П’ЯНСТВА
Запой, загар. Паводле народных уяўленняў, цяжкая хвароба, якая сталася вынiкам нерэгламентаванага (неабмежаванага) спажывання гарэлкi i магла скончыцца смерцю (самагубствам) цi вар'яцтвам чалавека. Меркавалi, што прычынай З. можа быць «налог» (сурокi) або чорт, якi, з'яўляючыся «вынаходнiкам» гарэлкi, паджучвае людзей на П. Лiчылася, што менавiта ў стане алкагольнага ап'янення людзi найбольш падуладныя «нячыстай сiле» (узгадаем шматлiкiя сюжэты былiчак пра ашуканне чортам п'янiцы: завёў у балота, прымусіў блукаць у лесе, паклаў спаць на камень замест печы i г. д.) i ўступаець з ёй у небяспечную камунiкацыю: «Запой такая хвароба, калi чалавек, якi пачне пiць гарэлку, то патуль п'е, покуль саўсiм ускруцiцца да пачне размаўляць з чартамi ды ўсялякаю нечысцю» (Слуцкi пав.). З другога боку, п'янiца, трапляючы ў iншасвет з дапамогай алкаголю i здзяйсняючы непрагназаваныя, ненармаваныя ўчынкi, можа падманваць (перамагаць) прадстаўнiкоў звышнатуральнай сферы («п'янаму i чорт дарогу саступае»). Так, у казцы «П'янiца ў раi» чалавек дамагаецца ад святых Пятра, Паўла i Iаана пропуску ў рай, выкрываючы грахi кожнага з iх. Знаходзячыся ў пекле, герой казкi «П'янiца» становiцца прычынай з'яўлення на Беларусi жыдоў, выпусцiўшы iх з кiпячых казаноў за пляшку гарэлкi (апошнiя, як i чорт, лiчылiся вынаходнiкамi гарэлкi i прычынай П., што адлюстроўвала рэальную сiтуацыю ўтрымання iмi большасцi корчмаў i шынкоў на Беларусi). У народнай традыцыi iснаваў шэраг прадпiсанняў, заклiканых засцерагчы ад П. i прадухiлiць iншыя кепскiя наступствы ад гарэлкi. Так, дзiцяцi адразу пасля ягонага нараджэння нацiралi поласць рота кавалкам кiслага яблыка каб малое не было ў будучым п'янiцам. Паўсюль на Беларусi iснуе забарона пiць недапiтую чарку цi гарэлку, злiтую з дзвюх пляшак, што можа прывесцi да П. цi да атручання алкаголем. У якасцi iдэальнага спосабу ўжывання гарэлкi, няздольнага прынесцi шкоду, сустракаецца варыянт, якi ўзыходзiць, магчыма, да рытуальных сумесных трапез дахрысцiянскай эпохi: «У бяседзе за сталом... п'юць з аднае чаркi па калейцы, пачынаючы з гаспадара, цi з большага, абыходзяць усiх па сонцы, бо процi сонца гарэлка не пойдзе на пажытак, а нават зашкодзiць» (Слуцкi пав.). Каб не быць счараваным праз гарэлку i каб не «падкаснуўся лiхi», чарку, перад тым як выпiць, трэба было паставiць на мезенец i перахрысцiць. У выпадку рэальнага П. цi запою народная медыцына прапаноўвала шырокi спектр лекавых сродкаў, якiя падзяляюцца на дзве асноўныя групы: здольныя выклiкаць «смерць» п'яніцы або агiду ў яго да гарэлкi. У першым выпадку выкарыстоўваўся настой гарэлкi на рэчах, звязаных з нябожчыкам (попел з валасоў мерцвяка, медзяныя грошы, трыманыя ў нябожчыка ў роце). Другая катэгорыя сродкаў складалася з агiдных, неспажыўных чалавекам рэчываў, суаднесеных, як правiла, з хтанiчнымi («чортавымi») iстотамi. Так, у гарэлку дадавалi кацiную плацэнту, высушаную на парашок, мазгі, здабытыя ў жывой савы, мышыную кроў, конскi пот ды інш. У якасцi дадатковага (узмацняльнага) сродку супраць П. i запою выкарыстоўвалi спецыяльныя замовы («хмель i вiно, адступiся ад раба божага ў цёмны лес, дзе людзi не ходзяць, i конi не бродзяць, i птушкi ня лётаюць» (Хойнiцкi р-н). Смерць ад П. лiчылася «нячыстай» i прыраўноўвала такiх нябожчыкаў да статуса самагубцаў або людзей, не дажыўшых свайго веку. Як i самагубцы, так i «апiўцы», пахаваныя ў межах могiлак, лiчылiся прычынай засухi, бо, паводле народных перакананняў, i на «тым» свеце iх працягвала турбаваць смага. Абаронцам ад запойнага П. лiчыўся св. Мацей, прысвятак у гонар якога прыпадае на 10 лістапада.
http://mifijslavyan.ru/stories2/260.htm