ЗЯЛЁНАЯ (КЛЯНОВАЯ) СУБОТА (ЗЕЛЯНЕЦ, МАЙ, ЗЯЛЁНЫЯ СВЯТКІ)
Зялёная (Кляновая) субота (Зелянец, Май, Зялёныя святкі) – свята маладой зеляніны перад Сёмухай. Варажылі пра надвор'е. Асвячалі травы, абкурвалі хаты, жывёлу, каб не баяліся перуноў.
У Магілёўскай губерні сеялі каноплі, дзяўчаты хадзілі ў лес «завіваць вянкі» (Дамбавецкі, 1882). Гаварылі: «Не Зелянец вясны канец». Увага да зеляніны, а яна з'яўляецца дамінуючай, несуменна язычніцкая традыцыя.
Асвячэнне кветак і зёлак, упрыгожванне «маем» будынкаў і памяшкання, пляценне і нашэнне вянкоў, дзявочая варажба і іншыя абрадавыя рытуалы, «завіванне бярозак» падчас «кумлення» і абрадавай ежы, прысутнасць расліннай тэматыкі ў абрадавых песнях («Выхвалялася бярозка») – гэта сведчанні анімістычных уяўленняў нашых продкаў, што ідуць яшчэ з дахрысціянскай пары.
Вядомы прымаўкі: «Да Святога духа не скідай кажуха», «На Духа будзець цёпла і суха». У гэты дзень садзілі капусту, каноплі.
Алесь Лозка
|