ДЗЕДАВІЦА

ДУБ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ДУБ

    Адно з найбольш шанаваных дрэваў у беларусаў і іншых індаеўрапейскіх народаў, у беларускай міфапаэтычнай мадэлі свету – сімвал вечнага жыцця. У Старажытнай Грэцыі ведалі пра свяшчэнны Д. Зеўса ў дадоне. Вядома значная культавая роля Д. у старажытнагерманскіх плямёнаў. У прусаў свяшчэнны Д. быў месцам пакланення тром багам, у тым ліку і богу навальніцы Пяркуну.

    У грамаце галіцкага князя Льва Данілавіча за 1302 г. як мяжа ўладанняў узгадваўся Перуноў Д. У жамойтаў (Літва) абрадавыя дзеянні, што ўлучалі звароты да Пяркунаса, адбываліся каля свяшчэннага Д. Існавала індаеўрапейская аснова *peru – са значэннем “дуб”, “лес”. Вядомы старалітоўскі рытуал здабывання агню дзякуючы трэнню адзін аб адзін кавалкаў дубовага дрэва (звычай звязваўся з Пяркунасам).

    У Дняпры і Дзясне (Україна) вядомыя знаходкі культавых дубоў дахрысціянскага часу з увагнанымі ў іх 9 сківіцамі дзіка. На славянскім свяцілішчы ў Грос – Радэне (Усходняя Германія) па перыметры стаялі дубовыя схематызаваныя ідалы. Як апісваў Візантыйскі імператар Канстанцін Парфірагенет (сярэдзіна X ст.), у час плавання на поўдзень русы прыносілі ахвяры Д. на дняпроўскім востраве Хорціца.

    У беларускіх валачобных песнях пры апісанні ідэальнага двара гаспадара згадваецца дом, пабудаваны з Д., а ў адной з купальскіх песняў – дубовая лазня, у якой, як мяркуецца, адбывалася пакланенне паганскай багіні. У многіх выпадках Д. у фальклоры фігуруе ў якасці Сусветнага дрэва, таму каля яго падножжа знаходзіцца Змей, а таксама воўна і іншыя рытуальныя прадметы.

    Змей можа хавацца ад бога навальніцы ў дупле, таму ў Д. часта б’юць перуны. Матыў змяі на воўне пад дубам выступае ў беларускіх замовах ад “гадзюкі, вужакі, сліўня”. У казках пра Кашча Несмяротнага пералічваюцца ўкладзеныя адзін у другі пад Д. рытуальныя сімвалы (куфар, заяц, качка, яйка, а ў ім – смерць Кашча). У легендах пра асілкаў Д. выступае як зброя асілка.

    Часам сустракаецца вобраз Сокала на дванаццаці Д., якога перамагае святы Ілля (хрысціянскі заменнік Перуна), ці згадваюцца змеі на трох Д. У латышскіх народных песнях вядомы Дуб Сонца, у які б’е бог навальніцы. Падобныя сюжэты прасочваюцца і ў літоўскіх песнях. Магчыма, Дуб Сонца трэба інтэрпрэтаваць праз супастаўленне з сімвалам Сонца над Сусветным дрэвам.

    У народных замовах адным з асноўных прынцыпаў кампазіцыі з’яўляецца адсылка хворага да таго часу, калі ён быў маладым і дужым, здаровым і гожым, г. зн. Да перыяду яго найвышэйшага фізічнага росквіту або да моманту нараджэння. Ангалагічным часаваму параметру ў замовах выступае локус прасторы, які адпавядае месцу першатварэння.

    Таму ў шматлікіх замовах лекар яўна кіруецца сам і адсылае і хворага да той прасторы, рытуальным цэнтрам якой з’яўляецца вячысты Д.: “Устану я рана-ранейка, памыюся-перахрышчуся. Пайду з дзвярэй у дзверы, з варот у вароты, выйду ў чыстае поле на ўсход сонца. Там стаіць дуб”. Займаючы першае месца ў традыцыйнай абраднасці, Д. сімвалічна ўвасабляў моц, сілу, мужчынскі пачатак. Пад пагрозай заўчаснай смерці яго забаранялася ламаць, секчы, зразаць.

    Затое ён як моцны энергетык дапамагаў лячыць захворванні спіны чалавека. Пачуўшы першы гром, трэба было спінай пацерціся аб Д. Універсальнасць архетыпу Д. як увасаблення Сусветнага дрэва выразна прасочваецца ў казках і загадках.

    У беларускім фальклоры вядомыя загадкі на такі сюжэт:

    “Стаіць дуб-старадуб,   

    На тым дубе-старадубе/

    Сядзіць пцічка-веранічка. 

    Ніхто яе не спаймае:

    ні цар, ні царыца,

    ні красна дзявіца”.

    “Пцічка-веранічка”, якая сядзіць на вершаліне дрэва, не што іншае, як Сонца, а верхняя частка Д. належыць Богу, свету, дабрыні і ведам. У іншых тэкстах гаворка ідзе пра тое, што “пцічка-веранічка” выступае сімвалам смерці (“ніхто ад гэтай пцічкі не адхрысціцца”). Менавіта на вершаліне Д. вісіць куфэрак, у якім прыхавана смерць Кашча Несмяротнага.

    Калі верхняя частка Д. сімвалізуе свет вечнасці, то яго карані адпавядаюць зоне захавання продкаў, зоне існавання хтанічнага свету. Каля каранёў знаходзіцца ўваход у “Трыдзевятае царства” – царства смерці. Відаць, з гэтай нагоды ў некаторых мясцінах Беларусі да свяшчэнных Д. прыходзілі на Радаўніцу, ахвяруючы дрэву пэўныя памінальныя стравы, а на яго галіназ развешвалі белыя льняныя ручнікі.

    У Беларусі назвы культавых дубоў – Асілак, Волат, Святы дуб, Добры дуб, Стары дуб, Перкуноў дуб, Вітаўтаў дуб, Дэвайціс (у перакладзе з літоўскай мовы – Божышча) ды інш. Шырока - вядомымі былі Д. Волат на Менскім капішчы, Д. блізу в. Царкавішча Ушацкага р-на, блізу в. Адэлькавічы на Слонімшчыне, на беразе ракі Мядзелкі ў Паставах.

    На галінках Д. вешалі ручнікі, да яго насілі ахвяраванні (грошы). На Палессі (Случчына, Тураўшчына) бытавала павер’е пра так званы ляны Д. (або лянівы Д.). Так, верагодна, называлі адзінокі Д. на лузе ці на полі. Ён вылучаецца тым, што на зіму не скідае лісце, а ўвесну распускаецца вельмі позна. Лічылася, што калі карова з’есць павука з такога Д., то без прычыны памрэ.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1442

    ЛЯСНЫ ВОЛАТ

    12.05.2009

    Дуб -- самае шануемае дрэва ў міфарытуальнай спадчыне ўсходнеславянскіх народаў. Ён сімвалізаваў моц, сілу, мужнасць і ўстойлівасць, таму ўяўляўся нашым продкам своеасаблівай сусветнай воссю, вакол якой рухаецца не толькі Зямля, але і ўвесь Сусвет. Моц яго драўніны спрыяла таму, што дуб стаў сімвалам бессмяроцця і даўгалецця.

    «Калі ў цябе баліць спіна, прыхіліся да дуба, ён табе дапаможа. Прыхіліся далонямі да яго цёплай, шурпатай кары, атрымаеш ад яго сілу непамерную. Выпі вады з крыніцы паблізу дуба”. Дуб займаў галоўнае месца ў спісе дрэў, якія так або інакш былі ўключаны у кантэкст рытуальна-абрадавай практыкі нашага народа.

    Часта каля дуба ставілі крыжы, вешалі на яго галінах ручнікі або іншыя рэчы ў якасці ахвярапрынашэнняў, каб ён дапамог спраўдзіць задуманае і загаданае. На працягу шматлікіх стагоддзяў дуб выступаў рытуальным цэнтрам свяцілішча. Шырока быў вядомы звычай, калі маладыя ехалі да старога дуба і тройчы па сонцы абходзілі яго, пасля чаго старэйшына абшчыны называў іх мужам і жонкай.

    З часу пашырэння хрысціянства адносіны да свяшчэннага дрэва не змяніліся. Пасля вянчання маладыя ехалі да дуба, каб іх жыццё было такім доўгім, як жыве гэта векавечнае дрэва. Лічылася, што жыццё маладых будзе шчаслівым, калі вясельны поезд тройчы па сонцы аб’едзе вакол адзінока стаячага дуба.

    Дуб заўсёды быў сімвалам мужчынскага пачатку. Калі нявеста хацела, каб у сям’і нараджаліся хлопчыкі, то у момант уваходу ў дом жаніха яна ціхенька гаварыла: «Каля двара дубочкі, а ў хаце сыночкі» Бабка-павітуха імкнулася абразаць пупавіну пасля нараджэння хлопчыка на дубовай плашцы, каб нованароджаны вырас дужым і здаровым.

    Пасля купання хлопчыка ваду таксама імкнуліся выліць пад дуб, каб немаўля доўга жыло. Нашы продкі верылі ў тое, што гэта свяшчэннае дрэва можа дапамагчы змадэліраваць жыццё чалавека і паўплываць на яго долю. На беларускім Палессі існаваў звычай пасля нараджэння дзіця пасадзіць дуб. Часам дзіця само павінна было пасадзіць малады дубочак, каб той рос, набіраў моц і прадказваў будучыню дзіцяці.

    Калі хлопчык падрастаў і пытаўся ў бацькоў, адкуль ён узяўся, то адзін з адказаў мог быць такім: “На дубе сядзеў і з дуба зваліўся!” Дуб выкарыстоўвалі і ў пахавальнай абраднасці. З яго выдзяўбалі калоды, а пазней рабілі труну або крыжы. З гэтай нагоды і ўзніклі цікавыя фразеалагізмы: даць дуба, адубець, глядзець у дуба.

    У асяроддзі ўсходніх славян шырока бытавала павер’е: дуб, які вырас ў двары, каля хаты ці дзе-небудзь на прысядзібным участку, “выжыве” гаспадара гэтага дома. Верылі ў тое, што, як толькі дуб вырасце і набярэ моц, з гаспадаром здарыцца бяда: дуб забярэ яго жыццёвую сілу. Казалі так: «Дуба колысь не саджалі, бо кажуць: як у гародзе е дуб, то ня будзе ў хаце гаспадара».

    З тых далёкіх часоў у народзе існавала забарона зразаць дубы. Лічылася, што любыя дзеянні, накіраваныя супраць свяшчэннага дрэва (зрэзаць, зламаць галінку, прынесці засохлае галлё на дровы, зняць кару) нашлюць няшчасці на таго чалавека і нават на яго суседзяў.

    У той жа час лічылі: «Хто будзе спаць на дубовых дошках, той будзе даўгавечны і здаравенны, як дуб». Калі вясной пачуеш першы гром, трэба было пацерціся спінай аб дуб -- не будзе ўвесь год балець спіна.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=32068




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz