ПЯТРОЎКА
Пост у праваслаўных перад святам апосталаў Пятра і Паўла, якое святкуецца 29 чэрвеня с. ст. http://rv-blr.com/dictionary/show/18649
ПЯТРОЎКА
Пятровіца, Пятроўскi пост, якi пачынаўся адразу пасля свята Сёмухi i заканчваўся на Пятра. Зваўся ён у народзе «Пятроўка галадоўка», бо восеньскiя запасы ў сялян ужо заканчвалiся, а новы ўраджай яшчэ слаба мог накармiць («Стары хлеб паелi, а новага не нажалi»). П. выклiкала асаблiвую незадаволенасць у мужчын, якiя называлi гэты пост «бабскiм», нiбыта выдуманым жанчынамi ад неразумення iмi цяжкой фiзiчнай працы касцоў у гэты перыяд, бо «хто ў П. сена не косiць, той зiмой у сабак просiць». Але паколькi святы Пётра ўспрымаўся вельмi строгiм, які не дапускаў на неба нiводнага, нават найхiтрэйшага, грэшнiка, то парушальнiкам посту ён мог адпомсцiць частым дажджом на наступныя пасля свята тры тыднi. Праўда, пры гэтым гразь у П. абяцала ўлетку добры ўраджай. На Вiцебшчыне iснавала легенда, згодна з якой Хрыстос загадаў пасцiць перад Пятром 12 дзён па колькасцi сваiх апосталаў, i таму мясцовыя жыхары пасцiлi толькi апошнiя 12 дзён. У першы ж дзень П. (так, як i ў Вялiкi пост) раiлi пiць гарэлку: верылі, што праз гэта каровы будуць малочныя. А тым, хто не разгавеецца па завяршэннi посту сырам i маслам (згодна з прыказкай «Жджы Пятра сыр з'ясi»), абяцалася не дачакацца такога ж разгавення праз год. Калi ж Пётра прыпадаў на сераду цi пятнiцу (посныя днi), то разгавенне пераносiлася на наступны дзень. На Гомельшчыне ў такiм разе казалі, што Павел адабраў карову ў Пятра, i таму ў яго няма нi малака, нi сыру i няма чым разгаўляцца. Пастухоў адорвалi на свята Пятра рознымi малочнымi прадуктамi. У П. трэба было драць лiпы на лыка, бо пазней кара перасыхае. Паводле назiранняў сялян Усходняга Палесся, менавiта на П. вужы ў вялiзнай колькасцi выпаўзаюць i наведваюцца ў жылыя будынкi: «У П. вужы з усяго лесу сходзяцца к людзям у госцi».
http://mifijslavyan.ru/stories2/251.htm