ДЗЕДАВІЦА

КАМЕННЫ КРЫЖ БЛІЗ ВЁСАК ПАЛАЧАНЫ І ЯХІМОЎШЧЫНА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КАМЕННЫ КРЫЖ БЛІЗ ВЁСАК ПАЛАЧАНЫ І ЯХІМОЎШЧЫНА

    Каменны крыж, які ляжыць на скрыжаванні дарог бліз вёсак Палачаны і Яхімоўшчына, што ў 18 кіламетрах ад Маладзечна. Крыж гэты паклонны і вельмі шануецца ў народзе ўжо не адно стагоддзе. Вось што распавядае пра яго паданне: «Гэта было даўным-даўно. Эканому панскай сядзібы ў Яхімоўшчыне прысніўся незвычайны сон.

    Быццам прыходзіць да яго каменны крыж, а быў ён непадалёк - на яхімоўскім балоце, і гаворыць: «Перавязі мяне на крыжавыя дарогі». Прачнуўся эканом і забыўся на недарэчны сон, бо і так было шмат іншых клопатаў. А ў наступную ноч зноў сніцца той жа камень-крыж і зноў ужо не просіць, а загадвае: «Перавязі мяне на крыжавыя дарогі!» На раніцу пайшоў эканом да пана і расказаў яму пра свой дзіўны сон.

    Пан здзівіўся, але даў коней і падводу, каб перавезці незвычайны камень на крыжавыя дарогі. Калі ўсё было зроблена, і камень паўстаў на скрыжаванні, ён пачаў прыцягваць да сябе навакольных людзей. Хто б ні ішоў ці ні ехаў, усе абавязкова спыняліся каля каменя, хрысціліся і кланяліся яму.

    А ў Вялікую Пятніцу да каменнага крыжа ішлі ўсе жанчыны з навакольных вёсак, каб пакласці ахвяраванні: грошы, яйкі, лён ці проста акрайчык хлеба. Так заўсёды рабілася для падарожных і вандроўных людзей. Але даведаўся пра незвычайны камень ксёндз з вёскі Аборкі і загадаў сваім прыхаджанам, каб тыя перавезлі гэты камень да касцёла. Ксёндз думаў толькі пра адное «Будзе вялікая ахвяра».

    Паехалі мужчыны на конях і хацелі зрушыць камень з месца, ды не здолелі. Тады ксёндз загадаў запрэгчы валоў і перацягнуць камень-крыж жывёлай. Але і валы не дапамаглі людзям. Так дзіва-камень і застаўся на тым самым месцы, дзе яго паклалі. Неўзабаве каля яго выраслі дзве цудоўныя ліпы.

    І гэта яшчэ больш прываблівала падарожных: можна было пасядзець у цяньку, захінуўшыся ад спякоты, ці пастаяць пад густой лістотай, каб перачакаць дожджык. А то і спыняліся людзі, заміралі ў спакоі, заглядваліся на навакольную прыгажосць, зачараваныя непаўторным водарам квітнеючых дрэў. У хуткім часе гэтая мясціна стала любімай для жыхароў усіх навакольных вёсак.

    Людзей быццам цягнула сюды неверагодная сіла. І з цягам часу людзі пачалі заўважаць, што і сапраўды ёсць у камені такая сіла. Прайшла чутка, калі тройчы абысці каменны крыж і памаліцца, то ўсе хваробы, ад якіх пакутаваў чалавек, знікаюць, і ён пачынае адчуваць сябе як бы народжаным наноў…

    А былі такія часы, калі казалі наступнае. Некалі французы, якія ваявалі на нашай зямлі, закапалі пад гэтым каменем 60 пудоў золата. Было шмат жадаючых адкапаць скарб. Капалі каля крыжа і пад крыжам, нават адсоўвалі яго, а крыж быццам і не думаў супраціўляцца, адступаў убок і толькі мудра назіраў, што адбываецца.

    Усім сваім выглядам ён казаў: «Людзі, людзі, не тое і не там шукаеце». Дзіўна, але кожны раз пасля такіх пошукаў каменны крыж зноў аказваўся на сваім ранейшым месцы. І да сённяшнягя дня ўзвышаецца гэтае дзіва прыроды - камень-крыж - каля дарогі Палачаны-Яхімоўшчына. Відаць, і сёння ён дапамагае добрым і сумленным людзям пазбавіцца ад пакут нездароўя.

    Вось толькі замест дзвюх ліп засталася адна. Што здарылася з другім дрэвам, не памятаюць нават старажылы, якія, дарэчы, многа чаго прыгадваюць і могуць цікава пра гэта распавесці. Толькі дайсці ці даехаць трэба да тых мясцін і людзей. А гасціннасць іх незвычайная...»

    Крыніца: http://pawet.net/library/history/bel_history/dk/39/Таямніцы_каменных_валуноў.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz