ДЗЕДАВІЦА

ВУЖ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ВУЖ

    Паводле народнай класіфікацыі належыць да разраду гадаў, уяўляе сабой мужчынскі персанаж міфалагічных паданняў. Да пары гаду была “гадыня” – так называлі гадзюку, напрыклад, у Мядзельскім р-не. Дарэчы, там слова “гад” ужывалася толькі ў пераносным сэнсе і азначала благога, злога чалавека.

    У іншых мясцінах В. называлі ўсіх паўзуноў – і вужоў, і гадзюк. У гэтым сэнсе вельмі паказальнай з’яўляецца замова “ад вужакі”, дзе ўсе паўзуны зведзены як бы ў адну сям’ю : “ Выйду я за вароты, гляну ў чыста поле. У чыстым полі на сінім моры стаіць дуб.

    Што на тым дубе – залатое гняздо, што ў тым гняздзе – вуж-вужаніца і гад-гаданіца, і ўсім вужам-гадам царыца. Не будзеш ты сваіх вужоў-гадаў збіраць, не будзеш ты ім гразу даваць: паспешных, крапіўных, махавых, балатавых, гнаявых, падкалодных, межавых, земляных, не будзеш ты іх збіраць, не будзеш ты ім гразу даваць.

    Будзе ехаць Пётр і з пярунам, і з маланнёй. Маланнёю будзе паліць, пярунам будзе гразу даваць, на сінім камені галовы адсякаць. Вуж гад, слівень – гад, гад – гаданіца, вуж – вужаніца, вазьмі сваё жала, вазьмі Алены боль”. Беларускія міфалагічныя паданні сведчаць, што ў беларусаў было асаблівае стаўленне да В., якое нагадвала стаўленне да бусла.

    Інфарматары, калі хацелі падкрэсліць асаблівую архаічнасць побыту нашых продкаў, расказвалі, што некалі людзі трымалі В. у хатах пад печчу, і калі наступала пара палуднаваць і карміць дзяцей ( у вялікіх сем’ях дзяцей кармілі асобна ад дарослых, пасадзіўшы іх на падлозе вакол вялікай міскі са страваю), тады В. смела выпаўзаў са свайго сховішча і еў разам з дзецьмі.

    Дзеці часам адпіхвалі яго, білі лыжкай па галаве, аднак В. не кусаў іх, не крыўдзіўся. В. спецыяльна ставілі ненакрыты збан малака, каб ён мог свабодна падмацавацца, калі хацеў. Калі ж В. жылі ў хляве, то ссалі малако ў кароў, і гаспадары не мелі нічога супроць гэтага.

    В. быў ахоўнікам гаспадаркі і ў пераносным сэнсе, як магічны сімвал і непасрэдна як знішчальнік дробных грызуноў, што непакоілі жывёлу, маглі занесці хваробу, знізіць яе прадуктыўнасць ( як тая ласка – хлеўнік, што “ ганяе” жывёліну ўначы, злізваючы яе салёны пот, з чаго тая худзее, дае меней малака і да т. п.). Нездарма забаранялася трывожыць ці забіваць такога В. – даільшчыка.

    Карова да яго прывыкала, была спакойнай, а без В. пачынала непакоіцца, трывожыцца ды пераставала даваць малако. Перакананне, што карова будзе больш прадуктыўнай, калі яе сцеражэ В., існуе ў многіх народаў. Як і бусел, В. мог прадказваць гаспадарам бяду, пагрозу стыхіі. Існавала паданне, як у ясны летні дзень В. са сваімі дзецьмі выпаўз з хлява і пакінуў падворак.

    Людзі ўстрывожыліся, думалі, што незнарок пакрыўдзілі свайго В. Неузабаве на небе з’явілася хмарка, грымнуў гром, ударыў пярун, і абора згарэла (Мядзельскі р-н). Сыход В. быў гаспадару папярэджаннем, перасцярогай. Паданне “Літоўскі вуж” апавядае, што вужы дапамагаюць гаспадару ў бядзе, вышукваюць у падзямеллях для яго грошы.

    Калі такі В. канаў, з яго тлушчу рабілі свечку, якая пры неабходнасці магла склікаць на дапамогу цэлае вужовае войска на чале з вужовым каралём. А. В. Гура прыводзіў звесткі, што на Палессі і цяпер В. называюць “ дамавіком”, стараюцца не крыўдзіць. Аналагічна славакі лічаць яго гаспадаром дому – gazda domu.

    Беларускае слова “ пачвара”, што мае адпаведнік у санскрыце “ паці вара” – гаспадар вара ці гаспадар дому, магчыма, таксама датычыла некалі В., а потым набыло негатыўны сэнс. Акрамя дамавых вужоў былі вужы палявыя.

    Узаемадачыненні паміж імі адлюстроўвае палескае паданне, якое апавядае, як чалавек забіў на полі В. і пачуў нейкі голас, які загадваў яму, калі прыйдзе дамоў, сказаць дамавому, што няма палявога. Чалавек пераказаў гэтае здарэнне жонцы, і пасля яго слоў выпаўз В., укусіў чалавека за нагу, з чаго той адразу памёр.

    Падобны да нагаданага сюжэт занатаваны У. М. Дабравольскім на Смаленшчыне: там памерла “ паляха” перадала журботную вестку сваёй прыяцельцы “ дамасе”. В. уваходзіць у міфалагічны сюжэт пра паходжанне зязюлі, адсюль і ўяўленне пра зязюльку як жонку забітага мужа – В., і што гэтая адвечная птушка – ўдава паруецца часам з В. Пра В. існуе паданне, што яны ідуць на зіму ў вырай, як птушкі, прытым па дарозе нюхаюць усе расліны.

    Варта чалавеку адразу пасля В. панюхаць тую расліну, як ён ператворыцца ў В. Як і птушкам, ім назначаны час пачатку і канца зімоўкі ( ад Узвіжання да Благавешчання). Першую ўбачаную гадзюку ( мажліва, і В.) лавілі, сушылі, давалі каровам, каб ніхто не “ сапсаваў” жывёліну, не “ўрабіў” чаго благога.

    Цяпер нават сельскія жыхары не адрозніваюць В. ад гадзюкі, часта знішчаюць і тых, і другіх. Раней В. быў абераганы і шанаваны. Цікава, што ў казачных сюжэтах В. практычна адсутнічае, значыць, існавала нейкае табу на зніжаны паказ яго вобраза, як, напрыклад, ваўка, мядзведзя ды іншых жывёл.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/612




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz