусаў білі гаршок над галавой хворага, каб "адпудзіць ліхаманку". Славакі варылі лекавы адвар з травы ў новым гаршку, які потым разбівалі.

    У прыметах Біццё Посуду магло прадвесціць ці няшчасце і смерць, ці поспех і багацце. Калі посуд разаб'ецца пры гасцях, то гэта добры знак, а калі без госцяў - дрэнны (беларусы). Калі посуд б'ецца, то гэта абяцае прыбытак, калі ломіцца - страта (украінцы).

    Разбіць посуд на Каляды - да смерці ці няшчасця ў будучым годзе (славенцы), у славакаў няшчасце абяцала і посуд, пабіты пад Новы год. Па рускім павер'і, гаршкі б'юцца ад таго, што ў хаце хто-небудзь свішча.

    БІЦЦЁ ПОСУДУ

    Біццё посуду – даволі пашыранае рытуальна-магічнае дзеянне, якое нашы продкі здзяйснялі падчас розных сямейна-родавых і каляндарных святаў. Гэты рытуал меў два семантычныя пласты і адпаведна два супрацьлеглыя па змесце тлумачэнні.

    З аднаго боку, разбіваючы посуд, удзельнікі цырыманіялу жадалі галоўным дзеючым асобам багацця, здароўя, шчасця, нараджэння дзяцей. З другога боку, разбіць посуд – гэта значыць, «знішчыць» што-небудзь (хваробу, гора, бяду, іншыя няшчасці).

    У вясельным абрадзе практычна паўсямесна разбівалі той посуд, з якога маладыя прыгублівалі першае ў сваім сумесным жыцці пітво. Гэта быў знак таго, што двое маладых людзей прынцыпова змянілі свой сацыяльны статус.

    * Часцей за ўсё посуд білі пасля першай шлюбнай ночы. Госці падыходзілі да дзвярэй пакоя, у якім спалі маладыя, і разбівалі аб іх гліняны посуд, пры гэтым прыгаворвалі магічнае пажаданне-заклінанне: «Колькі чарапкоў, столькі хлапцоў маладым!»

    * У пахавальным абрадзе разбівалі гаршок, у якім была вада пасля абмывання нябожчыка.

    * У многіх мясцінах Беларусі існаваў звычай: як толькі з хаты вынеслі памерлага, нехта з старэйшых прадстаўнікоў роду рассыпаў па падлозе жменю жыта, г. зн. выконваў прадуцыравальны абрад «засеўкі», як на Каляды, сімволіка якога зводзілася да наступнага: з дому вынеслі «смерць», але жыццё ў ім няхай доўжыцца. Гаршок, з якога бралі зерне, тут жа разбівалі аб вугал хаты.

    * Біццё посуду было характэрным і для радзіннай абраднасці. Напрыканцы застолля на хрэсьбіны бабка-павітуха выносіла гаршок з кашай і прасіла за яго выкуп. Той, хто пакладзе грошай больш за ўсіх, а гэта, як правіла, былі хросныя бацькі, атрымлівалі ганаровае права разбіць гаршок аб стол.

    Па стану кашы меркавалі аб будучай долі немаўля: калі каша рассыпалася па паверхні стала, гэта лічылася кепскім знакам, і, наадварот, калі абрадавая ежа захавала форму посуду, у якім была прыгатавана, гэта лічылася добрай прыкметай.

    * На Палессі чарапкі ад разбітага гаршка збіралі тыя жанчыны, якія доўгі час па нейкіх прычынах не маглі нарадзіць дзіця.

    * Лічылася добрай прыметай разбіць што-небудзь у дзень свайго нараджэння або імянін.

    * Ганчары верылі, што перад тым як распачаць торг на базары ці кірмашы, трэба абавязкова разбіць новы гаршок. Калі ж гэтага не зрабіць, то як ні старайся, шанцаваць не будзе.

    * Паўсюдна лічылі, калі посуд б’ецца ў прысутнасці чужых людзей, гэта прадказвае прыбытак, павелічэнне дабрабыту.

    * Няшчасце мог наклікаць трэснуты або надбіты посуд, таму яго ніколі не трымалі ў хаце, не кажучы ўжо пра тое, каб выкарыстоўваць у паўсядзённым жыцці і асабліва ў абрадавай практыцы.

    Аўтар: «Народная газета».

    Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/eb94711023f058e3.html




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz