ДЗЕДАВІЦА

ПОШАСЦЬ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ПОШАСЦЬ

    Чым толькі Пошасць ні скідаецца — то худою страшэннаю жанчынаю, то якой-небудзь жывёлінай, якая ходзіць па зямлі. Толькі ёй нельга скідацца птахам, бо тады б яна ўвесь свет загубіла, пералятаючы па паветры з вёскі да вёскі. Таму ходзіць Пошасць пешкі ды стараецца, каб якім-небудзь ашуканствам уехаць у вёску. А тут людзі то абаруць вёску ці акрэсляць яе смаляным з двух канцоў ожагам, а то па канцах вуліцы дзень і ноч кладуць агонь.

    Ды яшчэ не просты агонь, а жывы. Ніяк не можа паганая Пошасць пераскочьщь і цераз баразну ці цераз абчэрчаную мяжу. Сунецца яна пралезці па вуліцы, ды куды там — святы агонь пячэ, бы ў горне. Пошасць, як уваб'ецца, дык датуль не пакіне, пакуль усіх не перабярэ ды не ўложыць шмат людзей або жывёлы. Кожная Пошасць мае сваю любімую постаць, у якую яна скідаецца, калі ёй трэба падмануць людзей ды прабрацца на вёску. Ва ўсёй акрузе была вельмі вялікая Пошасць; людзі мерлі як мухі, толькі пакуль што трымалася адна веска.

    Знаходзілася яна далека ад Бога і ад людзей, схавалася за брадамі ды за балотамі. Па ўсёй акрузе смерць косіць старых і малых, быццам атаву з расою, а на гэтую вёску і забылася. Толькі вось ужо пад самую восень пачаў адзін чалавек на палянцы сеяць жыта. Пасеяў колькі Бог даў, пабаранаваў, палажыў барану на воз ды збіраўся ўжо ехаць дахаты.

    А тут выходзіць з лесу якаясь худая ды страшэнная жанчына і просіцца, каб ён падвёз яе на вёску. Перш чалавек не згаджаўся, кажучы, што на драбінах адна барана і няма на чым сядзець. А жанчына кажа, што нічога не трэба, што яна паедзе і на баране, абы толькі трохі ногі адпачылі. Наламаў чалавек галля, наклаў на воз, падсадзіў тую жанчыну ды патарахцеў дахаты.

    Пад'ехаў ён да сваей хаты, а тая жанчына хуценька саскочыла з воза ды кажа: — Дзякуй табе, чалавек, што ты мяне сюды прывёз. Сказала так і тут жа знікла. А гэта была Пошасць. Пайшла ж яна касіць людзей, пайшла класці, што не ўпраўляліся хаваць. А хату чалавека, які яе прывёз у вёску, мінула. Вось тады і здагадаўся ён, што сам прывёз тую Пошасць.

    Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/67.htm

    ПОШАСЦЬ І ПАМОРАК

    Некалі даўно быў вельмі добры адзін год: добрая восень, роўная зіма, а вясна цёплая, пагодная. Уночы ідзе ціхенькі, цёплы дожджык, а ўдзень ясна свеціць сонейка ды так грэе, што, здаецца, пасадзі на полі дзіця, дык і тое вырасце. Усё расце на полі, як на дражджах. Рады людзі, што даў Бог ураджай: усё зрадзіла. Ідзе адзін чалавек па лесе, бачыць: сядзіць на пні якаясь вельмі гожая маладзіца і трымае ў прыполе сноп жыта, ды такога буйнога, якога той чалавек яшчэ ніколі не бачыў.

    Падышоў ён бліжэй — аж маладзіца плача ды сваімі доўгімі валасамі ясныя вочкі ўцірае. Адгарнула маладзіца валасы і адкрыла грудзі. Бачыць чалавек: вуж упіўся ў самую цыцку і ссе маладзіцу. Хацеў чалавек забіць таго вужа, але маладзіца толька прамовіла: — Вялікі ўраджай, ды не будзе каму спажываць. I знікла.

    Прыйшоў чалавек у сяло і расказвае, які бачыў цуд. Спужаліся людзі. Чакаюць Пошасці ці Паморку. I вось аднойчы вечарам лавілі дзецюкі рыбу і заначавалі каля ракі на грудку. Сядзяць яны каля агню ды пякуць рыбу. Ноч ціхая, толькі чуваць, як рыба плюхаецца ў рацэ. Узышоў месяц. Бачаць яны — аж за ракою падышлi да берага нейкія дзве вельмі страшныя бабы. Косы ў іх расплеценыя, твары цёмныя як зямля, толькі вочы блішчаць.

    Падышлі яны да ракі і просяць дзецюкоў, каб перавезлі іх на другі бераг. Здагадаліся дзецюкі, што гэта не бабы, а Пошасць на людзей і Паморак на жывёлу. Спалохаліся дзецюкі і давай кідаць у іх галавешкамі. Хацелі тыя бабы перш па кладцы перайсці цераз раку, але як убачылі агонь, спалохаліся і пайшлі назад. Праз нейкі час даведаліся людзі, што за ракою пайшла Пошасць ламаць людзей, а Паморак касіць свойскую жывёлу.

    Пачалі яны дзень і ноч класці з усіх канцоў сяла агонь, каб не падпусціць погані блізка. Толькі так і ўратавалі сваё сяло. Многа памерла людзей, многа прапала жывёлы. Толькі к зіме трохі хваробы атаймаваліся. От з тае пары і давай людзі класці агонь ды рабіць куродым, як пачуюць, што Пошасць падыходзіць.

    Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/66.htm




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz