ДЗЕДАВІЦА

КАСМАГОНІЯ, БЕЛАРУСКАЯ МІФАЛОГІЯ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КАСМАГОНІЯ, БЕЛАРУСКАЯ МІФАЛОГІЯ

    Касмагонія - цыкл міфаў аб стварэнні сусвету. Сістэмы касмаганічных сюжэтаў славяна-беларускага насельніцтва ў першапачатковым (дахрысціянскім) выглядзе не захавалася. Намаганнямі фалькларыстаў ХІХ-ХХ стст. зафіксаваны шматлікія паданні ў жанры "Народнай Бібліі", якія тлумачылі з'яўленне Зямлі, Неба і чалавека праз інтэрпрэтацыю і ўдакладненне Старога і Новага Запавету.

    У гэтых апавяданнях, а таксама ў народных павер'ях, загадках, песнях, арнаментах захаваліся элементы болей архаічнай, язычніцкай рэлігіі. У кніжнай серыі "Беларуская народная творчасць" (том "Легенды і паданні") прыводзіцца наступны міф "Народнай Бібліі". Спачатку на свеце не было Зямлі, быў толькі бясконцы першародны акіян.

    Бог плаваў па ёй на чоўне і раскідваў пясок па воднай паверхні. Той адразу разрастаўся на вадзе і ператвараўся ў кавалкі кантыненту. Чорт таемна сунуў сабе ў рот жменю зямлі, але яна разразлася там: чорту зрабілася млосна, і ён пачаў плявацца. Куда ён пляваў, там раслі шкодныя, брыдкія травы, узнікалі балоты.

    У балцкай міфалогіі мае месца аналагічны хрысціянізаваны сюжэт. Бог (літ. Дзіевас) і чорт (літ. Велняс) убачылі пасярод першароднага акіяну пылавы віхор. Велняс прынес гэты пыл Богу, і той пачаў будаваць на воднай паверхні Зямлю[1]. Велняс таемна піхае сабе ў рот жменю пылу, і далей падзеі разгортваюцца гэтак жа, як і ў беларускім міфе.

    Сюжэт дахрысціянскага паходжання: у балцкай язычніцкай міфалогіі таксама існавала боства Дзіевас (Дзіеўс), якое было вярхоўным, а Велняс з'яўляўся апекуном свойскай жывёлы, які пасля прыходу хрысціянства трансфармаваўся ў Чорта. Сугучнасць імён Велняс і славянскага Вялес (таксама бог жывёлагадоўлі) наводзіць на думку, што ў дахрысціянскай версіі беларускага міфа ролю чорта выконваў менавіта Вялес.

    Гэтую версію памацоўвае іншы варыянт касмаганічнага міфа, у якім Спас (Хрыстос) ідзе па першапачатковым акіяне. Раптам падымаюцца хвалі, вада пачынае каламуціцца, уздымаецца вялікі вадзяны слуп, унутры якога знаходзіцца постаць прыгожага волата [2]. Слуп у дадзеным выпадку можа быць алегоряй матчынага чырава і каляплодных водаў.

    Спас дапамагае Волату вылезці з воднага слупа. Аказваецца, што гэта сам Сатана. У выглядзе водаплаваючай птушкі (у розных версіях сюжэту - лебедзя, качкі) ён накіроўваецца ўглыб акіяну і прыносіць са дна глею, з якога Спас будуе Зямлю. Волат, па некаторых меркаваннях, мае агульную этымалогію з імем Вялес (Волас)[3]. Аб з'яўленні самога памочніка-суперніца Бога-творцы распавядае іншы хрысціянізаваны міф.

    Бог падарожнічае па першаснаму акіяну і раптам бачыць пузыр, які плыве па вадзе. На пытанне "Хто ты?" з пузыра даносіцца адказ: "Бог". - "А хто ж я?" — "А ты над багамі Бог". Бог разарваў пузыр, і адтуль вылез Чорт[4]. Гэтыя легенды наогул пераклікаюцца са звесткамі фалькларыста П.П. Дземідовіча, паводле якіх беларусы лічылі, нібыта Зямля - гэта тонкая скура, якая пакрывае сусветны акіян.

    Менавіта ў гэтым касмічным першародным акіяне, які знаходзіцца пад Зямлёй, размешчана Пекла. Невялічкія глыбокія ямы, якія сустракаюцца ў полі, беларус заве «чортавымі вокнамі», і дзеці баяцца кідаць што-небудзь у гэтыя ямы ці мераць іх глыбіню, каб не дражніць чорта. Міф аб паходжанні беларусаў дае іншую касмаганічную карціну.

    Спачатку нічога не было, толькі адна мёртвая вада. Пасярод вады стаяў камень. Пярун пачаў біць па ім маланкамі, выбіў тры іскры - белую, жоўтую і чырвоную. У свеце ўсё скаламуцілася, а калі зноў пасвятлела, аказалася, што вада і зямля адасобіліся. Праз нейкі час з'явілася усялякае жыццё на зямлі і ў вадзе - рыбы, звяры, лясы, першы чалавек.

    І. Вуглік ацэньвае гэты міф як алегорыю кантакту паміж жаночым пачаткам (вада) і мужчынскім (агонь), альбо як матыў "першабытнага булёна", у якім узнікае жыццё пасля сутыкнення з электрычным разрадам[5]. Матыў гары пасярод першабытнага акіяну сустракаецца ў іншых народаў: у егіпецкім міфе бясконцая вада атачае гару, над якой узыходзіць Сонца Ра.

    Адна веснавая песня утрымлівае матыў, які можа злуаць абедзьве касмаганічныя версіі: У чыстым полі пад яваром Разгуляўся Юр'еў конь. Разгуляўся Юр'еў конь, Хвастом мора раскалыхаў. Хвастом мора раскалыхаў, Капытом камень разбіваў[6].

    Конь Юр'я - які ў хрысціянскім кульце святых выступаў пераемнікам бога ўрадлівасці і вясны Ярылы - здзеснівае адразу два касмаганічныя матывы: ускаламучванне першароднага акіяну і выбіванне іскарак з валуна. Некаторыя народныя песні сведчаць, што ў міфах аб стварэнні свету шырокі ўдзел маглі прымаць жывёлы, дакладней - птушкі.

    Адна з валачобных песен змяшчае наступныя радкі: "Галубы гудуць - цэркаў будуюць, З трыма вярхамі, з чатырма вокнамі. Першае ваконца - яснае сонца, Другое ваконца - ясны месячык, А трэцяе ваконца - ясная зорка. У чацвёртае ваконца салавей уляцеў, Салавей уляцеў, на прастоле сеў"[7]. Аналагічна ў міфе народаў Аляскі воран стварае Зямлю і першага чалавека.

    Зноскі 1. Jump up ↑ О статусе бога Велеса в свете балто-славянской мифологемы сотворения мира

    2. Jump up ↑ СЯРГЕЙ САНЬКО. ПЕРШАЯ ФАЗА КАСМАГЕНЭЗУ ПАВОДЛЕ ФАЛЬКЛЁРНЫХ КРЫНІЦ

    3. Jump up ↑ Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. — с. 87

    4. Jump up ↑ СЯРГЕЙ САНЬКО. ПЕРШАЯ ФАЗА КАСМАГЕНЭЗУ ПАВОДЛЕ ФАЛЬКЛЁРНЫХ КРЫНІЦ

    5. Jump up ↑ І.Вуглік. Беларуская касмагонія

    6. Jump up ↑ СЯРГЕЙ САНЬКО. ПЕРШАЯ ФАЗА КАСМАГЕНЭЗУ ПАВОДЛЕ ФАЛЬКЛЁРНЫХ КРЫНІЦ

    7. Jump up ↑ Міфалогія беларусаў: энцыкладпедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл. С. 555-556

    Крыніца: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%9A%D0%B0%D1%81%D0%BC%D0%B0%D0%B3%D0%BE%D0%BD%D1%96%D1%8F,_%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%BC%D1%96%D1%84%D0%B0%D0%BB%D0%BE%D0%B3%D1%96%D1%8F




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz